“Вядзьмар” Анджэя Сапкоўскага па-беларуску: чытайце тут і цяпер!

“Вядзьмар” Анджэя Сапкоўскага па-беларуску: чытайце тут і цяпер!

25 кастрычніка ў выдавецтве “Янушкевіч” выйдзе беларускі пераклад "Апошняга жадання" — першага з васьмі раманаў культавай серыі “Вядзьмар” Анджэя Сапкоўскага. Над тэкстам пра прыгоды ведзьмара Геральта працавалі перакладчыца Кацярына Маціеўская і рэдактарка Ганна Янкута, афармляў кнігу мастак Уладзь Пятручык. Зрабіць перадзамову можна на краўдфандынгавай платформе “Вулей”, яна лімітаваная двумастамі асобнікамі.

А калі вы не хочаце чакаць, чытаць “Ведзьмара” па-беларуску можна ўжо тут і цяпер! Еўрарадыё з ласкавай згоды выдаўца эксклюзіўна публікуе першыя старонкі “Апошняга жадання”. Чытаць можна ў PDF (зручна з камп'ютара) ці звычайным тэкстам далей (зручна са смартфона):

ВЯДЗЬМАР

 

I

Пазней казалі, што той чалавек з'явіўся з поўначы, з боку Канатнай брамы. Ішоў ён пехам, ведучы за аб­роць нагружанага каня. Было далёка за поўдзень, і кра­мы вяровачнікаў і рымараў ужо зачыніліся, а вуліца апусцела. Надвор'е стаяла цёплае, а чалавек быў у чорным плашчы, накінутым на плечы. Гэта прыцягвала позіркі.

Ён прыпыніўся перад карчмой «Стары Наракорт», па­стаяў крыху, прыслухоўваючыся да гоману. Як звы­чайна ў такі час, карчма была поўная народу.

Заходзіць у «Стары Наракорт» незнаёмы не стаў і пацягнуў каня далей, уніз па вуліцы. Там віднелася яшчэ адна карчма — меншая, пад назвай «У Ліса». У ёй было пуста — гэтае месца добрай славы не мела.

Карчмар, што стаяў над бочкай з салёнымі агуркамі, падняў галаву і змераў госця позіркам. Чужаніца, не скідаючы плашча, моўчкі застыў ля стойкі.

— Чаго падаць?

— Піва, — адказаў прыхадзень. Голас у яго быў непрыемны.

Карчмар выцер рукі аб палатняны фартух і напоўніў пітвом шчарбаты гліняны куфаль.

Чужынец не быў стары, нягледзячы на амаль цалкам белыя валасы. Пад плашчом ён насіў выцерты скураны кунтуш са шнуроўкай на плячах і гарлавіне. А калі сцягнуў плашч, усе заўважылі меч на рэмені за спінаю. Дзіўнага ў гэтым нічога не было — у Вызіме амаль усе хадзілі са зброяй, — але ніхто не насіў меч за спінай, як лук ці калчан.

Незнаёмы не сеў за стол побач з нешматлікімі на­вед­­нікамі, а прыткнуўся ля дальняга канца стойкі, вы­вучаючы карчмара праніклівым позіркам. Потым ад­піў з куфля.

— Мне б пакой які, пераначаваць.

— Няма, — прабурчаў карчмар, зыркаючы на пыльныя і брудныя боты госця. — У «Старым Наракорце» пытайцеся.

— А мне б тут.

— Няма, — карчмар урэшце распазнаў гаворку н­е­­знаё­­мага. З Рывіі, значыць.

— Я заплачу, — прамовіў чужынец ціха і нібы ня­ў­пэўнена.

Вось тады гэтая паскудная гісторыя і закруцілася. Васпаваты бамбіза, які з той самай хвіліны, як госць увайшоў, не спускаў з яго змрочнага позірку, устаў і рушыў да стойкі. Двое яго таварышаў сталі ззаду, усяго за два крокі.

— Няма пакояў, шэльма, валацуга рывійскі, — пра­хрыпеў васпаваты, падышоўшы ўсутыч. — Не трэба нам тут, у Вызіме, такіх, як ты. У нас прыстойны горад!

Незнаёмы ўзяў свой куфаль і адсунуўся. Паглядзеў на карчмара, але той схаваў вочы. Ён бы і не падумаў бараніць рывійца. Хто ўвогуле любіць рывійцаў?

— Усе рывійцы — злодзеі, — працягваў васпаваты, ад якога патыхала півам, часнаком і ярасцю. — Гэй, вырадак, чуеш?

— Не чуе, вушы гаўном заляпіла, — прамовіў адзін з тых, што стаялі ззаду, а другі зарагатаў.

