Вучні змогуць ездзіць бясплатна, але толькі ў школу і назад

З 22 лютага беларускія школьнікі змогуць ездзіць бясплатна. Цяпер гэта рэгламентуецца пастановай Савета Міністраў. Але маршрут у вучняў абмежаваны: з дома ў школу і назад, з панядзелка да суботы ўключна, і толькі на працягу вучэбнага года. У іншых выпадках давядзецца плаціць. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску распавёў начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Юрый Гладкоў.

"Вучні агульнаадукацыйных устаноў, а таксама ўстаноў спецыяльнай адукацыі маюць права на бясплатны праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх маршрутаў, гарадскога электратранспарту і метрапалітэна. Ад месца жыхарства да месца вучобы і назад. У перыяд з 1 верасня па 30 чэрвеня. Рэалізуецца на падставе даведкі ўстаноўленага ўзору, аб тым што грамадзянін з'яўляецца навучэнцам ці выхаванцам установы адукацыі, з указаннем месца жыхарства і месца вучобы".

Даведка – гэта звычайная папера з подпісам дырэктара і пячаткай школы. Правяраць яе будзе кандуктар ці кантралёр. Ён жа будзе вызначаць, ці сапраўды школьнік едзе па маршруце ад школы да дому. Сама ж даведка без фотаздымка. І пакуль не зразумела, ці трэба школьнікам вазіць з сабой дадатковы дакумент і ці не будзе ў кантралёраў узнікаць пытанне да вучня, які раптам выглядае не на свой узрост.

"Фотаздымак праз два дні ўжо адляціць ад гэтай даведкі. Пакуль што карыстаемся тым, што ў нас ёсць. Калі будуць нейкія негатыўныя моманты мы іх разгледзім. Можа быць будзе фотаздымак і заламінуем гэтую даведку", – дадаў Гладкоў.

Дарэчы, пакуль не змогуць скарыстацца бясплатным праездам дзеці, якія напрыклад, едуць на вучобу з вёскі ў горад на міжгароднім аўтобусе. Такое пытанне будзе вырашаць мясцовы выканкам, адзначыў Гладкоў.

"Чакаць пакуль выканкам дасць яму дазвол, ці купіць білет. А пакуль што плаціць".

Планавалася, што пастанова мусіць павялічыць меры сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў, якія прыняў Народны сход. Напярэдадні выбараў бясплатны праезд для школьнікаў уводзіўся хаатычна. У Віцебску, напрыклад, не купляць талончыкі дазволілі нават студэнтам. Цяпер жа пытанне пра праезд для вучняў рэгулюецца агульнай для ўсёй краіны пастановай. Згодна з ёй, калі школьнік едзе ў нейкі кружок ці да рэпетытара, яму давядзецца прабіваць талон. Бясплатны праезд выключна ад дома да школы і назад.

Не змяняе дакумент нічога і для студэнтаў, якія па-ранейшаму будуць ездзіць за поўны кошт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі