Як праходзілі грамадскія слуханні па ўздзеянні АЭС?

“Мы за АЭС в 2 Гигаватта, мы за работу, мы за зарплату!” — такія вершы гучалі з трыбуны ў той час, як незалежных экспертаў у залу не пусцілі, а расійскага навукоўцу Андрэя Ажароўскага асудзілі на 7 сутак. 9 кастрычніка ў 12:00 у Астраўцы пачаліся грамадскія слуханні, прысвечаныя папярэдняй справаздачы “Аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС”. У горадзе, ля якога зараз ужо актыўна рыхтуецца пляцоўка для станцыі і ствараецца інфраструктура будаўніцтва, сабраліся эколагі, навукоўцы, грамадскія актывісты, журналісты з Беларусі і Расіі. Але месца ў кінаканцэртнай залі “Астравец”, дзе праходзілі слуханні, знайшлося не ўсім.

Вось што распавёў Еўрарадыё Ян Роўдзік, які падчас слуханняў знаходзіўся ў Астраўцы:

Ян Роўдзік:
“У 10 гадзінаў, калі пачалі запускаць людзей, палова залі ўжо была занятая. Там сядзела шмат падсадных людзей. Тутэйшыя, з большага абыякавыя да будаўніцтва АЭС.

У выніку шмат эколагаў і грамадскіх актывістаў засталіся стаяць у фае. Яны не маглі ўвайсці, ім нібыта не было месца ў залі. Але калі трэба было пасадзіць у залю якіх-небудзь чыноўнікаў, людзі з бэджамі “Валанцёр” падыходзілі да “падсадных” і казалі нешта накшталт “Так, два чалавекі зараз усталі і выйшлі!” – і так знаходзілі месцы для сваіх”.


Тым часам у Астраўцы міліцыя затрымала фізіка-атамшчыка, каардынатара маскоўскай групы "Экаабарона" Андрэя Ажароўскага. Як паведаміла інфармагенцтва БелаПАН, у Ажароўскага забралі амаль 100 асобнікаў “Крытычных водгукаў адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС”. Пазней расійскага навукоўцу асудзілі на 7 сутак арышту за дробнае хуліганцтва і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

У той жа час ананімныя ўлёткі ў падтрымку будаўніцтва АЭС, якія раздаваліся ўдзельнікам падчас слуханняў, ніхто не забіраў.

З большага людзі, якія выходзілі да мікрафона падчас слуханняў, падтрымлівалі будаўніцтва АЭС. Працягвае Ян Роўдзік:

Ян Роўдзік: “Усе казалі “за”, і тут такія тэзісы... Я зараз зачытаю: “У гарадах, дзе збудаваныя АЭС, стан здароўя насельніцтва лепшы, чым у іншых населеных пунктах”. І вось такога кшталту выступы адбываліся.

Выступалі настаўнікі раённых школ, чыталі вершы пра будаўніцтва АЭС...”.


За першыя дзве гадзіны грамадскіх слуханняў прагучаў толькі адзін крытычны выступ:

Ян Роўдзік: “Пакуль з усіх выступоўцаў толькі адзін выказаўся супраць. Гэта Георгій Лепін, навукоўца з Мінска”.

Пакуль прысутныя на слуханнях чыталі вершы (самае запамінальнае: “Мы за АЭС в 2 гигаватта, мы за работу, мы за зарплату!”), выказвалі жаданне папрацаваць на будоўлі і разважалі пра тое, як беларусам надакучылі газавыя войны, час на выступы выйшаў. Да мікрафона не дайшла палова выступоўцаў, з большага – апаненты падрыхтаванай справаздачы.

Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС былі прысвечаныя лічаныя выступы. З большага, яны былі крытычныя. У прыватнасці, актывістка ГА “Экадом” Наталля Рабава абвінаваціла арганізатараў грамадскіх слуханняў у фальсіфікацыях і падкрэсліла, што тое, што адбываецца, з’яўляецца чым заўгодна, але не абмеркаваннем уздзеяння АЭС на экалогію.

З часам “падстаўныя” тутэйшыя разышліся, і ў залі паболела вольных месцаў. Але людзей з фае ў залю ўсё роўна не пусцілі. Тэрыторыю, прылеглую да кінаканцэртнай залі “Астравец”, патруляваў АМАП.

Фота: Хартыя '97

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі