“Вядомыя выканаўцы і навічкі”: апошні дзень прыёму заявак на “Еўрабачанне-2020"

“Вядомыя выканаўцы і навічкі”: апошні дзень прыёму заявак на “Еўрабачанне-2020"

17 студзеня — апошні дзень прыёму заявак на ўдзел у нацыянальным адборы на “Еўрабачанне-2020”. У Белтэлерадыёкампаніі не паведамляюць колькасці заявак, якія прыйшлі на сённяшні дзень (іх дасылаюць у электронным выглядзе), але кажуць, што прэтэндэнты розныя:

“Заявіліся як раскручаныя і вядомыя выканаўцы, так і навічкі. Ёсць у спісах і артысты, якія штурмуюць нацыянальны адбор ужо не ўпершыню”, — распавядае прэс-сакратарка медыяхолдынга Святлана Смалонская-Краскоўская

Сёлета Белтэлерадыёкампанія адмовілася ад публічнага праслухоўвання ўсіх артыстаў, якія падалі заяўкі. Адмысловая фокус-група праслухае дасланыя запісы кандыдатаў на паездку ў Ротэрдам і адбярэ тых, чые песні гучаць сучасна і адпавядаюць фармату конкурсу. Такая практыка распаўсюджана ў многіх краінах, якія дасылаюць сваіх выканаўцаў на “Еўрабачанне”.

22 студзеня будзе апублікаваны спіс удзельнікаў жывога праслухоўвання, якое пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі 27 студзеня. Падчас яго яшчэ адна фокус-група абярэ не больш за 12 фіналістаў нацыянальнага адбору.

“Лік фіналістаў можа быць зменены як самастойна арганізатарам, якім з’яўляецца Белтэлерадыёкампанія, так і па прапанове сяброў журы”, — дадае Святлана Смалонская-Краскоўская. 

Прадстаўнік ад Беларусі на “Еўрабачанні-2020” будзе вызначаны не пазней за 6 сакавіка шляхам галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў у жывым эфіры тэлеканалаў “Беларусь 1” і “Беларусь 24”.

65-е па ліку “Еўрабачанне” пройдзе ў Ротэрдаме. Нідэрланды пяты раз прымуць песенны конкурс. Гэтым разам такую магчымасць краіна атрымала дзякуючы перамозе Дункана Лоўрэнса. Прадстаўніца Беларусі, Зена, летась заняла 24-е месца ў фінале. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі