Вы тут

Як развальваецца Жлобінскі лядовы палац — адзіны недабудаваны ў краіне

Тэлеграм-канал Nexta

Праграма будаўніцтва лядовых палацаў у Беларусі перарвалася на ўзлёце. З 52 запланаваных паспелі пабудаваць толькі 31. Астатнія адклалі да лепшых часоў, якія пакуль не наступілі.

Усе лядовыя палацы на момант згортвання праграмы ці дабудавалі, ці нават не пачалі будаваць. Усе, акрамя аднаго. Выключэнне, якое красамоўна сімвалізуе крах айчыннай праграмы падтрымкі хакея, знаходзіцца ў Жлобіне.

Тутэйшы “лядовік” не могуць дабудаваць ужо амаль 10 гадоў. На момант, калі пляцоўку пакінуў апошні будаўнік, арэна была гатовая прыкладна напалову. Там-сям нават паспелі зрабіць абліцоўку і паставіць вокны, якія цяпер пакрысе разбіваюць хуліганы.

У 76-тысячным Жлобіне ўжо ёсць адна лядовая арэна — яна належыць камандзе “Металург” і змяшчае 2 тысячы гледачоў. Мясцовыя спартовыя функцыянеры кажуць, што другая хакейная каробка гораду не перашкодзіла б.

“Арэна “Металурга” загружана на 90-95%. “Мёртвы час” практычна адсутнічае. Ён можа быць, калі каманды на выездах, а так пастаянна лёд распісаны. Другая арэна не перашкодзіла б, — распавядае Еўрарадыё дырэктар Цэнтра алімпійскага рэзерву Жлобіна Аляксей Скуркоўскі. — У чым прычыны недабуду, лепш з заказчыкам размаўляць. Хутчэй за ўсё — крыніцы фінансавання...”

Пакуль у раёне не могуць знайсці грошай, адзіны недабудаваны лядовы палац у Беларусі развальваецца, нягледзячы на тое, што хакей працягвае заставацца ў краіне спортам №1.

 

Будуць грошы — будзе палац

Будаваць пляцоўку пачалі ў 2010 годзе. Неўзабаве работы замарозілі. Сёння размаўляць пра спартовы даўгабуд чыноўнікі не хочуць: “Гэта не тэлефонная размова”, “Тут ніякага сакрэту, але тэлефон не зусім для такіх мэт”, “Мы да гэтага аб’екта фактычна не маем дачынення”. Нас перанакіроўваюць у Гомельскі аблвыканкам.

“Будзем дабудоўваць гэты лядовы палац. Я не магу вам нічога казаць без дазволу, тым больш па тэлефоне”, — коратка адказала Еўрарадыё галоўная спецыялістка аддзела спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Любоў Зуйкова. Калі з’явяцца грошы, каб аднавіць будаўніцтва, там не ведаюць.

Еўрарадыё запытала пра спартыўны даўгабуд у падрадчыка — Гомельскага абласнога УКБ [упраўлення капітальнага будаўніцтва. — Еўрарадыё]. Там адказалі коратка: без грошай будаўніцтва палаца не адновіцца.

“Вылучаюцца грошы — працягваецца будаўніцтва, — адказвае пра недабудаваны лядовік падрадчык — Гомельскае абласное УКБ. — Мы падначаленая арганізацыя, як і іншыя. Усё залежыць ад інвестара [Гомельскі аблвыканкам. — Еўрарадыё]. Гэтае пытанне не да УКБ… Будуць грошы — будзе працяг будаўніцтва”.

 

Яшчэ адзін лядовы палац спыніўся на ўзроўні фундамента

Пакуль мы рыхтавалі гэты матэрыял, нам даслалі здымкі яшчэ аднаго лядовага палаца. Рыхтавацца да яго ўзвядзення пачалі ў Светлагорску Гомельскай вобласці. Тэрыторыю, дзе мусіў з’явіцца каток, абнеслі бетонным плотам. Там вырылі катлаван і паспелі пачаць закладаць фундамент. Але і гэтая будоўля аказалася замарожанай, і сёння тэрыторыя, дзе мусілі гуляць у хакей, зарастае елачкамі і бярозкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.