— Плаці і чашы адсюль! — рыкнуў рабы.

Толькі цяпер чужынец зірнуў на яго.

— Піва дап'ю.

— А мы табе дапаможам! — прашыпеў бамбіза.

Ён выбіў з рук рывійца куфаль і, схапіўшы прыхадня за плячо, учапіўся пальцамі ў рэмень, што наўскасяк ішоў праз грудзі. Адзін з таварышаў васпаватага занёс кулак для ўдару. Чужынец крутануўся на месцы, па­збаў­ляючы бамбізу раўнавагі. Меч зашыпеў у ножнах і востра бліснуў у святле каганцоў. Усё завіравала. Па­чуліся крыкі. Колькі наведнікаў кінулася да выхаду. З трэскам звалілася крэсла, глуха ляснуўся аб падлогу глі­няны посуд. Карчмар — вусны ў яго дрыжалі — гля­дзеў на жахліва пасечаны твар васпаватага: бамбіза павольна спаўзаў уніз, учапіўшыся пальцамі за край стойкі, асядаў і знікаў з вачэй, нібы тонучы. Яго таварышы ляжалі на падлозе: адзін знерухомеў, другі ж курчыўся і тросся ў цёмнай лужыне, якая імкліва шырылася. У паветры дрыжаў, свідруючы вушы, пранізлівы, роспачны жаночы крык. Карчмара перасмыкнула, ён сутаргава ўдых­нуў паветра і званітаваў.

Чужынец адступіў да сцяны — уважлівы, насцярожаны. Меч ён трымаў аберуч, водзячы вастрыём у паветры. Ніхто не рухаўся. Твары халоднай цінаю абляпіў жах, скаваў целы, заткнуў горлы.

У карчму з шумам і трэскам уваліліся тры стражнікі, якія, відаць, былі непадалёк. Яны трымалі напагатове аплеценыя рамянямі палкі, але ўбачыўшы трупы, імгненна дасталі мячы. Рывіец прыпаў спінай да сцяны, левай рукой выцягнуў з халявы кінжал.

— А ну кінь! — люта рыкнуў адзін са стражнікаў. — Я кажу, кінь, бандзюга! З намі пойдзеш.

Другі стражнік пхнуў стол, які замінаў яму абысці рывійца збоку.

— Збегай прывядзі людзей, Трэска! — крыкнуў ён трэцяму, што трымаўся ля дзвярэй.

— Не трэба, — сказаў незнаёмец, апускаючы меч. — Сам пайду.

— Пойдзеш, суччын сын, толькі на вяроўцы! — выбухнуў першы. — Кінь меч, а то мазгаўню растаўку!

Рывіец выпрастаўся. Потым хутка засунуў клінок пад паху, а другую руку выцягнуў у бок стражнікаў, падняў уверх і спрытна накрэсліў у паветры складаны сімвал. Бліснулі заклёпкі, якія густа пакрывалі доўгія — да самых локцяў — адвароты скуранога кунтуша.

Стражнікі імгненна адхіснуліся, прыкрываючы тва­ры рукамі. Хтосьці з наведнікаў ускочыў, хтосьці кінуўся да дзвярэй. Зноў закрычала жанчына — дзіка, пранізліва.

— Сам пайду, — паўтарыў незнаёмец звонкім, металічным голасам. — А вы ўтрох — наперадзе. Заведзяце мяне да ваяводы гэтага горада. Я дарогі не ведаю.

— Завядзём, завядзём, — прамармытаў стражнік, апу­скаючы галаву. Няўпэўнена азіраючыся, ён пайшоў да дзвярэй. Два іншыя пасунуліся за ім, паспешліва ідучы задам. Незнаёмец рушыў следам, хаваючы меч у ножны, а кінжал — у халяву. Калі яны міналі сталы, наведнікі закрывалі твары крысамі кунтушоў.

 

II

Велярад, ваявода Вызімы, задуменна пачухаў падба­роддзе. Ён не быў ні прымхлівым, ні баязлівым, але пер­спектыва застацца з гэтым белавалосым сам-насам не абяцала нічога добрага. Нарэшце Велярад прыняў рашэнне.

— Выйдзіце, — загадаў ён стражнікам. — А ты сядай. Не, не тут — вунь там, далей, будзь ласкавы.

Незнаёмец сеў. Плашча і мяча пры ім ужо не было.

— Слухаю, — прамовіў Велярад, пагладжваючы цяжкую булаву, што ляжала на стале. — Я Велярад, ваявода Вызімы. Што скажаш, перш чым адправіцца ў вязніцу, шаноўны мой бандыце? Трое забітых, спроба наслаць чары — нядрэнна, зусім нядрэнна. За такое ў нас у Вызіме на кол садзяць. Але я са справядлівасцю сябрую, таму спачатку выслухаю цябе. Гавары.

Рывіец расшпіліў кунтуш і дастаў белы скрутак з казлінай скуры.

— Вось гэта на слупах ды ў корчмах папрыбівана, — ціха сказаў ён. — Праўду пішуць?

— А-а, — прабурчаў Велярад, зірнуўшы на руны, вы­траўленыя на скуры, — вось яно што. А я адразу і не зда­гадаўся. Праўда, найпраўдзівейшая праўда. Бачыш под­піс? «Фольтэст, кароль, уладар Тэмерыі, Понтара і Мага­кама». Значыць, праўда. Але адозвы адозвамі, а закон ёсць закон. Я ў Вызіме за законам і парадкам сачу, таму людзей забіваць не дазволю. Ясна табе?

Рывіец кіўнуў — ясна, маўляў. Велярад злосна засоп.

— Вядзьмарскі знак маеш?

Незнаёмец зноў запусціў руку за пазуху і дастаў круг­лы медальён на срэбным ланцужку. На медальёне шчэ­рыла іклы воўчая галава.

— Імя ў цябе нейкае ёсць? Называй якое хочаш, я не з цікаўнасці пытаюся, а каб размаўляць лацвей было.

— Геральт мяне зваць.

— Ну, няхай Геральт. Мяркуючы па гаворцы, з Рывіі?

— З Рывіі.

— Добра. Ведаеш што, Геральт? Ты вось гэта, — Велярад пляснуў далонню па разгорнутай адозве, — кінь. Справа сур'ёзная, ужо шмат хто спрабаваў. Гэта табе, браце, не парачку нягоднікаў пашынкаваць.

— Я ведаю. Гэта маё рамяство, уладару Вызімы. Тут напісана, што ўзнагарода — тры тысячы орэнаў.

Велярад скрывіўся:

— Тры тысячы, ага. І каралеўну за жонку, як людзі кажуць, хаця гэтага міласцівы Фольтэст не дапісаў.

— Каралеўна мяне не цікавіць, — спакойна прамовіў Геральт, які нерухома сядзеў, паклаўшы рукі на калені. — Напісана: тры тысячы.

— Ну што за часы, — уздыхнуў Велярад, — паршывыя часы. Ці ж мог хто-небудзь гадоў дваццаць таму ўявіць, нават надзюбаўшыся, што з'явяцца такія ўмельствы, як тваё? Ведзьмары! Вандроўныя пераможцы васіліскаў! Найманыя забойцы цмокаў і тапельнікаў! Геральт, а піва вам вашы статуты дазваляюць?

— Вядома.

Велярад пляснуў у далоні.

— Піва! — крыкнуў ён. — Сядай бліжэй, Геральт, чаго ўжо там.

Піва было халоднае і пеністае.

— Паршывыя часы надышлі, — балабоніў Велярад, пацягваючы з куфля. — Развялося ўсякай погані. У магакамскіх гарах кішма кішаць бабалакі. У лясах некалі добра калі ваўкі вылі, а цяпер на табе: вупыры, пушчавікі нейкія, куды ні плюнь — дык або ваўкалак, або яшчэ якая зараза. Па вёсках русалкі з начніцамі дзяцей крадуць, лік ужо на сотні ідзе. Ад хваробаў, пра якія раней не чуў ніхто, валасы дыбарам. І для поўнага шчасця — во гэта, — ён піхнуў скрутак са скуры, і той паехаў па стале. — Нядзіўна, Геральт, што на вашы паслугі такі попыт.

— Гэта каралеўская адозва, уладару Вызімы, — падняў галаву Геральт. — А падрабязнасці ведаеце?

Велярад адкінуўся на спінку крэсла, сплёўшы пальцы на жываце.

— Падрабязнасці, кажаш? Ды ведаю. Не тое каб з першых рук, але крыніцы надзейныя.

— Пра гэта і пытаюся.

— Упёрся, значыць? Ну як хочаш, слухай, — Велярад сербануў піва і сцішыў голас. — Наш міласцівы Фольтэст яшчэ каралевічам, за часамі бацькі свайго, старога Медэля, з усіх сіл нам паказваў, што спрытнюга. Не маніў, трэба сказаць. Мы думалі, што з часам перарасце. А Фольтэст адразу пасля смерці старога караля, вось проста пасля ўласнай каранацыі, узяў і самога сябе перасягнуў. У нас аж сківіцы пападалі. Карацей, ён сваёй роднай сястры Адзе зрабіў дзіця. Ада была маладзейшая за яго, яны заўсёды разам трымаліся, але ніхто нічога не падазраваў — ну, можа, хіба каралева... І тут раз — Ада во з такім пузам ходзіць, а Фольтэст пачынае гаварыць пра шлюб. З сястрой! Уяўляеш, Геральт? Карацей, становішча — хоць з каменем на шыі ў вір сігай, бо Візімір з Навіграда акурат задумаў выдаць за Фольтэста сваю Дальку, пасольства выслаў, а тут караля трэба трымаць за рукі-ногі, бо той рвецца бегчы і паслоў бэсціць. Добра, што ўтрымалі, бо абражаны Візімір нам кішкі выпусціў бы. Пасля гэтага, не без дапамогі Ады, якая мела на брата ўплыў, шчанюка ад хуткага шлюбу адгаварылі. Ну а потым Ада — у належны час, а як жа — нарадзіла. Цяпер настаўляй вушы, бо пачынаецца. Тое, што нарадзілася, бачылі нямногія, але адна павітуха скокнула з акна ў вежы і забілася, а ў другой у галаве памуцілася, так і ходзіць дурнаватая. Таму мяркую, што байструк атрымаўся не надта прыгожанькі. Дзяўчынка гэта была. Зрэшты, яна адразу памерла: здаецца мне, ніхто асабліва не спяшаўся перавязваць пупавіну. Ада, на сваё шчасце, родаў не перажыла. А потым, браце, Фольтэст каторы раз выставіў сябе дурнем. Байстручку трэба было спаліць ці, не ведаю, закапаць на якой пустцы, а не хаваць у саркафагу ў сутарэннях палаца.

Геральт падняў галаву:

— Позна разбірацца. У любым разе трэба было паклікаць кагось з Пасвячоных.

— Ты пра гэтых шэльмаў з зоркамі на шапках? Дык іх аж дзясятак збегся, але толькі потым, калі стала ясна, што ляжыць у тым саркафагу. І што з яго начамі вылазіць. А яно ж не адразу пачало вылазіць, не‑е. Сем гадоў пасля пахавання было ціха. І тут аднае ночы — на поў­ню — у палацы раптам шум, крык, сумятня! Што тут раздабарваць — ты ў гэтым разбіраешся, адозву таксама чытаў. Немаўля ў труне падрасло — і гэта яшчэ б нічога, але і зубы ў яго выраслі выдатныя. Адным словам — стрыга. Шкада, ты трупаў не бачыў, як я. Іначай абыхо­дзіў бы Вызіму па шырокай дузе.

Геральт маўчаў.

— Вось тады, — працягнуў Велярад, — як я ўжо казаў, Фольтэст сагнаў сюды цэлы статак чараўнікоў. Пера­крыквалі яны адзін аднаго, аж ледзь не пабіліся тымі сваімі посахамі — і навошта ім посахі, хіба сабак адганяць, калі хто нацкуе. Падазраю, сабак на іх нацкоўваюць пастаянна. Выбачай, Геральт, калі ў цябе пра чарадзеяў іншая думка — а з такім заняткам, як твой, яна пэўна іншая, — але для мяне яны дармаеды і дурні. Вось вас, ведзьмароў, людзі паважаюць болей. Вы прынамсі... як бы гэта сказаць... канкрэтныя.

Геральт усміхнуўся, але нічога не адказаў.

— Але давай да справы, — Велярад зазірнуў у куфаль і даліў піва сабе і рывійцу. — Некаторыя парады чараўнікоў здаваліся зусім някепскімі. Адзін прапаноўваў спаліць стрыгу разам з саркафагам і палацам, іншы раіў адсячы ёй галаву лапатай, астатнія схіляліся да таго, каб нашпігаваць яе асінавымі каламі — безумоўна, удзень, калі погань спіць у труне, змораная начнымі ўцехамі. На жаль, знайшоўся блазан у востраканечнай шапцы на лысым чэрапе, пустэльнік гарбаты, які выдумаў, што ўсё гэта чары, што іх можна зняць — і замест стрыгі Фольтэст атрымае дачушку, прыгожую як з карцінкі. Трэба толькі ноч у склепе пасядзець — і гатова. Ну і пайшоў ён у палац начаваць — уяўляеш, Геральт, які ёлуп быў? Няцяжка здагадацца, што засталося ад яго мала, шапка хіба і посах. Але Фольтэст учапіўся за яго думку як дзядоўнік за сабачы хвост. Любыя спробы забіць стрыгу забараніў, а з усіх магчымых закуткаў краіны нацягаў у Вызіму ашуканцаў, каб чары зняць і зрабіць са стрыгі каралеўну. Якая ж гэта была маляўнічая кампанія! Нейкія шалёныя бабы, мужыкі кульгавыя, брудныя, вашывыя — аж гля­дзець шкада, браце. Ну і давай яны чараваць, у асноўным над міскай і куфлем. Вядома, некаторых Фольтэст ці яго дарадцы хутка выкрылі, парачку нават на частаколе павесілі, але мала, мала. Я б усіх павесіў. Што стрыга тым часам усё жэрла і жэрла іншых людзей, не звяртаючы на прайдзісветаў і іх закляцці ніякай увагі, і згадваць, мабыць, не варта. Як і таго, што Фольтэст з палаца збег. Адтуль усе паразбягаліся.

Велярад спыніўся і глынуў піва. Вядзьмар маўчаў.

— Вось так яно, Геральт, і цягнецца шэсць гадоў — бо таму стварэнню ўжо каля чатырнаццаці. Калі яно нарадзілася, у нас былі іншыя клопаты — мы акурат пабіліся з Візімірам з Навіграда, але з важкіх і зразуме­лых прычын. І пакуль мы памежныя слупы перасоўвалі, тут было не да нейкай дачкі ці высокага сваяцтва. А Фольтэст, дарэчы, ужо пра шлюб павяквае і вывучае дасланыя суседнімі дварамі візэрункі, якія раней нязменна ў выграбную яміну выкідаў. Часам на яго зноў находзіць, і ён выпраўляе коннікаў, каб яшчэ ча­раў­нікоў шукалі. Ну і ўзнагароду паабяцаў, тры тысячы, праз што пазбягалася крыху шаленцаў, рыцараў вандроўных... — нават адзін пастух быў, вядомы ўсёй ваколіцы дурыла, хай спачывае з мірам. А стрыга маецца добра. Ну, жарэ кагосьці час ад часу — прывыкнуць можна. Затое з тых герояў, што спрабуюць зняць з яе чары, хоць нейкая карысць ёсць: пачвара наядаецца на месцы і па-за палацам не швэндаецца. А ў Фольтэста новы палац, зусім харошы.

— За шэсць гадоў, — падняў галаву Геральт, — ніхто не даў рады?

— Ну вось так, — пранікліва зірнуў на ведзьмара Велярад. — Бо рады тут не дасі, і камусьці давядзецца з гэтым змірыцца. Гэта я пра Фольтэста, нашага любімага міласцівага ўладара, які ўсё яшчэ прыбівае адозвы на ростанях. Ахвотнікаў, праўда, нібы паменела. Нядаўна прыходзіў адзін, але хацеў тыя тры тысячы абавязкова наперад. Ну, мы яго ў мех засунулі і ў возера кінулі.

— Ашуканцаў хапае.

— Яшчэ як хапае. Аж зашмат, — падтакнуў Велярад, не спу­скаючы з ведзьмара вачэй. — Таму калі пойдзеш у па­лац, не прасі золата наперад. Калі пойдзеш, вядома.

— Пайду.

— Ну, справа твая. Але маёй парады не забудзь. І калі мы пра ўзнагароду, то апошнім часам ідзе пагалоска пра яе другую частку, я табе ўжо казаў. Каралеўна за жонку. Не ведаю, хто гэта прыдумаў, але калі стрыга выглядае так, як расказваюць, то жарт зусім змрочны. І ўсё адно хапіла дурняў, што галопам паскакалі ў палац, як толькі разнеслася вестка пра магчымасць увайсці ў каралеўскую сям'ю. А дакладней — двух шаўцовых вучняў. Чаму шаўцы такія ёлупы, га, Геральт?

— Не ведаю. А ведзьмары, уладару? Спрабавалі?

— Некалькі было, а як жа. Часцей за ўсё, пачуўшы, што са стрыгі трэба зняць чары, а не забіць, яны паціскалі плячыма ды ішлі прэч. Вось тады, Геральт, мая павага да ведзьмароў моцна ўзрасла. Ну а потым прыехаў адзін — за цябе маладзейшы быў, імя не памятаю, калі ён увогуле яго назваў. Вось гэты паспрабаваў.

— І як?

— Зубастая каралеўна расцягала яго вантробы на ладную адлегласць. Недзе на палову палёту стралы.

Геральт паківаў.

— І ўсё?

— Яшчэ адзін быў.

Велярад трохі памаўчаў. Вядзьмар не стаў яго пры­спешваць.

— Так, — урэшце вымавіў уладар Вызімы. — Яшчэ адзін быў. Спачатку, калі Фольтэст прыгразіў яму шыбеніцай за забойства ці абязвечанне стрыгі, ён толькі засмяяўся і пачаў збірацца. Але потым...

Велярад зноў сцішыў голас — амаль да шэпту — і нахіліўся над сталом.

— Потым узяўся. Скажу табе, Геральт: ёсць у нас у Вызіме колькі разумных людзей, нават на высокіх пасадах, якім усё гэта ўжо абрыдла. Чуткі кажуць, што тыя лю­дзі цішком угаварылі ведзьмара не малімоніцца з чарамі і стрыгу прыстукнуць, а каралю сказаць, што чары не падзейнічалі, дачушка з лесвіцы звалілася — ну, няшчасны выпадак на працы, бывае. Кароль, вядома, раззлуецца, але проста не заплаціць ні орэна той узнагароды, і канец справе. Паршывец вядзьмарскі на гэта адказаў, што бясплатна да стрыгі мы можам самі пайсці. Ну, што было рабіць... Скінуліся мы, патаргаваліся... Але нічога не атрымалася.

Геральт падняў бровы.

— Расказваю, — працягнуў Велярад. — Вядзьмар той адразу, у першую ж ноч, ісці не хацеў. Нешта ўсё круціўся, хаваўся, па ваколіцы шастаў. І ўрэшце, кажуць, убачыў стрыгу — напэўна за справаю, бо пачвара не вылазіць са склепа толькі каб ногі размяць. Убачыў, карацей, і тае ж ночы даў драла. Не развітаўся нават.

Вусны Геральта скрывіліся ў чымсьці вельмі падоб­ным да ўсмешкі.

— У разумных людзей, — прамовіў ён, — тыя грошы пэўна ж засталіся? Ведзьмары наперад не бяруць.

— Дык, — адказаў Велярад. — Вядома, засталіся.

— А чуткі не хадзілі, колькі іх там?

Велярад ухмыльнуўся:

— Адны кажуць, восемсот...

Геральт пакруціў галавой.

— Іншыя, — прабурчаў яго суразмоўца, — языкамі менцяць пра тысячу.

— Нягуста, калі ўлічыць, што чуткі заўсёды перабольшваюць. Урэшце, кароль дае тры тысячы.

— Не забудзь пра нарачоную, — кпліва адказаў Веля­рад. — Мы ўвогуле аб чым? Зразумела, што тых трох тысяч ты не атрымаеш.

— І з чаго ж гэта зразумела?

Велярад пляснуў далонню па стальніцы.

— Геральт, не псуй мне меркавання пра ведзьмароў! Гэта цягнецца ўжо шэсць з гакам гадоў! Стрыга за год укаюквае з паўсотні чалавек — ну, цяпер менш, бо ўсе пачалі старанна той палац абыходзіць. Не, браце, я ў чары веру — не раз іх бачыў, таму веру... да пэўнай мяжы, вядома... у здольнасці магаў і ведзьмароў. Але гэтае зняц­це чараў — лухта, прыдуманая гарбатым смаркатым дзедам, які здурнеў на пустэльніцкіх харчах, лухта, якой не дае веры ніхто. Апроч Фольтэста. Не, Геральт! Ада нарадзіла стрыгу, таму што спала з уласным братам — вось дзе праўда, і ніякія чары тут не дапамогуць. Стрыга жарэ людзей, бо гэта стрыга, і яе трэба забіць — спакойна і без цырымоній. Слухай, тут два гады таму лапцюжнікі з нейкай задрыпанай дзіры пад Магакамам, якім цмок авечак жор, сабраліся гуртам, затаўклі таго цмока дрынамі і нават не падумалі гэтым неяк асабліва хваліцца. А мы ў Вызіме чакаем цуду і як толькі поўня — замыкаем дзверы ці злачынцаў да слупа ля палаца прывязваем у спадзеве, што пачвара нажарэцца і вернецца ў труну.

— Някепска, — усміхнуўся вядзьмар. — І як, паменела злачынстваў?

— Ні на каліва.

— Як мне той новы палац знайсці?

— Сам цябе правяду. А што наконт прапановы разумных людзей?

— Уладару, — прамовіў Геральт, — навошта спяшац­ца? Сапраўды ж можа здарыцца няшчасны выпадак на працы, незалежна ад маіх намераў. І тады разумным людзям варта падумаць, як абараніць мяне ад кара­леў­скага гневу, і падрыхтаваць тыя паўтары тысячы орэнаў, пра якія балбоча чутка.

— Гаварылася пра тысячу.

— Не, пане Велярад, — цвёрда адказаў Геральт. — Той, каму вы давалі тысячу, уцёк, проста пабачыўшы стрыгу, не таргаваўся нават. А значыць, рызыка каштуе больш за тысячу. А можа, і больш за паўтары, хто ведае, як там будзе. Але абяцаю развітацца.

Велярад пачухаў галаву.

— Геральт... Тысяча дзвесце?

— Не, уладару. Работа не з лёгкіх. Кароль дае тры тысячы, а зняць чары, між іншым, часам лягчэй, чым забіць. Урэшце, калі б гэта было так проста, нехта з маіх папярэднікаў стрыгу і забіў бы. Думаеце, яны далі сябе загрызці толькі таму, што баяліся караля?

— Добра, браце, — сумна кіўнуў Велярад. — Дамовіліся. Толькі ў прысутнасці Фольтэста — ні паўслова пра няшчасны выпадак. Шчыра раю.

 

III

Фольтэст быў худы і меў прыгожы — аж занадта пры­гожы — твар. Наколькі мог меркаваць вядзьмар, каралю яшчэ не было сарака. Ён сядзеў на разьблёным курульным крэсле з чорнага дрэва, выцягнуўшы ногі да ачага, ля якога грэліся два сабакі. Побач на куфры сядзеў мажны мужчына старэйшага веку з барадою. За каралём стаяў другі — багата адзеты, з гордым выразам твару. Вяльможа.

— Вядзьмар з Рывіі... — вымавіў кароль пасля хвіліны маўчання, якое павісла, калі Велярад скончыў гаварыць.

— Так, уладару, — схіліў галаву Геральт.

— Чаго ж у цябе галава так пасівела? Ад чараў? Бачу ж, што ты не стары. Ладна, ладна, не трэба адказваць, жартую я. Асмелюся дапусціць, што досвед у цябе неблагі, так?

— Так, уладару.

— З прыемнасцю паслухаю.

Геральт пакланіўся яшчэ ніжэй:

— Вы ж ведаеце, уладару: нашы статуты забараняюць расказваць, што мы робім.

— Зручныя статуты, васпане вядзьмар, дужа зручныя. Але калі без падрабязнасцяў... вось з пушчавікамі ты сутыкаўся?

— Так.

— З вампірамі, лесунамі?

— Таксама.

Фольтэст павагаўся.

— Са... стрыгамі?

Геральт падняў галаву і паглядзеў каралю ў вочы.

— Таксама.

Фольтэст адвёў позірк.

— Велярад!

— Так, міласцівы ўладару?

— Ты яму сутнасць справы расказаў?

— Так, міласцівы ўладару. Ён сцвярджае, што чары з каралеўны можна зняць.

— Гэта я даўно ведаю. А якім чынам, васпане вядзь­мар? Ой, забыўся: статуты... Добра. Толькі адно скажу, бо было ў мяне ўжо колькі ведзьмароў. Велярад, апавядаў ты яму? Добра. З таго часу мне вядома, што знаецеся вы хутчэй на забойствах, чым на зняцці сурокаў. Дык вось, гэта не лічыцца. Калі хоць волас упадзе з галавы маёй дачкі, ты сваю на пень пакладзеш. Я ўсё сказаў. Острыт... і вы таксама, пане Сегелін, застаньцеся і раскажыце яму ўсё, пра што спытае. Яны, ведзьмары, заў­сёды шмат пытаюць. Накарміце яго і пакіньце ў палацы, каб па корч­мах не цягаўся.

Кароль устаў, свіснуў сабакам і пайшоў да дзвярэй, раскідваючы салому, што накрывала падлогу ў пакоі. Ля дзвярэй азірнуўся:

— Калі ў цябе атрымаецца, вядзьмар, — узнагарода твая. Можа, і яшчэ нешта дадам, калі добра справішся. Вядома, у байках чэрні пра жаніцьбу з каралеўнай ні сло­ва праўды няма. Ты ж не думаеш, што я выдам дачку за першага-лепшага бадзягу?

— Не, уладару, не думаю.

— Добра. Значыць, разумны.

Фольтэст выйшаў і зачыніў за сабою дзверы. Веля­рад і вяльможа, якія дагэтуль стаялі, адразу ж уселіся за стол. Ваявода Вызімы дапіў напалову поўны келіх караля, зазірнуў у збан і вылаяўся. Острыт, што заняў каралеўскае крэсла, спадылба пазіраў на ведзьмара, па­гладжваючы разьблёныя падлакотнікі. Барадаты Сегелін кіўнуў Геральту:

— Сядайце, пане вядзьмару, сядайце. Зараз вячэру па­дадуць. Пра што вы хацелі б даведацца? Велярад, мабыць, вам ужо ўсё апавёў. Я яго ведаю і ўпэўнены, што ска­заў ён хутчэй зашмат, чым замала.

— Хіба некалькі пытанняў яшчэ.

— Давайце.

— Ваявода Велярад згадваў, што пасля з'яўлення стрыгі кароль паклікаў шмат Пасвячоных.

— Так і было. Але не кажыце «стрыга», кажыце «каралеўна» — тады ў прысутнасці караля пазбегнеце гэтай памылкі... і звязаных з ёй непрыемнасцяў.

— Ці быў сярод Пасвячоных хтосьці знакаміты? Слаўны?

— Былі такія і тады, і потым. Імёнаў не памятаю. А вы, пане Острыт?

— Не памятаю, — адказаў вяльможа. — Але знаю, што некаторыя з іх цешыліся славаю і прызнаннем. Пра гэта шмат гаварылі.

— Ці згаджаліся яны з тым, што закляцце можна зняць?

— Да згоды ім было далёка, — усміхнуўся Сегелін. — Па любым пытанні. Але такое сцверджанне гучала. Казалі, што гэта проста, нават магічных здольнасцяў не вымагае: як я зразумеў, дастаткова, каб нехта правёў ноч — ад заходу сонца да трэціх пеўняў — у склепе каля саркафага.

— Ой як проста, ага, — фыркнуў Велярад.

— А апішыце мне... каралеўну.

Велярад ускочыў.

— Каралеўна выглядае як стрыга! — грымнуў ён. — Як найстрыжэйшая стрыга з усіх, пра якіх я чуў! Яе высокасць каралеўская дачка, выклятая байстручка, ростам мае ласку быць чатыры локці, нагадвае піўную бочку, пашча ў яе ад вуха да вуха набітая вострымі, як кінжалы, зубамі, вачышчы чырвоныя, патлы рудыя. Пярэднія лапы — кіпцюрастыя, рыхтык рысіныя, да самай зямлі звісаюць! Я дзіўлюся, як гэта мы яшчэ яе мініяцюры па саюзніцкіх каралеўствах не рассылаем! Каралеўне, каб ёй вантробы вытрыбушыла, ужо чатырнаццаць годзікаў — час падумаць пра шлюб з якім каралевічам!

— Астынь, Велярадзе, — паморшчыўся Острыт, пазіраючы на дзверы. Па твары Сегеліна прабегла лёгкая ўсмешка.

— Апісанне хоць і маляўнічае, але даволі дакладнае, а гэта пану ведзьмару і трэба, праўда ж? Велярад забыў дадаць, што рухаецца каралеўна неймаверна хутка, а яшчэ яна нашмат мацнейшая, чым можна меркаваць з яе росту і целаскладу. А тое, што ёй чатырнаццаць, неаспрэчна. Ну, калі гэта важна.

— Важна, — адказаў вядзьмар. — Яна нападае на лю­дзей толькі ў поўню?

— Так, — кіўнуў Сегелін. — Калі за межамі старога палаца. У самім палацы людзі гінулі заўсёды, незалежна ад фазы месяца. Але выходзіць яна толькі падчас поўні, ды і тое не кожнай.

— Ці нападала яна хоць раз удзень?

— Не. Удзень — ніколі.

— Ахвяраў яна заўжды жарэ?

Велярад смачна сплюнуў на салому.

— А каб цябе, Геральт! Зараз жа вячэра будзе! Цьфу! І жарэ, і надкусвае, і так пакідае — мусіць, ад настрою залежыць. Аднаму толькі галаву адгрызла, парачку вы­трыбушыла, а некалькіх паабгрызала дарэшты, дагала, калі дазволіце. Суччына насенне!

— Замаўчы, Велярад! — прашыпеў Острыт. — Пра стры­гу вярзі што хочаш, але Аду... пры каралю не адваж­ваешся і пры мне не чапай!

— Ці былі такія, хто выжыў пасля нападу? — спытаў вядзьмар, нібыта не звярнуўшы ўвагі на выбух вяльмо­жы.

Сегелін і Острыт перазірнуліся.

— Так, — адказаў барадач. — У самым пачатку, шэсць гадоў таму, яна кінулася на двух жаўнераў, што стаялі на варце ля склепа. Адзін здолеў уцячы.

— І пазней, — уваткнуў у размову язык Велярад, — млынар, на якога яна напала ля горада. Памятаеце?

***

Дарэчы, на 20 снежня запланаваная прэм’ера серыяла "Вядзьмар" на стрымінгавай платформе Netflix. Галоўнага героя сыграе Генры Кавіл, вядомы па ролі Супермена ў фільмах Зака Снайдэра і Чарльза Брэндана ў серыяле "Цюдоры".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі