Юныя мастакі патанчаць ля вялізнага палатна, намазаўшы рукі і ногі фарбай

Унікальны праект распачаўся на базе віцебскага Музея Марка Шагала і дзіцячай мастацкай школы № 1. Гэта міжнародная летняя школа мастацтваў, у якой бяруць удзел школьнікі з Віцебска, Даўгаўпілса і Нінбурга, а таксама моладзевая танц-кампанія "Дыялогі" з Гомеля.

У адрозненне ад традыцыйных пленэраў, цягам гэтага праекту юныя мастакі і танцоры вучацца разумець адно аднаго менавіта праз малюнак ды танец.

Спачатку падлеткі стварылі малюнкі паводле вершаў Сяргея Ясеніна ды Давіда Сімановіча, потым танцоры з "Дыялогаў" увасаблялі работы, што ім спадабаліся, у пластыцы.

Наступным днём усё змянілася: юныя мастакі малявалі асацыяцыі, што засталіся ў іх пасля канцэрта сучаснай харэаграфіі.

У пятніцу, 24 жніўня, усе 30 навучэнцаў гэтай незвычайнай школы павінны стварыць палатно памерам 6х1,5 метра. Удзельнікі "Дыялогаў" будуць танчыць ля вялізнага палатна, намазаўшы рукі і ногі фарбай, а юныя мастакі - афармляць гэтыя спантанныя мазкі.

Міжнародная школа мастацтваў праводзіцца у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Мастацтва без межаў - папулярызацыя памежнай культурнай індустрыі праз мастацтва Марка Шагала і Марка Ротка".

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі