Як у Беларусі вераць у Джа? (Фотарэпартаж)

Аказваецца, у Беларусі ўжо гадоў дзесяць як існуе рэгі-фестываль. Але граюць там толькі беларускія каманды. Фэст пад назвай “In Jah We Trust” адбыўся на выходных ў мінскім клубе “Стэп”, куды запрасілі выступіць чатыры беларускія рэгі-гурты: Аддис Абеба, Трайвер Лету, Botanic Project і Тёплые вещи.



Еўрарадыё пацікавілася ў Папы Бо, аднаго з арганізатараў фэсту, як ставіцца да такога лайн-апу: гэта зоркі ці “ўсё, што ёсць”?

Папа Бо
быў шчырым: “Ну, рэгі не вельмі развітае ў Беларусі, таму гэта амаль усё, што ёсць”.



Сціпла. Але знойдзем час усіх прадставіць:

Аддис Абеба. Сонечнае рэгі з Мінску, але калісьці з Гомеля.

Botanic Project (чытайце інтэрв'ю на Еўрарадыё) — гурт з Маладзечна. Добрыя вакалы ў хлопцаў. Дарэчы, апошнім часам імі вельмі зацікавіліся ў Расіі.

Тёплые вещи — стары склад гурта Аддис Абеба, калі яны яшчэ былі ў Гомелі.

Трайвер Лету — даволі стары мінскі калектыў, які мала дзе грае, пераважна для сябе. Але ў іх музыка вартая ўвагі.



Рэгі-фестываль, як мы ўжо казалі, называўся In Jah We Trust (анг. — мы верым у Джа). Людзей туды прыйшло даволі шмат, ці вельмі шмат, ці занадта шмат (цяжка ацаніць іх колькасць, але танцпляцоўка была поўная і мякка калыхалася ў рытм музыкі).



Еўрарадыё вельмі захацелася высветліць, як жа вераць у Джа беларусы? Але наведвальнікаў мы не чапалі, пайшлі адразу ў грымёрку да артыстаў.



Музыкі не разумелі, чаго мы ад іх хочам:

“Як? In Jah we Trust? Не, у Джа мы не верым, мы ж не растаманы, мы праваслаўныя”, — ляніва адказалі Аддис Абеба.



“Ой, а мы і не ведаем як гэта мерапрыемства называецца. Нас хлопчыкі запрасілі, вось мы і прыехалі. А з верай у Гомелі ў нас усё ў парадку, усе чакаюць прыходу вясны, проста прыходу і каб апошні снег сыйшоў”, — сказалі Тёплые вещи.



Прыйшлося зноў ісці за тлумачэннямі да Папы Бо. Чаму “In Jah We Trust”?

“Ды такое мусіць быць напісана на доларах! І на беларускіх рублях. Пад пірамідай Хеопса з вокам. Пад бібліятэкай з вокам”, – адказаў Бо.





Натхніўшыся гучным слоганам, мы зноў вярнуліся ў залу, дзе ўсе па-ранейшаму танчылі з усмешкамі на твары, і дзе па-ранейшаму паказвалі фільм пра ямайскіх музыкаў “The Rockers”...

Як, мы нічога яшчэ не сказалі пра гэты фільм? Частыя наведвальнікі беларускіх рэгі-канцэртаў кажуць, што відэа гэта ўжо “зацёрлі да дзірак”. І скардзіліся, што дзіўна падчас вечарыны глядзець проста фільм, з субцітрамі, а не віджэй-сэт.



Яшчэ адзін цікавы факт: аказваецца, шмат беларускіх ды-джэяў і клабераў (аматараў электроннай музыкі розных стыляў), таксама вераць у Джа. Як яшчэ патлумачыць іх масавы прыход на гэты рэгі-фэст, мы не ведаем.

Як і не ведаем, чаму так мала замежных рэгі-калектываў запрашаюць у Мінск. Уласнае рэгі ў нас мо і не развітае, але слухаць яго любяць.



Папа Бо зноў-ткі патлумачыў: “Нам нават для таго, каб адбіць мясцовыя гурты, трэба сабраць поўны клуб, таму ні пра якія прывозы мы ўжо не кажам”.

Але калі Еўрарадыё папрасіла Бо памарыць, ён расцёкся ва ўсмешцы і сказаў: Марыць? Марыць будзем пра Mano Chao, The Wailers i Lee Scratch Perry, пакуль яшчэ жывыя”.



Фота: Tarantino

P.S. А вось вазьміце калі і завітайце на сапраўдны рэгі-фестываль у Кёльн. Называецца ён Summer Jam.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі