Як тэатры паставіліся да пастановы, якая рэгулюе колькасць спектакляў?

Днямі Савет Міністраў выдаў пастанову, якая вызначыла мінімальную колькасць мерапрыемстваў на год для беларускіх установаў культуры "рэспубліканскай формы ўласнасці". Такім чынам, з 1-га студзеня 2011 года Беларускі цырк мусіць даваць не менш за 140 прадстаўленняў на год, а тэатры, якія атрымліваюць фінансавыя дапамогі за кошт бюджэту, — не менш за 280. Але, як распавёў дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павал Палякоў, 280 пастановак для яго не праблема: тэатр ужо цяпер нашмат перавышаюць гэты мінімум.

Павал Палякоў: "Калі шчыра, то з малой сцэнай каля 400 мерапрыемстваў на год. Новая сістэма для мяне чымсьці нагадвае еўрапейскую мадэль фінансавання тэатральна-глядацкіх арганізацый. Прыбіраюцца сацыяльныя білеты, па-іншаму фармуюцца фонды. Калі мы самі зарабляем грошы і можам накіроўваць гэтыя сродкі, напрыклад, на павелічэнне заработнай платы, то мы і самі зацікаўленыя ў большай колькасці мерапрыемстваў".

Такое ж стаўленне да пастановы і ў дырэктаркі "Белдзяржцырка" Таццяны Бандарчук. Яе арганізацыя таксама ладзіць больш за 300 мерапрыемстваў на год. Праўда, гэта не толькі цыркавыя выступленні, але і канцэрты сусветнавядомых зорак. Ды ўвогуле, такія нормы, на думку Таццяны, проста неабходныя ў нашай краіне, бо большаць кіраўнікоў установаў культуры, так бы мовіць, спяць і іх трэба пастаянна стымуляваць.

А вось дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек не разумее, чаму яго тэатр прыраўнялі да драматычных. На думку Яўгена Клімакова, дзіцячым установам культуры нашмат складаней выконваць такія нормы, а таму ён не разумее, чаму цяпер усіх прыраўнялі.

Яўген Клімакоў: "У нас ёсць свая спецыфіка. Дзеці летам не вучацца, яны з'язджаюць да бабуляў-дзядуляў, і выступаць няма для каго. Самае большае, што мы выконвалі, гэта 250 спектакляў. А цяпер ставяць 280 і прапануюць яшчэ зарабіць для сябе звыш нормы”.

Спадар Клімакоў дадаў, што ўвогуле не разумее адкуль узяліся такія лічбы.

Яўген Клімакоў: “Я не ведаю, як гэта распрацоўвалася, які міжсабойчык там збіраўся. Напрыклад, я старшыня савета дырэктараў тэатраў лялек Беларусі, і нікога з нас не збіралі і ні з кім на гэты конт размоў не вялося. Атрымліваецца, што зноў нехта наверсе сабраўся і нешта вырашыў. А чаму 280? Чаму не 320?..”.

Праўда, адкуль узяліся менавіта такія лічбы, растлумачыў дырэктар Купалаўскага Павал Палякоў:

“Ёсць каляндарны год — 365 дзён, мінус выхадныя, мінус святы, мінус адпачынак, вось і атрымліваецца прыкладна 280 працоўных дзён. Вось у гэтыя дні і павінны праходзіць нейкія мерапрыемствы. Ёсць яшчэ спасылкі. У сувязі з рэканструкцыяй ці форс-мажорнай сітуацыяй гэта можна карэктаваць у Міністэрстве культуры”.

Рэгіянальныя драматычныя тэатры таксама ўжо цяпер перавыконваюць норму. Напрыклад, па словах дырэктара Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандра Козака, пакуль яму складана штосьці каментаваць, але ўжо цяпер у іх атрымліваецца каля 350 спектакляў на год.

Аляксандр Козак: “Мы цяпер запаўняем табліцы, падлічваем — усё ў працэсе працы. Але пакуль нам гэта яшчэ не даведзена, таму я нічога не магу сказаць. Ведаеце, пастановаў у нас заўсёды шмат, а тэатр як жыў, так і будзе жыць”.

Варта адзначыць, што з наведвальнасцю ў тэатраў праблем няма, і нават калі павялічыць колькасць паказаў, то людзі ўсё роўна будуць хадзіць. Але паводле слоў Эдуарда Герасімовіча, дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, паменшыць запоўненасць залі могуць толькі замежныя зоркі.

Эдуард Герасімовіч: “Выклікае ў нас перасцярогу колькасць людзей, якія прыязджаюць на гастролі. Глядач, вядома, заплаціць горшы за прыезджую зорку і няважна якой яна якасці. Ён жа лічыць, што сваіх заўсёды ўбачыць. Яму галоўнае сказаць, што ён бачыў нажыва акцёра, які медыйна раскручаны. І ўжо з меншым задавальненнем ён аддасць грошы ў касы мінскіх тэатраў”.

Дададзім, што падобныя нормы атрымалі і дзяржаўныя канцэртныя арганізацыі. Пры наяўнасці сваёй сцэнічнай пляцоўкі яны мусяць ладзіць не менш за 60 мерапрыемстваў на год, а пры яе адсутнасці — не менш за 44.

Фота: theatregiftvouchers.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі