Як рэзалюцыя Еўрапарламента можа паўплываць на Беларусь?

На мінулым тыдні еўрадэпутаты прынялі ўжо шостую рэзалюцыю па Беларусі з пачатку 2008 года. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, які сэнс маюць гэтыя рэзалюцыі і чым адрозніваецца іх змест Рэзалюцыі Еўрапарламента не маюць абавязковай сілы. Тым не менш, ускосна ўплываюць на прыняцце рашэнняў Еўрапейскай Камісіяй і Саветам ЕС. Гэтыя інстытуты не могуць ігнараваць меркаванне Еўрапарламента, які набывае ўсё большы ўплыў у структуры ЕС. Апрача таго, чыноўнікі Еўракамісіі абавязаныя прадстаўляць перад Еўрапарламентам справаздачы і адказваць на пытанні дэпутатаў. Да таго ж, рэзалюцыі Еўрапейскага Парламента даюць зразумець беларускім уладам, што сітуацыя пад кантролем еўрачыноўнікаў, адзначае палітолаг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец
: “Можа яны і не абавязковыя для беларускіх уладаў. Але яны ёсць важным маральным арыенцірам. Вельмі важна, каб у ЕС была інстытуцыя, якая усебакова ацэньвае развіццё падзеяў і агучвала праблемныя моманты. Калі не казаць пра гэта беларускім уладам, яны палічаць, што ўсе пагадзіліся з актуальным станам рэчаў”.

Да  таго ж, у канцы кожнай з рэзалюцыяў маецца асобны пункт, у якім Прэзідэнту Еўрапарламента даручаецца пераадрасаваць тэкст рэзалюцыі нават Генеральнаму Сакратару ААН. Такім чынам, міжнародная супольнасць знаходзіцца ў курсе развіцця адносін ЕС і Беларусі.

Па змесце Рэзалюцый Еўрапарламента ў 2008-2009 магчыма прасачыць як мяняюцца адносіны да Беларусі ды жыццё ў краіне
У апошняй рэзалюцыі Еўрапарламент пастараўся рэальна ацаніць усе змены, і ў яго гэта вельмі добра атрымалася, лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Алесь Лагвінец: “Мне падаецца, што апошняя рэзалюцыя  рэалістычная. Яна кажа  пра станоўчае. Даволі добра паказваюцца магчымасці далейшага супрацоўніцтва. Там адназначна паказваецца, што Беларусь чакаюць у еўрапейскай сям'і вольных народаў. У той жа час ўзгадваюцца гарачыя пытанні, тыя праблемы, якія ёсць і тыя факты, якія аддаляюць нашую краіну ад еўрапейскіх стандартаў”

Напрыклад, апошняя рэзалюцыя настойліва заклікае арганізаваць адкрытае расследаванне па фактах нядаўніх гвалтоўных выкраданняў маладых актывістаў, таксама па факце смерці актывіста апазіцыі Валянціна Доўнара. Згадваецца і пра выключэнне Таццяны Шапуцькі з універсітэта па палітычных прычынах, нерэгістрацыю БХД і «Вясны», адмову ў акрэдытацыі тэлеканалу «Белсат».

Апошнія дзве рэзалюцыі заклікаюць улады перагледзець справы з гвалтоўным закліканнем у армію актывістаў Франака Вячоркі, Івана Шылы і Зміцера Хведарука.

У снежаньскай  рэзалюцыі Еўрапарламент таксама адзначае, што Беларусь будзе запрошаная паўнавартасна  ўдзельнічаць у Еўранэсце, толькі калі ў  Беларусі адбудуцца  свабодныя і справядлівыя парламенцкія выбары. Да гэтага часу будуць ужытыя часовыя  захады. Цікава, што менавіат гэты пункт выклікаў вельмі нервовую рэакцыю беларускіх дэпутатаў. Алесь Лагівнец мяркуе, што гэта своеасаблівая гульня ўладаў.

Алесь Лагвінец: “Гэта частка вялікай гульні уладаў, яны імкнуцца жыва і энергічна рэагаваць на тое, што адбываецца, каб хоць нешта выгандляваць.”

Цікава  таксама прасачыць змену тону Еўрапарламента. Абедзве рэзалюцыі пачатку 2008 года выразна крытычныя: першым пунктам маюць "глыбокае расчараванне тым, што сітуацыя ў Беларусі з дэмакратыяй, правамі чалавека і вяршэнствам права не паляпшаецца". Найбольш аптымістычная, хіба, рэзалюцыя студзеня 2009 года. З 18 пунктаў у пяці Еўрапарламент вітае добрыя крокі Беларусі. Колькасць пунктаў, у якіх Еўрапарламент асуджае, глыбока расчараваны, альбо настойліва заклікае беларускі ўрад да чагосьці, у два разы меней, у параўнанні з рэзалюцыяй траўня 2008 года. Праўда, рэзалюцыі красавіка і снежня куды менш аптымістычныя, куды болей выражаецца расчараванне хуткасцю прагрэса ў Беларусі.

Фота: finfacts.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі