Вязні Акрэсціна: 24 чалавекі ў шасцімеснай камеры, без матрацаў на ложках

Вязні Акрэсціна: 24 чалавекі ў шасцімеснай камеры, без матрацаў на ложках

Умовы ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску па-ранейшаму нагадваюць катаванні. Пра іх праваабаронцам "Вясны" расказала Алеся Аляксейчык, якая правяла там трое сутак. У аўторак, 26 студзеня, суд Савецкага раёна аштрафаваў яе на 1450 рублёў (50 базавых) паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП:

Па словах Алесі, у шасцімеснай камеры №16 іх было 24 чалавекі. Гэта былі жанчыны ад 18 да 62 гадоў: фінансавы аналітык, лекарка, культуролаг, студэнткі, PR-менеджарка, перакладчыца, дэфектолаг, супрацоўніца заапарка, праграмісткі, бухгалтарка.

"Паветра не хапала: доступу да вокнаў не было. Мы прасілі адкрыць "кармушку" — безвынікова. Ад недахопу паветра балела галава, увесь час хацелася спаць. Клаліся на падлогу — там больш паветра было. Ад гэтага пастаянна ўпадалі ў сон. Матрацы ў нас адабралі, таму мы спалі на падлозе, сталах, тумбах — гэта лепш, чым на жалезных прутах", — згадвае Аляксейчык.

У нядзелю зранку ў камеры нібыта "правялі дэзынфекцыю" — вылілі на падлогу вядро з хлоркай. Ад гэтага стала кепска дзяўчыне з алергіяй і хворым сэрцам. У другой была алергія на пах курыва. І калі ўключылі выцяжку, адкуль пацягнула цыгарэтамі, у дзяўчыны здарыўся прыступ удушша.

Сярод зняволеных была дзяўчына з загіпсаванай рукой, кажа Аляксейчык. Гіпс трэба было здымаць і рабіць рэнтген. Пяць дзён затрыманая прасіла адвезці яе на зняцце гіпсу і рэнтген і атрымлівала толькі адказ: "Перадам начальніку турмы".

"Нам выдалі туалетную паперу і зубную пасту. На ўсе астатнія просьбы адказвалі: "Нечага было хадзіць". Там засталіся дзяўчынкі без матрацаў, без таблетак з моцным зубным болем і гіпсам", — кажа Алеся.

Дарэчы, на знак пратэсту супраць нечалавечых умоваў утрымання і незаконнага затрымання з 23 студзеня ў ЦІПе на Акрэсціна трымае сухую галадоўку Алег Заяц, асуджаны на 25 сутак паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі