Якія абяцанні з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі разбіліся аб рэальнасць

Галасаванне на выбарчым участку

У 2015 годзе кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму. Яна называлася "За будучыню незалежнай Беларусі". Прайшло амаль пяць гадоў, і не за гарамі новыя выбары. А значыць, самы час азірнуцца і паглядзець, якія абяцанні Лукашэнка выканаў, а якія не.

У першай частцы — эканоміка і дзяржкіраванне.

Эканоміка

Чаканне: "Умацаванне даверу да беларускага рубля".

Рэальнасць: +. Паводле штогадовага "Статистического бюллетеня" Нацбанка, беларусы сталі захоўваць прыкметна больш грошай на рублёвых укладах. Пры гэтым доларавыя дэпазіты скараціліся амаль у два разы. Акрамя таго, на працягу многіх месяцаў беларусы прадавалі больш замежнай валюты, чым куплялі.

Чаканне: "Устойлівы рост золатавалютных рэзерваў".

Рэальнасць: +. Паводле статыстыкі НБРБ, у 2015 годзе ў рэзервах у нас было 4175,8 млн долараў ЗША. Цяпер 7882,9 млн долараў ЗША. ЗВР выраслі, але пакуль што не да ўзроўню трохмесячнага імпарту, які лічыцца бяспечным.

Чаканне: "Эмісія грошай у строгай адпаведнасці з патрэбай эканомікі, якая не прыводзіць да росту цэн".

Рэальнасць: +-. Шырокая грашовая маса ў параўнанні з 2015 годам вырасла з 32,0 млрд да 49,7 млрд. Але з двухзначнай інфляцыяй манетарныя ўлады справіліся.

Чаканне: "Рашучая барацьба з манапалізмам з мэтай забеспячэння сумленнай канкурэнцыі на рынку і зніжэння цэн".

Рэальнасць: +-. У 2016 годзе Мінгандлю стала Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю — "адзіным антыманапольным органам". У рэестры суб'ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, у 2016 годзе было 574 арганізацыі. Цяпер — 856.

Чаканне: "Павышэнне эфектыўнасці бюджэтных расходаў, уключаючы аказанне дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам незалежна ад формаў уласнасці на раўнапраўнай аснове".

Рэальнасць: -. Стратных прамысловых арганізацый у Беларусі за пяцігодку стала больш. І падтрымка дзяржпрадпрыемстваў з бюджэту не знікла. Ці могуць на яе разлічваць прыватнікі? Сітуацыя добра ілюструецца фразай Лукашэнкі пра падтрымку малога бізнесу ва ўмовах пандэміі: "Ніхто нікому нічога не дасць. А калі хтосьці хоча, каб яму далі, хай скажа: дзе гэта ўзяць?"

Чаканне: "Скарачэнне знешняга дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладаць нашы даўгі на будучыя пакаленні".

Рэальнасць: -. Па звестках Міністэрства фінансаў, на 1 лістапада 2015 года знешні дзяржаўны доўг Беларусі складаў $12,489 млрд. Да 1 траўня 2020 года ён вырас да 16,6 млрд. На "будучыя пакаленні" Лукашэнка перакладае на $4 млрд знешняга доўгу больш, чым было пяць гадоў таму.

Новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі

Чаканне: "Увядзенне на дзяржаўных прадпрыемствах сістэм карпарацыйнага кіравання на аснове найлепшай сусветнай практыкі".

Рэальнасць +-. Сфармаваны рэестр незалежных дырэктараў, якія могуць увайсці ў назіральныя саветы беларускіх ААТ. У той жа час улады захоўваюць і сур'ёзна разглядаюць магчымасць "трымаць эканоміку на ручным кіраванні".

Чаканне: "Прыцягненне вядучых сусветных кампаній у Рэспубліку Беларусь для рэалізацыі праектаў з высокай дабаўленай вартасцю".

Рэальнасць: +-. Пад Мінскам будуецца кітайскі тэхнапарк "Вялікі камень", але гэта, мабыць, адзіны прыкметны поспех уладаў па "прыцягненні вядучых сусветных кампаній".

Чаканне: "Інтэграцыя найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў у міжнародны фінансавы рынак".

Рэальнасць: -. Ні адна буйная дзяржкампанія не выйшла на IPO. Размовы пра тое, каб вывесці на IPO завод "БелАЗ", ідуць з 2010 года, але воз і цяпер там.

Эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне

Чаканне: "Істотнае павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы, удасканаленне падбору дзяржаўных служачых".

Рэальнасць: +. Быў створаны кодэкс дзяржслужачага. У 2015 годзе сярэднямесячны заробак у дзяржслужачага ў Беларусі — Br834,9. У 2020-м — Br1321.

Чаканне: "Радыкальнае скарачэнне залішніх, дублюючых функцый дзяржаўнага кіравання, кантрольных і праваахоўных органаў".

Рэальнасць: +-. Па афіцыйных звестках, Адміністрацыя прэзідэнта і цэнтральны апарат МУС сур'ёзна ўціснуліся. Праўда, праверыць гэтыя звесткі немагчыма. У той жа час у Беларусі застаецца цэлыя 24 міністэрствы.

Чаканне: "Пашырэнне пераліку дзяржаўных паслуг для грамадзян з выкарыстаннем электроннай дыстанцыйнай формы".

Рэальнасць: +. Запрацаваў адзіны партал электронных паслуг, пачаў працаваць асабісты кабінет МУС.

Чаканне: "Далейшая дэбюракратызацыя сістэмы кіравання".

Рэальнасць: +-. Праводзяцца "прамыя тэлефонныя лініі" з чыноўнікамі, працуе праграма "Адно акно". Але пра тое, як змяняецца колькасць дзяржслужачых, меркаваць складана. У 2017 годзе іх было 188,8 тысячы — або 4,3% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы.

Чаканне: "Непрымірымая барацьба з карупцыяй".

Рэальнасць: -. Паводле статыстыкі Вярхоўнага Суда, у 2019 годзе за карупцыйныя злачынствы было асуджана 1007 чалавек. Гэта разы ў два больш, чым было пяць гадоў таму. Карупцыя не проста нікуды не знікае, але і пранікае ў новыя сферы. Самыя гучныя справы апошніх гадоў звязаныя з медыцынскімі дзяржзакупкамі, гандлем цукрам, тэлекамунікацыйнымі паслугамі.

Прыцягненне інвестыцый, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу

Чаканне: "Забарона на павышэнне старых і ўвядзенне новых падаткаў на працягу пяці гадоў. Любыя змены падаткаў — толькі ў бок змяншэння і спрашчэння".

Рэальнасць: -. Не развязаны пытанні з "падаткам на дармаедаў" і "дарожным зборам". У студзені 2020 года ўведзены "экалагічны падатак" на транзіт нафты. Раслі акцызы на цыгарэты і на аўтамабільнае паліва.

Чаканне: "Удасканаленне кантролю за функцыянаваннем бізнесу, выключэнне любых формаў неправамернага ўмяшання ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў".

Рэальнасць: +-. У лістападзе 2017 года прыняты дэкрэт "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які спрасціў многія працэсы, але не развязаў малому бізнесу рукі. Летась з Крымінальнага кодэкса выключана лжэпрадпрымальніцтва.

Чаканне: "Скарачэнне ўсіх відаў і формаў справаздачнасці, укараненне міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці".

Рэальнасць: +-. Прадпрымальнікі па-ранейшаму пакутліва запаўняюць дэкларацыі ў Internet Explorer. З іншага боку, у новай рэдакцыі закона "Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці" запланавана пашырэнне кола арганізацый, абавязаных складаць фінансавую справаздачнасць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Чаканне: "Забеспячэнне безумоўных гарантый правоў прыватнай уласнасці".

Рэальнасць: -. Інстытут прыватнай уласнасці за 5 гадоў не атрымаў прыкметнага развіцця. Прадпрымальнікі скардзяцца на адсутнасць эфектыўнай судовай абароны.

Чаканне: "Развіццё паўнавартаснага фінансавага рынку, паэтапная лібералізацыя руху капіталу, свабодная купля-продаж акцый прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці".

Рэальнасць: +-. Фондавы рынак у Беларусі так і не з'явіўся. Але затое з мінулага года юрыдычныя асобы могуць без дазволу Нацбанка праводзіць валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу, а фізічныя асобы — адкрываць рахункі ў замежных банках без дазволу Нацбанка.

У другой частцы тэксту мы разбяром абяцанні, якія Аляксандр Лукашэнка даваў у 2015 годзе па сацыяльнай сферы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.