Выхад альбома Unia тармазяць гукарэжысёры

Паводле словаў дырэктаркі калектыву Ларысы Палонскай, у параўнанні з дэбютным "Dolam", гэты дыск будзе больш цяжкі па гучанні. Але агульная канцэпцыя гурта не змяняецца: усе 10 трэкаў плыткі - гэта сучасная інтэрпрэтацыя беларускіх народных песняў, праўда, у дзвюх усё ж ёсць і аўтарскія тэксты.

Ларыса Палонская: "У двух паўрэпавых кампазіцыях асноўны тэкст, які начытваецца, наш. І мы яго неяк уплятаем у беларускую народную песню".

Паводле словаў Ларысы, музыкі яшчэ не думалі над назвай альбома і не маюць нават працоўнага тытулу, але ў хуткім часе гэтае пытанне вырашыцца. Таксама невядомая і дата рэлізу, але ў гэтым вінавацяць гукарэжысёраў.

Ларыса Палонская: "Вельмі цяжка рухаецца па часе менавіта з-за гукарэжысёраў. Мы нават аднаго ўжо замянілі падчас запісу, бо дамаўляемся на пэўны час, потым ён пераносіцца на тыдзень, потым на два, потым на месяц... Зараз сказаў, што да снежня звядзе. Таму рэліз чакаецца недзе вакол новага года, ці ў канцы снежня, ці на пачатку лютага".

Дарэчы, адразу пасля выхаду альбома музыкі плануюць заняцца і першым кліпам.

Ларыса Палонская: "Як толькі мы звядзем альбом, адразу пачнем здымкі кліпа. Праўда, на якую песню, пакуль не ведаем, але гэта бліжэйшыя планы".

Варта адзначыць, што нягледзячы на пераезд з Мінску Дашы Трубінай, адной з вакалістак Unia, яна ўсё ж удзельнічала ў запісе плыткі. І, паводле дырэктаркі, пра яе канчатковы сыход з гурта размова ўвогуле не вядзецца.

Ларыса Палонская: "Рэпетыцыі ў нас без Дашы, на вялікія кацэрты Даша прыяжджае. Калі гэта дробязь, то спяваюць два вакалісты, калі гэта сярэдняга плану мерапрыемства, то ў нас ёсць замест Дашы дзяўчына, але я яе не заўсёды выстаўляю, у залежнасці ад выступу і сітуацыі. А на альбоме, канешне, запісвалася Даша".

Новы альбом будзе выдавацца на фізічным носьбіце, і ўжо нават ёсць дамоўленасць з лэйблам, але Ларыса паабяцала, што з'явіцца ён і ў інтэрнэце, маўляў, няхай прыхільнікі слухаюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі