Вы тут

«“Вы русская?” — “Не, беларуска”». Выйшлі ўспаміны Паўліны Мядзёлкі без цэнзуры

Фота: Еўрарадыё

У Беларусі выйшла кніга нецэнзураваных успамінаў беларускай актрысы Паўліны Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”. Першае выданне з’явілася ў 1974 годзе — кніжачка тады атрымалася невялічкай і толькі з тымі фактамі, якія не пярэчылі савецкай ідэалогіі.

З гэтай несправядлівасцю не змагла пагадзіцца даследчыца Ганна Запартыка. На працягу чатырох гадоў амаль увесь свой вольны час яна перачытвала ліставанні Паўліны Мядзёлкі, яе сяброў і знаёмых, параўноўвала змест апублікаваных успамінаў з арыгіналамі, вывучала дакументы. Вынік — абноўленыя мемуары Мядзёлкі, дзе яна паўстае не проста музай песняра Янкі Купалы, а самастойнай асобай — смелай, моцнай і ўпартай.

Паўліна Мядзёлка. Санкт-Пецярбург, 1913 год

Яна вам не Паўлінка

“Калі дзяўчыне было 15 год, яна здавала экзамены пры Віленскай вучэбнай акрузе, — распавядае Ганна Запартыка. — Заданні па геаметрыі ды арыфметыцы выканала правільна, але на экзамен па геаграфіі яе не дапусцілі. Сказалі, што нібы па арыфметыцы атрымала “адзінку”. Дзяўчына пайшла да папячыцеля вучэбнай акругі. Там дасталі лісты з яе працай — памылак не было. Тады яе запыталі: “Вы, девочка, русская?”. “Не, беларуска”, — шчыра адказала тая. —  “Православная?” — “Не, каталічка”. — “Уезжайте домой, нечего вам здесь делать”. Такім чынам, нават магчымая перспектыва атрымаць добрую адукацыю не стала падставай схлусіць”.

Ганна Запартыка, даследчыца

Пра смеласць Паўліны Мядзёлкі сведчыць і тое, што яна не баялася пісаць свае ўспаміны ў той час, калі гэта магло ёй нашкодзіць. “Паўсюль панаваў страх, але яна не спынялася і пісала”, — дадае ўкладальніца кнігі.

Паўліна Мядзёлка. Будслаў, канец 1950-х

Моцны характар не зрабіў Паўліну Мядзёлку халоднай. У архіве распавядаюць, што яна магла зачараваць, умела апрануцца і клапацілася, як выглядаць пры якіх абставінах.

“Ва ўспамінах ёсць эпізод, дзе яна гаворыць аднаму з герояў нешта накшталт: “Жаноцкая абаяльнасць яшчэ ніколі не падводзіла. Дзе вокам падміргну, дзе галоўкай кіўну”, — маўляў дзеля справы ў гэтым ёсць сэнс”, — працягвае Ганна Запартыка.

Вялікае каханне, але без Купалы

Паўліна Мядзёлка кахала грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Тамаша Грыба! Яны ніколі не браліся афіцыйным шлюбам, але нават пасля разрыву яна доўгі час падпісвала лісты прозвішчам Мядзёлка-Грыб.

Гісторыя іх разрыву праглядаецца ў ліставанні Валянціны Краскоўскай з дачкой Людмілай.

“Мяркуючы па ўсім, разышліся на чыста палітычна глебе, — кажа Ганна Запартыка. — Яны належалі да партыі эсараў. У 1924 годзе, калі партыя была афіцыйна распушчаная, Паўліна Мядзёлка перастала быць яе сябрам. Мала таго, у адной з віленскіх газет, надрукавала ліст з асуджэннямі эсэраў. А Тамаш Грыб быў моцным адэптам партыі ў Празе, куды Паўліна не змагла выехаць, меў свой партыйны актыў. Калі ён прачытаў у газеце тое, што напісала Паўліна, то напісаў ёй вельмі злосны ліст. Разрыў быў непазбежны і канчатковы”.

Ёсць у кнізе і падрабязнасці пра стасункі Паўліны Мядзёлкі і Янкі Купалы. Але акцэнт складальніца кнігі “Сцежкамі жыцця” робіць не на інтымных баках жыцця актрысы.

"Сцежкамі жыцця". Побач выданні 2018 і 1974 гадоў

“Часам у архіў звярталіся розныя людзі, у тым ліку журналісты, якія прасілі распавесці нейкія нават інтымныя факты з жыцця Паўліны Мядзёлкі і Янкі Купалы, — распавядае Ганна Запартыка. — Яшчэ некаторыя аўтары, не маючы якасных крыніц, многае ў яе жыцці і вобразе дадумвалі, вылучалі гіпотэзы, якія нічога агульнага з яе асобай не мелі. Бачачы гэта, я вырашыла сабраць пад адной вокладкай усе сшыткі, што пакінула нам сама Паўліна Мядзёлка, з дадаткамі, якія дэталізуюць яе жыццё і творчасць, а таксама гісторыю ўспамінаў, выдадзеных у 1974 годзе. Кніга атрымалася вельмі аб’ёмная з каментарыямі і даведнікам, дзе коратка сказана пра ўсіх герояў успамінаў”.

Кнігу “Сцежкамі жыцця” ужо можна знайсці ў продажы. Працуючы над выданнем, Ганна Запартыка знайшла шмат лістоў Паўліны Мядзёлкі. Новая мара суразмоўцы Еўрарадыё — знайсці магчымасці на выданне эпісталярыяў.