Ярмошына пра скандал з бюлетэнямі: Назіральніка трэба пазбавіць акрэдытацыі

Ярмошына пра скандал з бюлетэнямі: Назіральніка трэба пазбавіць акрэдытацыі

Скандал з бюлетэнямі ў Брэсце пракаментавала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. У каментары парталу TUT.by чыноўніца заявіла, што назіральнік парушыў закон і яго трэба пазбавіць акрэдытацыі. 

Як распавядала Еўрарадыё, назіральнік Юрый Вашчанчук зняў на відэа дзяўчыну, якая ішла да скрыні для галасавання. Мужчына сцвярджае, што ў руках у дзяўчыны быў стос бюлетэняў. Калі ён здымаў, старшыня камісіі параіла дзяўчыне сысці з участка для галасавання. Пазней высветлілася, што дзяўчынай была Анастасія Кулічкова, якая працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку. А старшыня выбаркама — дырэктарка таго самага садка Таццяна Мосіна.

Ярмошына заяўляе, што вінаваты найперш назіральнік: "Ён здзейсніў злоснае парушэнне закона і грамадзянскай, і выбарчага. Па-першае, нікога нельга здымаць — ні дзяўчат, ні юнакоў — без іх згоды. Здымаць на выбарчым участку можна толькі са згоды старшыні ўчастковай камісіі. Нельга круціцца каля скрыні для галасавання. І тым больш нельга патрабаваць штосьці ў грамадзян. Ён што, участковы оперупаўнаважаны, каб яму дэманстравалі, што ў іх знаходзіцца ў руках?"

Таксама Ярмошына выказала сумнеў у тым, што было паказана на відэа. "Мы не ведаем, што ў яе было ў руках", — кажа старшыня ЦВК. 

Яна падкрэслівае, што выбарчая камісія выдала дзяўчыне толькі адзін бюлетэнь, што пацвярджае і сам назіральнік. "Таму тут інсінуацыі. Больш за тое, я магу сказаць, што ў нас, бывае, грамадзяне апускаюць не толькі бюлетэні, але і петыцыі ў скрыні для галасавання, каб яны дайшлі. Таму тут гэта ўсё на ўзроўні здагадак, створаны скандал, прычым створаны скандал па віне назіральніка", — мяркуе чыноўніца.

Журналісты спыталіся, ці не варта зрабіць скрыні для галасавання празрыстымі, каб не было пытанняў наконт таго, хто колькі бюлетэняў кідае. Ярмошына адказала, што гэта залежыць ад мясцовых бюджэтаў, бо рэспубліканскі бюджэт не вылучае на гэта грошы. "Там, дзе грошы ўклалі — Гродзенская вобласць сёлета за кошт мясцовага бюджэту мяняла скрыні для галасавання, і яны там напаўпразрыстыя, на тэрыторыі Віцебска гэта амаль паўсюдна. Альбо гэта мясцовыя ўлады з бюджэту вылучаюць сродкі, альбо спонсарскія ўнёскі, альбо самі ўчасткі ствараюць падобныя скрыні для галасавання", — патлумачыла старшыня ЦВК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі