Вы тут

Вярнуць людзей дадому — доля моцнага: ці будзе "палітычная амністыя" ў Беларусі

Васкрасенскі і Ланкін — пра палітычную амністыю / калаж Еўрарадыё

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі больш за 470 беларусаў, затрыманых у ходзе выбарчай кампаніі 2020 года і пасля выбараў. Суды над многімі з іх ужо адбыліся — і былі шчодрымі на гады за кратамі.

Наколькі нармальная такая сітуацыя для беларускіх уладаў? Суды працягваюць штампаваць прысуды, але з калоній і нават з СІЗА прыходзяць чуткі, што палітвязням прапануюць напісаць прашэнні аб вызваленні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Які, зрэшты, адну спробу "палітычнай амністыі" ўжо заблакаваў. Выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, ён заявіў, што палітвязняў у Беларусі няма, і на гэтым усё скончылася.

Адзін з прыхільнікаў "палітычнай амністыі" — Юрый Васкрасенскі, былы прыхільнік Віктара Бабарыкі, які пасля выбараў быў затрыманы і вызвалены, а цяпер узначальвае "Круглы стол дэмакратычных сіл". Мы пагаварылі з ім і яшчэ з адным удзельнікам "Круглага стала" Андрэем Ланкіным пра тое, што тое, што адбылося за апошнія месяцы, зноў зрабіла "палітычную амністыю" магчымай.

"Перагарнуць старонку" з кожным днём усё цяжэй

Юрый Васкрасенскі: Мы адышлі ад словазлучэння "палітычны зняволены". Мы называем іх "асобы, пацярпелыя ў час электаральнай кампаніі 2020 года". Так называецца спіс з 515 чалавек, размешчаны на сайце "Круглага стала дэмакратычных сіл". Гэта дыпламатычная фармулёўка, якая задавольвае і ўладу, і апазіцыю. Галоўнае, каб людзі выйшлі на свабоду, а як яны потым будуць самі сябе называць — другасна.

2021 год аб'яўлены Годам адзінства, значыць, амністыя актуальная. Мы загаварылі пра неабходнасць амністыі адразу пасля майго выхаду з СІЗА ў кастрычніку 2020-га. Калі б мы тады адчынілі дзверы турмаў і ўсіх выпусцілі, не было б сітуацыі з самалётам і мы не загналі б сябе ў няпростую эканамічную сітуацыю. Перагарнуць старонку з кожным днём усё цяжэй: мірыцца трэба адразу пасля канфлікту, як і ў сям'і. Калі ходзяць і крыўдуюць, кожны бок канфлікту памнажае негатыў, які потым не дазволіць пайсці насустрач адно аднаму.

Андрэй Ланкін: Блізка 3 ліпеня: зручны момант, каб падняць пытанне. У нас няма палітычных артыкулаў у Крымінальным кодэксе, але людзі знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі па палітычных матывах — гэта для ўсіх відавочна.

"Палітычная амністыя" — прыватная ініцыятыва. Улады пакуль маўчаць

Андрэй Ланкін: Амністыя — гэта прыватная ініцыятыва арганізацыйнага камітэта партыі "Дэмакратычны саюз" і "Круглага стала дэмакратычных сіл". Створана рабочая група па распрацоўцы законапраекта. Цяпер магчыма ўвязаць законапраект з ініцыятывай аб амністыі.

Юрый Васкрасенскі: Мы накіравалі ініцыятыву дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Некаторыя адказалі. Вясновая сесія завяршыла работу — магчыма, ініцыятыву разгледзяць на восеньскай сесіі. Мы парадак дня не здымалі і кан'юнктурна не падладжвалі пад даты. З тых, хто падтрымлівае ўлады (у шэрагу пытанняў) і стабільнасць у краіне, гэта пытанне больш ніхто не падыме.

Беларускія ўлады павінны разумець, што палітвязні выгадныя ўцёклай апазіцыі, каб спекуляваць на іх. Гэты козыр у іх трэба забраць.

Цяпер у тусоўцы каляўладных палітолагаў модна быць жорсткім. Яны кажуць не тое, што думаюць, — альбо іграюць ролю. Улада разумее, што трэба дамаўляцца з усімі краінамі, сябраваць і гандляваць. Мы рашучыя і паслядоўныя ў тым, што ўсе людзі павінны вярнуцца ў свае сем'і.

Сярод пацярпелых у час электаральнай кампаніі дзевяноста адсоткаў людзей — выпадковыя. Тыя, каго дзяржаўныя СМІ называюць завадатарамі, усё роўна не выйдуць. Не прымуць Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч ніякую амністыю. А астатнія 90% трэба вярнуць дадому.

"Амністыя — гэта доля моцнага"

Юрый Васкрасенскі: Кропля камень точыць. Мы паслядоўна пераконваем на асабістых сустрэчах тых жа дэпутатаў, што людзей трэба адпускаць. Рана ці позна Лукашэнка нас паслухае, таму што амністыя — доля моцнага, гэта паказвае гісторыя.

Ніхто не выйшаў на вуліцы, калі Латушка з Ціханоўскай заклікалі 9 траўня, 25 сакавіка, у дзень Усебеларускага народнага сходу. Ніхто не выйдзе, калі заклікаць стане выпушчаны з калоніі ноўнэйм. Напружанне ўжо спала, ніякай небяспекі няма. Трымаць і карміць за дзяржаўны кошт гэтых зняволеных не мае сэнсу. А калі паспець правесці амністыю ў Год народнага адзінства, большасць будзе ўдзячная дзяржаве.

Яны пасядзяць няшмат, да года. Многае ўбачаць знутры — гэта нават карысна, па сабе кажу. Па свеце, які там, унутры, можна пісаць дысертацыі. Мы ўбачылі, хто ёсць у сябрах, як яны знікаюць, як маўчаць тыя, каму дапамагаў. Я дваццаць гадоў дапамагаў у тым ліку дэмакратычнай апазіцыі, але пасля майго затрымання не пачуў ад іх ніводнага голасу ў сваю падтрымку. Правёўшы амністыю, улады зробяць справядліва.

"Выпусціць усіх, хто сядзіць па артыкулах 293 і 342"

Юрый Васкрасенскі: Ва ўказ Лукашэнкі да 3 ліпеня трэба ўпісаць два "народныя" артыкулы: 293 [аб арганізацыі масавых беспарадкаў. — Еўрарадыё] і 342 [аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. — Еўрарадыё]. Па гэтых артыкулах амністуюць 80% са спіса праваабаронцаў і са спіса "Круглага стала дэмакратычных сіл". Астатнімі 20% зоймемся далей. Усе знакавыя фігуры пакуль застаюцца для торгу ўлады з Захадам.

Калі я выйшаў, то напісаў хадайніцтва на імя прэзідэнта аб вызваленні пад маю асабістую адказнасць. Я крытыкую Ціханоўскага і Бабарыку як палітыкаў, я разлютаваны іх дзеяннямі. Але па-чалавечы, як грамадзянін, я прасіў прэзідэнта аддаць іх мне на парукі.

У спісы не ўключаюцца (і намі, і праваабаронцамі) тыя, каго ўлада назвала тэрарыстамі і экстрэмістамі. Іх вельмі шмат, там ёсць найдабрэйшай душы людзі, як Рыгор Кастусёў. Той жа Аляксандр Фядута мне бліжэйшы і даражэйшы за многіх, хто сядзіць. Але калі мы ўключым іх у спіс да прысуду суда — канец усяму спісу.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.