Як за год змянілася жыццё беларусаў, якія з'ехалі і якія засталіся ва Украіне

Ірпень пасля баёў / rbc.ua​
Ірпень пасля баёў / rbc.ua​

З пачатку вайны ва Украіне прайшоў цэлы год. Многім беларусам, якія вымушаныя былі шукаць прытулку ў гэтай краіне пасля выбараў прэзідэнта ў 2020-м, у мінулым лютым зноў давялося бегчы ў іншыя краіны. Некаторыя з іх, нягледзячы на ўсе цяжкасці і пагрозу жыццю, усё ж такі вырашылі застацца.

Еўрарадыё паразмаўляла з тымі, хто з'ехаў, і з тымі, хто дагэтуль жыве ва Украіне, і даведалася, як за год змянілася іх жыццё.

“У нас кацёл уключаецца прыкладна з такім жа гукам, як ляціць снарад, мяне гэта трыгерыць”

Сям'я Анастасіі вымушаная была з'ехаць з Беларусі ў 2021 годзе. Вырашылі, што застануцца ва Украіне, знялі дом пад Кіевам.

— Вайну мы сустрэлі ў Ірпені, — расказвае дзяўчына. — Праседзелі дзевяць дзён пад абстрэламі. З'ехаць удалося толькі 4 сакавіка. За мяжу не выязджалі, правялі тры месяцы ў невялікім мястэчку пада Львовам. Калі актыўныя баявыя дзеянні пад Кіевам скончыліся, вярнуліся туды. Мужу хоць часам трэба прысутнічаць у кіеўскім офісе.

Анастасія кажа, што новае месца жыхарства выбіралі па крытэрах бяспекі. Каб побач не было ніякіх ваенных аб'ектаў, прадпрыемстваў і аб'ектаў крытычнай інфраструктуры.

— Асталяваліся ў Абухаве. Пажылі тры месяцы ў сяброў, потым знялі кватэру.  У Ірпені мы жылі ў доме, і нам яго вельмі не хапае. Але тут мы дзейнічалі з практычных меркаванняў. Кватэра каштуе ў два разы танней, чым дом. Плюс адмовіцца ад яе прасцей чым ад дома: дастаткова паведаміць гаспадарам за месяц. На той момант мы не ведалі дакладна, застанёмся ці не, не было ясна, як вырашыцца пытанне з маім ВНЖ. У гэтай кватэры і жывём.

Па словах Анастасіі, пасля абстрэлаў яна дагэтуль баіцца гучных гукаў.

— У нас кацёл уключаецца прыкладна з такім жа гукам, як ляціць снарад. Мяне гэта трыгерыць. Асабліва калі кацёл заводзіцца падчас сірэны. Страшна трошкі, — прызнаецца суразмоўніца.

Таксама яна расказвае, што пасля 24 лютага 2022 года жыццё яе сям'і прыкметна змянілася. Памянялася стаўленне да некаторых рэчаў.

— Мы з мужам не страцілі працу — ні я, ні ён. Хоць мяне двойчы пераводзілі з адной пасады на іншую. Узровень даходу ў нас таксама захаваўся. А вось курс долара ва Украіне змяніўся. І паколькі зарплаты прывязаныя да долара, наш рэальны даход упаў. Даволі доўга ў нас былі складанасці з карткамі. Пасля пачатку вайны беларусам заблакавалі рахункі. Працэс разблакавання быў доўгі і моташны і скончыўся для мяне толькі ў жніўні. Мужу разблакавалі раней.

На шчасце, у нас былі карткі ў некалькіх банках. І з аднаго з рахункаў грошы мы паспелі раскідаць па сябрах. Жылі на іх. Потым кампанія мужа знайшла спосаб плаціць яму зарплату. Мой наймальнік таксама знайшоў рашэнне.

Было вельмі цяжка атрымаць паўторны ВНЖ. Муж атрымаў. А я — толькі ў канцы снежня мінулага года. Хоць дакументы былі пададзеныя ў верасні. У мяне была адмова ў выдачы, потым адмова па апеляцыі.

Потым, =кажа Анастасія, апеляцыю чамусьці вырашылі перагледзець і задаволіць яе запыт. "І святы Мікалай прынёс пад ялінку падаўжэнне ВНЖ".

— Што яшчэ змянілася? Перастала траціць грошы на абнаўленне гардэроба, на тавары для дома. Таму што ў Ірпень мы прывезлі вельмі вялікую колькасць рэчаў з Мінска. І 90% гэтых рэчаў зніклі. Дома нашага няма, туды трапіла некалькі снарадаў, і ён цалкам згарэў.

Цалкам магчыма, што нам зноў давядзецца здымацца з месца, таму рэчамі мы не абрастаем. Хоць я збірала вінтажны посуд. У мяне была прыгожая калекцыя ёлачных цацак. Вельмі любіла такія рэчы і з задавальненнем траціла на іх грошы. Цяпер гэтага няма.

Змянілася стаўленне да спажывання. Адзіная калекцыя, якую я аднаўляю, — гэта калекцыя дзіцячых кніг. У нас згарэла больш за 100 тамоў. Мы, калі ў сакавіку з'язджалі, узялі з сабой літаральна пяць кніжак. Я вельмі шкадую, што сярод іх не было ніводнай беларускай. Дакладна памятаю, што збірала стос беларускіх кніг, але, падобна, проста пакінула іх у перадпакоі.

Насамрэч людзям трэба мала рэчаў. І цяпер наша жыццё можна змясціць у 3-4 валізкі.

Как за год  изменилась жизнь уехавших и оставшихся в Украине белорусов

Яшчэ адна змена — сям'я цяпер не падарожнічае як раней. Хоць вельмі любіць паездкі.

— Нават па краіне не асабліва падарожнічаем. Таму што гэта небяспечна. Хоць за час вайны мы тройчы ездзілі ў Карпаты. Гэта вельмі прыгожае месца, я яго люблю.

А яшчэ Анастасія кажа, што ў яе кардынальна памянялася ўспрыманне паняцця "дом": раней яна была прывязаная да месца і лічыла, што дом — гэта менавіта месца.

— Цяпер я разумею, што дом — гэта людзі. Дом там, дзе твая сям'я, — кажа суразмоўніца. — А яшчэ мы цяпер вельмі цэнім рэчы, якія раней здаваліся само сабой зразумелым. Цяпер гарачая вада — гэта раскоша. Магчымасць працаваць са святлом — гэта раскоша. Хадзіць вечарам па асветленай вуліцы, без ліхтарыка — гэта раскоша. Магчымасць прыгатаваць гарачую ежу — гэта таксама раскоша.

Нам пашанцавала, мы жывём, можна сказаць, у курортных умовах. Пасля масіраванага абстрэлу 10 кастрычніка, калі пачалі бамбіць ЦЭЦ, аб'екты інфраструктуры, у нас былі перабоі з электрычнасцю. Максімальна святла і вады не было паўтара дня. Потым мне кампанія купіла бесперабойнік на 2 кВт. І мы ад яго засілкавалі ўсю кватэру. Таму электрычнасць у нас ёсць.

У нашым доме знаходзіцца рэстаран. І яго ўласнік ад генератара засілкаваў помпу — у доме з'явілася вада. Ад гэтага ж генератара правайдар засілкаваў сваё абсталяванне, і ў нас з'явіўся інтэрнэт. А ў кагосьці такой раскошы няма.

Наконт змены стаўлення звычайных украінцаў (не дзяржаўных ведамстваў і службаў) да беларусаў пасля пачатку вайны Анастасія кажа, што за год толькі тройчы сутыкалася з негатывам з гэтай нагоды.

— Першы — гэта 4 сакавіка, у дзень эвакуацыі, на адным з блакпастоў. Стомлены вайсковец сказаў мне, што нас усе ненавідзяць. Другі выпадак — на мяжы з Адэскай вобласцю. Міліцыянт таксама прачытаў нам лекцыю, якія мы кепскія. Але да таго часу мы таксама ўжо адгадавалі зубкі і падыскутавалі з ім досыць прадуктыўна. І трэці — гэта наша сяброўка, якая не разумела, як мы ў Беларусі не змаглі нешта спыніць. Мы таксама трохі яе адукавалі па сучаснай гісторыі Беларусі. Нам удалося яе пераканаць. Больш негатыўнага стаўлення я не сустракала.

Пакуль пераязджаць з Украіны сям'я Анастасіі не збіраецца. Прынамсі, да канца навучальнага года ў школьнікаў. Хоча, каб у дзіцяці скончылася вучоба.

Акрамя таго, дзяўчына бачыць дастаткова шмат плюсаў у жыцці ва Украіне. Па-першае, узровень жыцця, які яе сям'я можа сабе дазволіць, значна вышэйшы, чым быў бы ў нейкай іншай краіне. Па-другое, адсутнасць моўнага бар'ера, ды і ў цэлым усё зразумела. Па-трэцяе, магчымасць дапамагаць.

З мінусаў, акрамя відавочных, суразмоўніца называе тое, што большасць беларусаў, з якімі яна год таму камунікавала ва Украіне, усё-такі з'ехала.

“Могуць абстраляць і жылыя дамы, тут ніхто не застрахаваны ад смерці”

Вольга жыве ў Кіеве з сакавіка 2021 года. Кажа, што калі паўстала пытанне з пераездам з Беларусі, то яна нават не думала, у якую краіну паехаць. Проста сабрала рэчы, села на аўтобус і паехала ва Украіну.

— Спачатку я хацела жыць у Львове. Мне заўсёды падабаўся гэты горад. Але калі прыехала туды і пачала шукаць працу, зразумела, што ў Кіеве больш магчымасцяў, і праз месяц паехала туды. Вельмі хутка знайшла адносна недарагое жыллё. Гэта гасцінка, але для адной мяне цалкам дастаткова. Я і цяпер тут жыву, — расказвае дзяўчына. — Насамрэч мне вельмі пашанцавала з гаспадаром. Калі пачалася вайна, ён мне амаль удвая знізіў арэнду. Каб мяне выселіць праз тое, што я беларуска, гаворкі нават не ішло. Я валанцёрыла ў сакавіку, красавіку і траўні. Ён усяляк падтрымліваў мяне: то падвозіў, то грошай падкідваў, бо ведаў, што я і прадукты іншым людзям купляю, і шмат чаго яшчэ.

Как за год  изменилась жизнь уехавших и оставшихся в Украине белорусов

Дзяўчына расказвае, што пасля пачатку вайны яна нават не задумвалася пра тое, каб з'ехаць у іншую краіну. Па-першае, таму, што другі пераезд яна "проста маральна не перажыла б". Па-другое, нават калі б яна і наважылася, наладжваць жыццё на новым месцы ёй проста не было б на што, бо амаль усе зберажэнні ў яе захраслі на рахунку ва ўкраінскім банку. Працаваць дыстанцыйна яна не можа. Значыць, давялося б яшчэ і новую працу шукаць.

— Заробак за гэты год у мяне, вядома, знізіўся. Плюс прадукты ва Украіне значна падаражэлі. Але мне ўсё роўна майго заробку хапае на ўсё неабходнае. А вось у той жа Польшчы я на такія грошы проста не выжыву, нават жыллё не здыму. Ды і кола зносін маё мне тут падабаецца. На працы мне вельмі дапамагалі атрымаць новы від на жыхарства. Не без бою, але атрымалася.

Вольга кажа, што ўжо даўно прывыкла да паветраных трывог, ведае, як дзейнічаць у выпадку бамбёжкі. У яе сабраны заплечнік на выпадак, калі давядзецца хутка бегчы ў бамбасховішча.

— Як паказвае практыка, могуць абстраляць і жылыя дамы. І тут ніхто не застрахаваны ад смерці. Але я ўсё ж спадзяюся, што дажыву да канца вайны.

Жыццё моцна змянілася. Дома заўсёды стаіць вада, набраная ў вёдры, ёсць некалькі зараджаных паўэрбанкаў. Свечкі цяпер — гэта не нешта рамантычнае, а прадмет першай неабходнасці.

У нас бывалі перабоі з электрычнасцю. Толькі апошнім часам усё стабільна. У кватэры ў мяне мора батарэек, два ліхтарыкі. Ёсць стратэгічны запас прадуктаў, якія няхутка псуюцца. І вось пералічваю гэта, здаецца, што нічога асаблівага і не кажу. Але калі ўдумацца, што ўсё гэта кажа чалавек, які жыве ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі, і гэта для яго гучыць як норма... Робіцца не па сабе.

За год Вольга выязджала з Кіева толькі адзін раз, да сяброў у Львоў. Яна лічыць, што лепш быць бліжэй да дома, да месца, дзе ты добра арыентуешся і ведаеш што рабіць у выпадку чаго.

— Можа, гэтым летам я паспею зрабіць сабе візу і паехаць куды-небудзь у Еўропу. Але лепш бы, вядома, у Беларусь як мага хутчэй. Да мяне прыязджалі бацькі ў снежні 2021-га. І гэта быў апошні раз, калі я іх бачыла. Сумую вельмі. Праз нестабільны інтэрнэт часам нават стэлефанавацца не атрымліваецца, увесь час нешта перарываецца.

Вольга кажа, што пасля змены ўлады яна адназначна вернецца дадому. “Я вельмі люблю Украіну і людзей, якія тут жывуць. Але Беларусь усё роўна больш", — падсумоўвае суразмоўніца.

“Я ператварылася з суперэкстраверта ў нейкага пустэльніка”

Кацярына з'ехала з Украіны праз тыдзень пасля пачатку вайны. Кажа, што спалохалі яе нават не ракеты, а вельмі неадназначнае стаўленне да беларусаў, якія жылі на тэрыторыі краіны.

— Не, з боку звычайных украінцаў кепскага стаўлення не было. Мае сябры засталіся маімі сябрамі, суседзі не перасталі вітацца. Але я дапускала, што нас могуць пачаць арыштоўваць, пазбаўляць ВНЖ, цягаць на допыты. І Украіна, як ні круці, мела на гэта права. Таму я сабрала валізу і паехала са знаёмымі.

Как за год  изменилась жизнь уехавших и оставшихся в Украине белорусов

На той момант Кацярына працавала на беларускую кампанію, якая рэлакавалася ў Польшчу. Таму яна з'ехала ў Варшаву.

— Мне падабалася Варшава, я раней бывала тут. Але як краіну для жыцця я яе ніколі не разглядала. Уласна, таму ў 2020 годзе я і з'ехала жыць у Адэсу, а не сюды. Першы час было вельмі цяжка. Месяцы тры ў галаве не ўкладалася, як можа быць цяпер сапраўдная вайна. Здавалася, што ўсё вось-вось скончыцца, і я вярнуся. Паралельна з усімі гэтымі думкамі і апатыяй давялося шукаць кватэру, збіраць дакументы для легалізацыі і г. д.

Крыху лягчэй мне стала толькі летам, калі ў госці прыехалі мая мама і сястра. Два тыдні з імі значна палепшылі мой стан. Але ў бытавым плане мне тут усё яшчэ цяжка. Я яшчэ кепска ведаю мову. Англійская і нямецкая мяне тут не вельмі ратуюць. Новыя законы і правілы. Даводзіцца разбірацца зноў абсалютна з усім.

Таксама Кацярына кажа, што ёй у Польшчы не хапае камунікацыі і месцаў, куды можна пайсці, каб адпачыць.

— Я тут камунікую толькі з беларусамі і ўкраінцамі. З маіх знаёмых сюды пераехала не так шмат. Спрабавала знаёміцца з палякамі, але, зноў жа, усё ўпіраецца ў моўны бар'ер: маёй польскай мала, каб свабодна камунікаваць, а англійскую на высокім узроўні мала хто ведае.

Ва Украіне я займалася танцамі. Тут не магу знайсці прыдатную студыю. У пары была на пробных занятках, але гэта наогул не тое. Узровень не той. Яшчэ мы з сяброўкай ва Украіне часта на ўсякія майстар-класы хадзілі. Тут усё на польскай, таму ніякага толку ад заняткаў няма.

Я ператварылася з суперэкстраверта ў нейкага пустэльніка. Уся гэта атмасфера, якая зусім мне не падыходзіць, моцна адбіваецца на маім псіхалагічным стане. Хаджу да псіхолага. Яна дае мне парады па наладжванні жыцця тут. Але ў мяне няма сіл нешта рабіць.

У матэрыяльным плане, як кажа суразмоўніца, у яе нічога не змянілася. Яна цяпер зарабляе больш. Плюс наймальнік часткова аплачвае жыллё.

— Грошай мне хапае. Адкладаю цяпер значна больш, чым раней. Таму што траціць стала менш. Адзінае, на што выдаткоўваю больш, — гэта на падарожжы. Ва Украіне была куча іншых заняткаў, неяк асабліва нікуды не цягнула. А цяпер і білеты танныя проста купіць, і часу больш. Нядаўна лёталі з сяброўкай у Стамбул.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі