Як бы ўдзельніцы Pussy Riot жылося ў беларускай жаночай калоніі?

Удзельніца гурта Pussy Riot Надзея Талаконнікава ў сваіх лістах з-за кратаў распавядае пра нечалавечыя ўмовы працы ў расійскай папраўчай калоніі №14.

“Уся мая брыгада ў швейным цэху працуе па 16-17 гадзінаў за дзень. З 7:30 да 0:30. Сон — у лепшым выпадку чатыры гадзіны за дзень. Выхадны здараецца адзін раз за паўтара месяцы. Амаль усе нядзелі — працоўныя”.

Талаконнікава піша пра сістэму жорсткіх пакаранняў і псіхалагічны ціск на вязняў, якія амаль бясплатна вымушаныя выконваць шалёныя працоўныя нормы:

“Змучаная, заторганая, брудная асуджаная, якая марыць толькі пра сон і глыток гарбаты, становіцца паслухмяным матэрыялам у руках адміністрацыі, якая разглядае нас выключна ў якасці бясплатнай працоўнай сілы. Так, у чэрвені 2013 мой заробак склаў 29 (дваццаць дзевяць!) рублёў. Пры гэтым у дзень брыгада адшывае 150 паліцэйскіх касцюмаў. Куды ідуць грошы, атрыманыя за іх?”

Закон абавязвае зняволеных працаваць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. Артыкул 98 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ кажа, што “кожны асуджаны да пазбаўлення волі абавязаны працаваць у месцах і на працах, вызначаных адміністрацыяй папраўчых установаў”.

Якія ўмовы і працоўныя нормы ў беларускіх зняволеных? Можа, усё яшчэ больш жорстка, чым у мардоўскай ПК-14? Павел Севярынец, які толькі-толькі вызваліўся з калоніі-пасялення ў Пружанскім раёне, сцвярджае, што сітуацыя нечым нагадвае расійскую. Але права на тое, каб працаваць у меру, усё ж можна адстаяць:

Павел Севярынец: “Расклад такі: у 6 пад’ём, у 10 адбой. Гэта ў камендатуры. У 8 трэба быць на працы, гэта ў трохстах метрах ад камендатуры. З самага пачатку я сказаў, што буду працаваць паводле Працоўнага кодэксу. Гэта значыць — з 8 да 17, і субота-нядзеля выхадныя. Я адзіны, хто працуе па такім распарадку. Не толькі ў нас на працы, але, я так разумею, з усіх “хімікаў”. Астатнія, як можна здагадацца, працуюць значна болей”.

Паводле слоў іншага палітвязня Валерыя Леванеўскага, у Беларусі за кратамі працуе зусім не кожны:

“Магчыма, у некаторых калоніях і ёсць нейкія нормы. Але, падкрэсліваю, у нас не хапае працоўных месцаў. А такі панятак, як “нарматыў”, вось колькі я быў у калоніях, дык і ўвогуле не існуе. Адно працоўнае месца размеркаванае адразу на некалькі чалавек, і там неабходна проста адбыць працу”.

Ёсць у Беларусі і запатрабаваныя вытворчасці, якія знаходзяцца за кратамі. Напрыклад, адносна танную мэблю, вырабленую ў івацэвіцкай калоніі №5, разбіраюць, як гарачыя піражкі. Ложкі адтуль стаяць у адным з новых мінскіх хостэлаў.

Еўрарадыё адшукала беларускую жаночую калонію, якая, таксама як і ПК-14, дзе сядзіць Талаконнікава, шые вопратку для сілавых структураў. Яна знаходзіцца ў Гомелі і мае №4.

“Гэта швейная фабрыка. Мы шыем больш за 250 найменняў вырабаў. Верхняя вопратка, працоўная вопратка, для сілавых структур”, — распавядаюць Еўрарадыё ў адміністрацыі ўстановы.

У калоніі распавядаюць, што іх швейная фабрыка “абсалютна нічым не адрозніваецца” ад звычайных і “абсталяваная найноўшым тэхнічным абсталяваннем. Най-ноў-шым”. Нормы выпрацоўкі тут ёсць, як і на кожнай вытворчасці:

“Асобы, якія ўтрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі, абавязаныя працаваць. Норма… Норму яны абавязаныя выконваць на 100%, гэта ж натуральная справа”.

Віцебская прадпрымальніца Святлана Дваярынава вызвалілася з ПК-4 у канцы 2000-х. Яна распавядае Еўрарадыё, што ў беларускай калоніі ўмовы больш лагодныя, чым тыя, пра якія піша Надзея Талаконнікава.

Святлана Дваярынава: “Сказаць, што прымушалі працаваць па 24 гадзіны за суткі, — не, такога не было. Працуюць там у дзве змены. Адзін выхадны. Усё залежыць ад загрузкі: калі загрузка ёсць, дык прымушаюць працаваць і звышурочна”.

Згодна са словамі Дваярынавай, норму выконваюць далёка не ўсе брыгады. Але ніякіх санкцыяў за гэта не прадугледжана. Хіба што плацяць яшчэ менш, чым звычайна:

“Вядома, працы не хапае, бо столькі супрацоўнікаў МУС і іншых сілавых структур у нас няма, і не трэба столькі формы, колькі маглі б пашыць зняволеныя ў гэтай калоніі. Таму 2-3 брыгады працуюць, атрымліваюць заробак. Там і нормы, і ўсё астатняе. А ўсе астатнія… Так, нормы даведзеныя. Але яны не выконваюцца, і за гэта ніхто нікога не чапае”, — распавядае Еўрарадыё Святлана Дваярынава.

Пры гэтым вытворчасць застаецца прыбытковай, бо плацяць зняволеным капейкі. Што праўда — нашмат больш за 29 рублёў, пра якія піша Талаконнікава. Але параўноўваць заробкі канца 2000-х з сённяшнімі некарэктна: пасля дэвальвацыяў 2009 і 2011 года нашы рублі — ужо зусім не тыя, што былі тады.

Фота: www.ridus.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі