Вязень Пазняк: Салжаніцын уратаваў мяне ад сваволля брыгадзіра

Памёр Аляксандр Салжаніцын. У Беларусі ягонае імя ўспрымалася апошнія гады неадназначна. З выкрывальніка камунізму Салжаніцын зрабіўся паслядоўным прыхільнікам расійскай імперскай палітыкі. Аднак пісьменнік – гэта не толькі сума ягоных палітычных поглядаў. Пра ўплыў Аляксандра Салжаніцына на наша грамадства – літаратурны крытык Пятро Васючэнка, пра добрага брыгадзіра Салжаніцына – вязень сталінскіх лагераў Мікалай Пазняк, пра чалавека, які даў грошы на яе кніжку, – сяброўка Саюза беларускай моладзі Надзея Дземідовіч.

Аляксандр Салжаніцын нарадзіўся 11 снежня 1918 г. у Кіславодску. Пасля заканчэння школы паступіў на фізіка-матэматычны факультэт універсітэту ў Растове-на-Доне. У гады вайны камандаваў артылерыйскай батарэяй. У 1945 г. быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў лагераў "за антысавецкую агітацыю і спробу стварэння антысавецкай арганізацыі". У 1962 г. часопіс "Новый мир" апублікаваў аповед "Адзін дзень Івана Дзянісавіча". Заснаваны на лагерным досведзе, твор зрабіў Салжаніцына сусветна вядомым.

Усё гэта сухія факты, а вось некалькі людскіх штрыхоў да партрэта Салжаніцына. Гаворыць паэтка Надзея Дземідовіч, якая 12 год адседзела ў ГУЛАГу за чалецтва ў падпольным Саюзе беларускай моладзі.

Н.Дземідовіч: Я была ў Тайшэцкіх лагерах і ў Карагандзе, а ён у іншых лагерах, так што мы разам не сядзелі. Ён мне прыслаў 200 долараў на маю кніжку. З фонду Салжаніцына многім вязням, у тым ліку і мне, давалі па 10 долараў у месяц. Было гэта да апошняга часу. А потым для тых, хто сядзеў больш за 12 год, сталі даваць двойчы на год спачатку па 75 долараў, а потым па 100. Я не надта добра памятаю назвы ягоных кніжак, апрача “Архіпелаг ГУЛаг”. У мяне кепская памяць, бо мяне катавалі электрашокам у лагерах, таму імёны і назвы кніжак блытаюцца. Але я памятаю, пра што гэтыя кніжкі. І я вам скажу: так гэта і было, як ён напісаў пра гэты савецкі рай.

83-гадовага Мікалая Пазняка я застала за зборамі: сп. Мікалай выбіраўся на пахаванне свайго былога лагернага брыгадзіра. Аляксандр Салжаніцын дапамог выжыць вязню Пазняку, які толькі-толькі выбавіўся з лагера смяротнікаў Спаскі. Вось што распавёў сп. Пазняк.

Мікалай Пазняк: Пазнаёміліся мы ў Экібастузе недзе ў 1950 г. Мяне з лагера смертнікаў адправілі ў Экібастуз. Пабачылі, што я не паміраю – і ў Казахстан. А там я трапіў у брыгаду Нікіціна, а ён любіў людзей дрынам паганяць. Я быў франтавік, я кажу: ты мяне дрынам ганяць не будзеш, я цябе задаўлю. Ухапіў яго за галаву, крутнуў так, што ён тры месяцы хадзіў з галавой набок, не мог павярнуць. Ну, і ён стаў пасылаць мяне на штрафныя працы. Усе ідуць на абед, брыгада цесляў, а я мёрзлую казахстанскую гліністую зямлю дзяўбу. Ну, атрымаў пасылку, аддаў нарадчыку, і той перавёў мяне у брыгаду Салжаніцына. Вось як светлую пляму ўспамінаю: заўсёды ветлівы, Салжаніцын да нас на "вы", па імю - па бацьку, і работа лягчэйшая: гэта была брыгада электрыкаў. Я не быў электрыкам, але ён мяне не выдаў: папрасіў майстра аднаго, той мяне і падвучыў. Цяпер акурат еду на пахаванне да яго.

У 1970 г. Салжаніцын атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У 1974 г. у сувязі з выхадам першага тома "Архіпелага ГУЛаг" на Захадзе пісьменніка выкінулі з СССР. Спачатку ён жыў з сям'ёй у Цюрыху, потым у Вермонце. У 1969-1988 гг. піша васьмітомную эпапею "Чырвонае кола". У 1991 г. напісаў кнігу "Бадалася цяля з дубам", нарысы аб савецкім літаратурным жыцці 1967-1974 гг. У 1994 годзе Салжаніцын вярнуўся ў Расію, з тых часоў стала пражываў у Маскве.

Літаратуразнаўца, пісьменнік Пятро Васючэнка: Салжаніцын перавярнуў масавую свядомасць у савецкай імперыі, у якую тады была ўключаная і Беларусь. Ён, дарэчы, быў высокай думкі пра творчасць Быкава.

Еўрарадыё: Але чутно, што Васіль Быкаў падпісаў ліст савецкіх пісьменнікаў супраць Салжаніцына?

П.Васючэнка: У мяне ёсць звесткі, што ліст падпісалі па-за згодаю Васіля Быкава. Так тады практыкавалася.

Еўрарадыё: Салжаніцын перавярнуў свядомасць савецкага чалавека, але апошнія гады выступаў з пазіцыі расійскага імперыяліста. Мы, беларусы, павінны пазіраць на яго спадылба?

П.Васючэнка: Я напісаў артыкул пра Аляксандра Салжаніцына ў кнігу “Вялікія пісьменнікі ХХ ст.”. Я пісаў з павагай пра Аляксандра Ісаевіча, але зазначыў, што не падзяляю ягоных думак, выказаных у артыкуле "Как нам обустроить Россию". Гэта думкі чалавека, які падзяляе інтарэсы суседняй дзяржавы. Іх можна разумець, але прыняць іх цяжка.


Фота — "Вести"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі