Воплі Відаплясава на Be Free вучылі беларускую мову

Сенька з Zero-85 змагаўся з электрычнасцю, бубначы гублялі барабаны, а людзей было больш за 10 тысяч (фотарэпартаж з другога дня)
Другі фестывальны дзень падаўся крыху цяжкім з-за адсутнасці сонца і прысутнасці металічнага саўнду, які часамі прымушаў затыкаць вушы і адыходзіць далей ад сцэны.

Але пра ўсё па парадку. Першай выйшла на сцэну Лена Іванова і яе гурт з Чарнігава – яскравыя прадстаўнікі сучаснага моладзевага поп-рока…

Лена Іванова
Трыа з Гомеля Glofira, справіўшыся з хібамі бас-гітары, пагрузіла публіку ў псіхадэлічны туман і эксперыментальны шум…

Glofira
Гурт Hair Peace Salon падарыў фэсту песні, падобныя на песні: прыгожых мелодый і гарманічных хадоў на імпрэзе бракавала. Да свайго выступу музыкі далучылі кавер на песню гурта U2, а таксама выканалі кампазіцыю на роднай мове.


Hair Peace Salon
Рок-князёўна Вольга Самусік не перастае эксперыментаваць са сваім вобразам: гэтым разам яна паўстала перад публікай у жоўтых панчохах і злёгку эратычным карсеце. Аднак сам свой выступ музыкі гурта Тарпач лічаць не надта ўдалым: перад канцэртам бубнач гурта згубіў свае барабаны, а гітарыст параніў руку. То бок, перашкоды, што сустракаліся на шляху да выступу, падкасілі гурт маральна…


Тарпач
Кіеўска-луганскі гурт Назад шляху нямае дадаў здаровай маладой экспрэсіі фэсту: хлопцы гралі рэп-кор з сацыяльна-рамантычнымі тэкстамі.

Назад шляху нямае
Парадаваў Litvin Troll. Па ўсім відаць, што гэты гурт яшчэ доўга будзе калясіць па розных фэстах. З усіх “біфрышных” каманд, Litvin Troll вылучыўся яскравай канцэпцыяй, арыгінальным падыходам да класікі і цікавым спалучэннем сучасных і аўтэнтычных інструментаў.

Litvin Troll
Мінулагодні ўдзельнік Be Free – Imprudence – грукатаў моцна. Цяжкія металісты, тым не менш, выглядалі вельмі артыстычна. Хлопцы імпазантна пазіравалі на камеры, выходзячы на край сцэны. Дарэчы, пасля здарэння з “Ляпісамі” на сцэну з цяжкасцю пускалі фатакораў. У тэхніка і гітарыста гурта прапала сумка з дакументамі.


Imprudence

за сцэнай

перад сцэнай
Гурт з Польшчы, што спявае па-беларуску, Zero-85, заваражыў публіку маналітным стоўнэр-рокам. Нягледзячы на тое, што падчас выступу каманды прапала электрычнасць, і 10 хвілін усе думалі, што канцэрт скончаны, а гурт адчайна спяваў знакамітую “Яблынь”, адыгралі-такі хлопцы фірмова.


Zero-85
Легендарны Ulis чарговы раз паказаў сваю зорную праграму: роўна, без хібаў і з густам… Хутчэй за ўсё, рыфы гурта было чуваць у суседняй вобласці – гурт стаў самым гучным.



Ulis
Было б, мабыць, прыкольна і парадаксальна, калі б “Ляпісы” выйшлі на сцэну і пачалі свой фестывальны сэт “Купалінкай”. Менавіта з украінскай “купалінкай” – песняй “Маруся раз, два, тры” з’явіўся на сцэне другі вялікі хэдлайнер Be Free – Воплі Відаплясава. Увогуле з’яўленне гурта на фэсце было самай загадкавай падзеяй: ахова, чырвоныя берэты, людзі ў блакітнай форме, шуміха за сцэнай, камеры, аўто з таніраваным шклом… Ні слова журналістам, ні фатографа на сцэне. Спявалі хіты… Сам выступ Воплей быў прыгожым, цікавым, з элементамі шоў. Голас спадара Скрыпкі лунаў над фестывальным полем, гучалі вершы і песні. Ён пытаў публіку, як па-беларуску будзе слова "так"...





А потым Скрыпка развярнуў нашы сцягі – беларускі і ўкраінскі. Прагучала абнадзейваючая “Весна прыйде”, і трэці фэст свабоднага року Be Free пагасіў сафіты і ліхтары. Да наступнага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі