Ярнбомбінг, бег на абцасах і спаборніцтвы немаўлятак (фота)

У суботу Гомель адсвяткаваў Дзень горада. У розных раёнах прайшлі як новыя, так і традыцыйныя ўжо акцыі ды конкурсы.

Акцыя “Ярнбомбінг”, альбо “Вязаны бум”, праходзіла ў межах дзеяння сямейнай пляцоўкі. Кожны мог далучыцца да абвязвання дрэваў, ліхтароў ды іншых прадметаў гарадскога пейзажу, а таксама паўдзельнічаць у супольным стварэнні вязанага шаліка.

Традыцыйна ў Дзень горада ў Гомелі праходзіць “Бег на абцасах”. Дзяўчыны ўзростам не менш за 18 гадоў і ў абутку з абцасам (не менш за 7 сантыметраў) пераадольваюць дыстанцыю ў 60 метраў. Сёлета галоўным прызам, за які змагаліся ўдзельніцы, быў ноўтбук.

Зладзілі ў Гомелі конкурс і для тых, хто пакуль яшчэ не бегае, а толькі поўзае: у Навабеліцкім раёне спаборнічалі немаўляткі.

У Савецкім раёне сваёй чарговай калекцыяй работ у стылі стымпанк здзівілі Яўген Харытоненка і Аляксандр Брабус: робат-музыка, прадметы мэблі ды іншае. Найбольшай папулярнасцю ў мінакоў карыстаўся аўтарскі матацыкл.