Вы тут

"Выклікае здзіўленне" — парламент Беларусі адказаў Бундэстагу ФРГ

Дом урада, дзе засядае Палата прадстаўнікоў / З архіву БЕЛТА​

Непрыкрытым умяшаннем ва ўнутраныя справы назвалі ў беларускім парламенце рэзалюцыю Бундэстагу ФРГ па Беларусі. Афіцыйная заява падпісаная старшынямі абедзвюх палат — Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

"Сваёй рэзалюцыяй Бундэстаг перакрэслівае дасягнуты прагрэс у беларуска-германскіх адносінах і паддаецца кан'юнктурным інтарэсам асобных палітыкаў", — гаворыцца ў дакуменце.  

Качанава і Андрэйчанка нагадалі нямецкім дэпутатам пра вайну і пакуты беларускага народа.

"Поўнае здзіўленне выклікае падтрымка нямецкімі парламентарыямі экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, якія адкрыта заклікаюць да тэрарыстычнай дзейнасці ў Беларусі, якая, як вядома, больш за іншыя краіны пацярпела ад тэрору на яе тэрыторыі падчас Другой сусветнай вайны", — гаворыцца ў дакуменце.

На думку беларускіх спікераў, дэпутатам Бундэстага варта было б "захоўваць гістарычную памяць і праяўляць стрыманасць у спробах выступіць у ролі настаўніка".

У пачатку лістапада Бундэстаг прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікаў да правядзення новых сумленных выбараў. Нямецкія парламентарыі таксама асудзілі гвалт з боку праваахоўнікаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.