Выпіў адну бутэльку — плаці як за 160

Па новым адміністрацыйным кодэксе, які пачаў дзейнічаць з 1 сакавіка, за ўжыванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах прадугледжаны штраф да 500 тысячаў рублёў.

Вырашыў чалавек, напрыклад, выпіць гарэлачкі ў дзень заробку перад домам, а з яго папросту могуць спагнаць штраф у памеры таго самага заробку. Вось Еўрапейскае радыё і вырашыла разабрацца, што гэта насамрэч значыць для беларусаў.


Мы папрасілі растлумачыць нам вызначэнні “грамадскае месца” і “алкагольныя напоі” супрацоўніка прэсавай службы Мінгарвыканкама Яўгена Сачыка:


“Што такое “грамадскае месца” ў новым кодэксе ніяк не абгаворана. Наконт алкаголю — гэты тэрмін акрэслены ў дэкрэце прэзідэнта №1. Такімі лічацца алкагольныя напоі з памерам дозы этылавага спірту больш за 7 адсоткаў.


Грамадскімі месцамі лічацца ўсе месцы, якія знаходзяцца не ў прыватнай ўласнасці. Кватэра, уласны дом — гэта не грамадскае месца.


Пад’езд ужо з’яўляецца грамадскім месцам. Канцэртная зала незалежна ад формы ўласнасці таксама з’яўляецца такім месцам. Кавярні, рэстараны — грамадскія месцы, але ж там ужыванне алкаголю дазволена”.


Пад гэту катэгорыю напояў, дарэчы, трапляе ўсё віно, нават дэсертнае, каньяк і моцнае піва. Далей мы пацікавіліся, што ж прадугледжана законам за распіццё гэтых напояў. Працягвае Яўген Сачык:


“Ужыванне алкагольных напояў у грамадскім месцы ці з’яўленне ў нецвярозым стане. За распіццё алкагольных напояў у парках, скверах, вуліцы, стадыёне і грамадскім транспарце накладаецца спагнанне ў выглядзе штрафа ў памеры да 8 базавых велічынь.


Пры паўторным правапарушэнні — да 15 б. в. ці нават адміністрацыйны арышт да 25 сутак. Падобныя меры прымаюцца і ў выпадку знаходжання ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, які крыўдзіць чалавечую годнасць”.


Атрымліваецца, што калі вы вырашылі выпіць, напрыклад, што-небудзь алкагольнае, але мацней за “Доктар Дызель”, то рыхтуйцеся заплаціць штраф, памер якога можа дасягнуць пры паўторным затрыманні амаль 250 долараў.


Мы паспрабавалі даведацца, а што ж адбываецца зараз непасрэдна на месцах.


Участковы інспектар Партызанскага раёна Мінску Дзмітрый Лаўкіс паведаміў нам, што за першыя 6 дзён пасля ўвядзення новага Адміністрацыйнага кодэксу затрыманняў за ўжыванне алкагольных напояў яшчэ не было:


“На людзях гэта ніяк не адбілася. Піць не сталі менш, дакладна. За сакавік у нас яшчэ не было затрыманняў за распіццё. А так звычайна затрымліваем, дастаўляем на апорны пункт, высвятляем асобу. Далей глядзім, што за чалавек.


Калі затрыманы пастаянна ўжывае алкаголь, нідзе не працуе, то мы складаем пратакол, каб у далейшым можна было ўздзейнічаць на чалавека. Калі нармальны чалавек упершыню трапіў да нас, то дастаткова проста папярэдзіць.”


Такім чынам, шаноўныя беларусы, калі вы вырашылі ўжыць алкаголь у грамадскім месцы — некалькі разоў падумайце: ці каштуе адна бутэлька віна, выпітая на вуліцы, штрафу, на які можна набыць 160 бутэлек і з задавальненнем ужыць дома?


Разам з Вамі спрабаваў выпіць у грамадскім месцы Зміцер Траўчук.


Фота — www.nubo.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі