Я буду служыць у войску 1 год?

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцтва Міністэрства абароны абмеркавалі магчымае скарачэнне тэрміну службы ў войску да 1 года. Гэта адбылося падчас вандроўкі групы дэпутатаў па некаторых вайсковых аб’ектах Беларусі. Мікалай Куцко, кіраўнік навучання дэпутатаў, расказаў журналістам Еўрапейскага радыё, што падчас візіту парламентарыямі падымалася пытанне скарачэння тэрміну службы:

“Вучоба дэпутатаў звычайна прысвячаецца найбольш актуальным праблемам грамадства. Нам было паказана, што на гэты момант адбываецца ў беларускім войску. У перспектыве магчымы варыянт, што тэрмін службы ў войску скароціцца да 12 месяцаў.

Ёсць такая думка, але заканадаўча яна не аформленая, і афіцыйнай прапановы пакуль няма, але ж такое пытанне разглядаецца”.


У Міністэрстве абароны лічаць, што усё неабходнае дзеля пераходу на новыя тэрміны службы ўжо зроблена. Так, па словах Вячаслава Рамейчыка, кіраўніка прэсавай службы ваеннага ведамства, не хапае толькі зменаў заканадаўчай базы:

“У свой час Міністэрства абароны ініцыявала перад парламентам пытанне аб скарачэнні тэрміну службы да аднаго году.

Улічваючы, што на сённяшні момант мы перайшлі на новыя тэрміны падрыхтоўкі вайсковай спецыяльнасці з шасці месяцаў да трох, мы маем магчымасць скараціць тэрмін службы. Эфектыўнасць не церпіць, нават з улікам сучаснай тэхнікі.

Пытанне застаецца адкрытым, бо неабходныя змены ў заканадаўчай базе, у прыватнасці ў Закон аб вайсковай службе, а таксама ўзгадненне з іншымі сілавымі структурамі”.


Але ж калі ў нас усё так добра для пераходу да прафесійнага войска, то адразу ж узнікае пытанне наконт законнага права прызыўніка на альтэрнатыўную службу.

На гэты момант адмысловы закон ёсць, але механізму для яго дзеяння няма. Ці ішла размова падчас паездкі дэпутатаў па гэтым пытанні адказвае Мікалай Куцко:

“Новага нічога не было. Усё адбываецца зараз у рамках таго, што ўжо прынята нашым заканадаўствам”.

У Міністэрстве абароны, напрыклад, увогуле не жадаюць займацца пытаннем альтэрнатыўнай службы. Гаворыць Вячаслаў Рамейчык:

“Пытанне аб альтэрнатыўнай вайсковай службе не знаходзіцца ў кампетэнцыі Міністэрства абароны. Такая служба па вызначэнні не з’яўляецца відам вайсковай службы”.

Акрамя непасрэдна самой службы ў войску, у Беларусі існуе і сістэма службы ў запасе. У такім стане можна знаходзіцца да 55 год. Дзеля чаго існуе такая сістэма, нам патлумачыў Вячаслаў Рамейчык:

“Малады чалавек атрымлівае вайсковую спецыяльнасць. Гэта значыць, што ён становіцца абаронцам айчыны. Ён на працягу службы атрымаў адмысловую спецыяльнасць і сышоў у запас.

У любы час ён можа быць выкліканы дзеля выканання сваіх абавязкаў у якасці кадравага вайскоўца”.


Атрымліваецца, што гэтая вандроўка дэпутатаў да нейкіх істотных вынікаў не прывяла, акрамя чарговых размоваў і заяваў наконт скарачэння тэрміну службы. Але ж што рабіць? Ды нічога. Дэпутаты і надалей будуць сустракацца і размаўляць з вайскоўцамі, а між тым у краіне напоўніцу ідзе веснавы прызыў…

Разам з Вамі збіраўся ісці ў войска Зміцер Траўчук, магчыма ў хуткім часе ўжо былы журналіст Еўрапейскага радыё.

Фота liter.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі