Вызваліць краіну — задача максімум: Ціханоўская — пра Расію, барацьбу і будучыню

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская знайшла ў сваім шчыльным графіку час, каб наведаць студыю Еўрарадыё. Пераказваем галоўнае з эфіру з лідаркай дэмакратычных сіл Беларусі, дзе разам з ёй падвялі вынікі года.

Пра адносіны з Расіяй

— Я не перастану прапаноўваць Крамлю канструктыўную ролю ў развязанні крызісу ў Беларусі. Так атрымалася, што папярэдні ўрад Беларусі выбудаваў вельмі залежную ад Расіі палітыку ў нашай краіне. І гэты фактар нельга ігнараваць. І я думаю, што не трэба ісці на эскалацыю канфлікту з Крамлём. Гэта значыць, не трэба іх у чымсьці вінаваціць, нельга ісці на разрыў адносін, таму што нашы народы, яны ўсё роўна блізкія, усё роўна мы будзем суседзямі. Але і зразумела, што Крэмль не паверне свой пункт гледжання адразу ж, у адзін момант на 180 градусаў.

Аднак трэба паказваць ім, што ў нас няма антырасійскіх настрояў у краіне, што мы хацелі б далей выбудоўваць нармальныя гандлёвыя адносіны як мінімум з Расіяй. Але праз тое, што вы цяпер падтрымліваеце палітыку нелегітымнага прэзідэнта, вы тым самым шкодзіце і сабе, ваша жыццё таксама становіцца складанейшым.

Вы бачыце, што чалавек [Лукашэнка. — Еўрарадыё] імпульсіўны, што ён прымае зусім нейкія ненармальныя рашэнні, якія могуць паўплываць на вашы адносіны з заходнімі краінамі. Падтрымка гэтага чалавека выйдзе даражэй. Таму трэба ўсё ж у дваццаць першым стагоддзі знаходзіць спосабы размаўляць, менавіта вырашаць праблемы.

Адносіны з Украінай: што атрымліваецца, а што не?

— У нас ёсць падтрымка ад Украіны, але трэба разумець, у якім становішчы знаходзіцца Украіна. Цяпер гэта і ціск з боку Расіі, і, магчыма, эскалацыя ваеннага канфлікту. І Украіна павінна быць вельмі асцярожная.

Можна секчы з пляча, што яны не падтрымліваюць дэмсілы. Падтрымліваюць, але не адкрыта. Так, не было ў мяне сустрэч на высокім узроўні ва Украіне, напрыклад, там з спадаром Зяленскім або з прэм'ер-міністрам. Яны вымушаныя цяпер вельмі асцярожна сябе паводзіць.

Яны, на жаль, залежаць ад нейкай прадукцыі з Беларусі. Але вось заява пра прызнанне Крыма [расійскім] нелегітымным прэзідэнтам Беларусі можа адыграць вырашальную ролю ў адносінах паміж нашымі краінамі.

Што рабіць беларусам у гэтай сітуацыі?

— Удзельнічаць у праектах, але вельмі акуратна, вельмі асцярожна, каб сябе захаваць. Нам патрэбныя людзі, іх вельмі шмат у Беларусі, іх мільёны, якія кожны дзень жывуць у страху. І мы павінны гэта разумець і не можам папрасіць ад людзей занадта шмат, таму што мы разумеем, што кожны дзень у тваю кватэру могуць уварвацца людзі ў чорным і забраць у турму.

Ты павінен пастаянна быць гатовы. Бяспека перш за ўсё цяпер, гэта самае галоўнае. Людзям не трэба пакуль на цяперашні момант лезці на амбразуру. Пасля таго жаху, які адчуў беларускі народ летась, напэўна, гэта і немагчыма.

Але нам трэба працягваць будаваць структуры, нам трэба рабіць усё магчымае, каб рыхтавацца да наступнага этапу: уступаць у план "Перамога", там ужо больш за дзвесце тысяч чалавек — гэта актыўныя грамадзяне.

Я ведаю, цяпер круцяць ролікі з відарысамі збітых, як урываюцца да людзей. Думаю, для таго, каб нагнятаць гэты страх. Але зноў жа, ніхто з беларусаў не зможа забыць вочы адно аднаго летась. Гэтага ўжо не выкараніць.

Так, страшна, але людзі разумеюць, што не можам зараз зноў апусціць галаву і сядзець чакаць, пакуль рэжым зробіць з нас рабоў.

Ці варта адмовіцца ад санкцый, каб выпусцілі людзей з турмаў?

— Магчыма, так зручней было б для ўсіх экспертаў і палітычных аглядальнікаў, але людзям ад гэтага лягчэй не стане. Мы ж чуем галасы і Машы Калеснікавай, і Максіма Знака, і Віктара Бабарыкі, і Сяргея Ціханоўскага: "Мы ў вас верым. Не давайце гэтай уладзе магчымасці намі таргавацца, ідзіце да канца, ідзіце да перамогі".

Людзі нам вераць, і мы не можам проста так узяць і здрадзіць тым, хто ахвяраваў сабой, каб мы ішлі далей да сваёй мэты. Таму што вызваліць палітвязняў — гэта першарадная задача, але вызваліць краіну — гэта задача максімум.

Поўная версія інтэрв'ю:

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі