Вуліцы Вайніловіча не будзе дакладна, але ў Сапегі і Брыля з’явіўся шанц

Мінгарсавет сёння прыняў рашэнне, згодна з якім дзве новыя вуліцы, якія праектуюцца ад праспекта Газеты “Звязда” да вуліцы Гурскага, будуць названыя імёнамі выбітнага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Льва Сапегі і класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля. Пры гэтым гарадскія дэпутаты адмянілі рашэнне пра перайменаванне вуліцы Берсана на Вайніловіча. Нагадаем, 26 верасня сталічныя дэпутаты прынялі рашэнне перайменаваць вуліцу Берсана, а таксама прысвоіць новым вуліцым імёны Сапегі і Брыля.

Аднак рашэнне гарсавета не прайшло экспертызу ў Мінюсце, паколькі перайменаванне не ўлічвала пажаданне жыхароў горада. З-за таго, што рашэнне па вуліцах Вайніловіча, Сапегі і Брыля было прапісана ў адным дакуменце, забракавана была ўся пастанова гарсавета.

Цяпер у рашэнні гарсавета адсутнічае пастанова пра перайменаванне вуліцы Берсана. Аднак казаць, што ў Мінску з’явяцца вуліцы Сапегі і Брыля, пакуль рана. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў гарадскім Савеце дэпутатаў.

“Канчаткова сённяшняе рашэнне можна лічыць прынятым толькі тады, калі Мінюст дасць станоўчую прававую экспертызу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі