Выходзіць з пункта пакуты ў боль: як зберагчы псіхіку, калі вакол хаос?

"Невыносна, страшна, цяжка — тым больш калі ты адзін" / unsplash.com

Пасля задушэння мірных пратэстаў рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць беларусаў, ва Украіне ідзе вайна — гэтыя і іншыя падзеі цяжкім катком ціснуць на псіхіку людзей. Стрэс назапашваецца і можа стаць прычынай праблем з ментальным здароўем. Як засцерагчыся ад нервовага зрыву, як захаваць псіхіку ў той час, калі вакол хаос?

— Цяпер, вядома, вельмі цяжка лячыцца, таму што мы знаходзімся ў траўмавальнай сітуацыі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская. — У нас ёсць назапашаныя праблемы, назапашаная злосць, расчараванне і гэтак далей. Плюс кожны дзень прылятаюць яшчэ нейкія навіны, адбываюцца падзеі, якія таксама патрабуюць перапрацоўкі. Груба кажучы, калі ўявіць, што наша псіхіка ў нейкім сэнсе мясарубка, якая пераварвае ўсё, што паступае, — то цяпер яна запоўненая. Тут спачатку трэба пракруціць "фарш", але класці яго няма куды.

Мы знаходзімся дакладна ў "пункце пакуты". Каб выйсці ў нейкі канструктыў, трэба з пункта пакуты прайсці праз свой боль, пражыць яго. Невыносна, страшна, цяжка — тым больш калі ты адзін. Нам важныя падтрымка, спачуванне іншых. Тых, хто нас разумее, слухае і здольны перамагчы гэты боль. І тут вельмі карыснай будзе тэрапія, я ўсім рэкамендую звяртацца па дапамогу.

Можна збірацца ў групы, размаўляць пра гэта з сябрамі, можна ісці на групавую тэрапію або да псіхолага, які ўмее з гэтым працаваць. Выходзіць з пункта пакуты ў боль. І, пражыўшы яго, ісці кудысьці, каб паглядзець: а што мы маем на цяперашні момант? Таму што мы ўсе цяпер калектыўна пакутуем па тым, што не здарылася год-два таму. Але мы ўжо знаходзімся тут і цяпер, і сітуацыя такая, якая ёсць. З гэтай сітуацыі трэба дзейнічаць. Бо тое, што было два гады таму, з нейкіх прычын не магло быць па-іншаму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.