Вясна не за гарамі, а за дажджамі

Еўрарадыё дазналася прагноз надвор'я і вырашыла параўнаць яго з народнымі прыкметамі. Якой жа будзе сёлетняя вясна? Ці супадаюць меркаванні сіноптыкаў з народнымі прагнозамі?
Людзі здаўна ўяўлялі вясну як маладую дзяўчыну, называлі яе жаночым імём Лёля і лічылі, што яна прыходзіць з птушкамі з выраю. Але калі вясна – дзяўчына, не дзіва, што ёй уласцівы какецтва і зменлівасць, а часам нават капрызнасць.

Таму не спяшайцеся скідваць цёплую вопратку і абуваць кеды: усе сюрпрызы яшчэ наперадзе.

Снег растаў, глеба адтаяла, вызваляюцца ад ільду рэкі – вясна спяшаецца, ды нясе з сабой дажджы і непагадзь. Слухаем дзяжурнага сіноптыка Гідраметцэнтра Людмілу Парашчук.

Людміла Парашчук: “Актывізацыя атлантычных цыклонаў, якія будуць рушыць праз поўдзень скандынаўскай паўвыспы, прынясе на нашу тэрыторыю непагадзь і дажджы з вятрамі. У пачатку тыдня мы ўжо трапім у арбіту актыўных цыклонаў і іх атмасферных франтоў.

Таму амаль па ўсёй краіне ападкі, дождж, мокры снег. Тэмпература паветра, у асноўным, уначы ад –1 да +5, удзень +3-+8. Ва ўсходніх раёнах у сярэдзіне тыдня магчыма павелічэнне тэмпературы да 10-13 цяпла”.

Значыць, цэлы тыдзень будзем хавацца пад парасонамі. Прадказваць надвор’е на больш доўгі час у Гідраметцэнтры не бяруцца. Народная мудрасць кажа, што сакавік – не вясна, а “перадвясенне”. Але калі вясна – маладая дзяўчына, то яе веснік, канешне, жаўрук.

Раней казалі: “Жаваранак вясну благаславіў”. Калі гэтыя птушкі прылятаюць рана, гэта значыць, што вясна будзе цёплай. З тымі, хто не заўважыў, ці вярнуліся птушкі з выраю, дзеліцца сваімі назіраннямі Руслан Шайкін з арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".

Руслан Шайкін: “Па ўсёй краіне спяваюць шпакі, прыляцелі палявыя жаўрукі. Прычым першыя птушкі прыляцелі яшчэ ў канцы лютага. Прыляцелі такія цікавыя птушкі як чыбісы, якія, дарэчы, былі прызначаны птушкамі 2006-га году.

У Брэсцкай вобласці, дзе вясна ў нас пачынаецца крышачку раней, ужо можна назіраць вялікую колькасць вадаплаўных пералётных птушак. Гэта і прыляцеўшыя шылахвасці, розныя віды кулікоў. Нядаўна, літаральна на днях, бачылі дзвюхтысячныя стаі залацістых ржанак, занесеных у нашу Чырвоную кнігу”.

Дарэчы, менавіта куліку належыць роля “адмыкальніка” вясны і “замыкальніка” зімы, бо ў яго ёсць дзевяць замкоў і адзін ключык. Рэкі гэтай зімой былі замкнёнымі нядоўга, і зараз лёд амаль сышоў. Вопытныя рыбакі кажуць, што рыба леш за ўсё клюе цяпер там, дзе ідзе мяжа чыстай і мутнай вады.

Некаторыя людзі вылічваюць надвор’е па знешніх паказчыках, па прыродзе, якая навокал, а нехта слухае сваё цела і ўсё адчувае. Зусім нечакана паэтка Антаніна Хатэнка распавяла нам пра свае адчуванні гэтай вясны. Яны супадаюць з прагнозамі сіноптыкаў, але з’явіліся зусім іншым чынам.

Антаніна Хатэнка: “Кожная істота злучаная з гэтым светам, прыродай і знаходзіцца ў адным рытме з ім. Якой будзе гэта вясна? Яна нечаканая цяпер і будзе нечаканай, непрадказальнай. Яна будзе свавольнай.

Яшчэ будуць дажджы і, можа, нават замяці. Пакуль яна выйдзе на тую вясну квяцістую, яна яшчэ трохі “панервуецца”. Хаця сёння ў Зельве мне распавялі, што ўжо цвятуць першацветы. Адчуваю трымценне ў сабе. Калі вясна ўсталёўваецца, ёсць толькі радасць. А ў мяне яшчэ ёсць трывога”.

Вясна не за гарамі, а ўсяго толькі за дажджамі, таму набіраемся цярпення і не забываем яе гукаць.


Фота — news.bbc.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі