Вольга Станеўская: Калі б была міністрам турызму, паставіла б лаўкі на праспекце

Вольга Станеўская: Калі б была міністрам турызму, паставіла б лаўкі на праспекце

Вольга Станеўская — ўладальніца сеткі апартаментаў у Мінску, якія можна зняць праз сусветна вядомыя сервісы Booking i Airbnb. У акаўнце ў Фэйсбуку Вольга часта распавядае пра цікавосткі сваёй працы і піша пра набалелае, пра тое, як зрабіць нашу краіну больш добразычлівай да турыстаў. У студыі Еўрарадыё Вольга распавядае пра тое, ці стала больш турыстаў пасля з’яўлення магчымасці патрапіць у нашу краіну без візы, і што трэба рабіць, каб яны хацелі наведаць нашу краіну.

Вольга Станеўская: Турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, адсоткаў 70-80 — гэта грамадзяне Расіі. Але тое, што цяпер увялі закон пра пяць дзён без візы — шчасце, у якое мы не можам паверыць, мы сапраўды ўдзячныя нашым уладам, што гэта адбылося. Турыстычны паток, безумоўна, будзе ўзрастаць, і еўрапейцы да нас паедуць. Ужо цяпер гэта адбываецца, хоць і ў маленькіх маштабах. Першы госць, які прыехаў без візы да мяне, быў сапраўдны баліец, які ляцеў транзітам праз Мінск, і вырашыў паглядзець горад. А балійцаў не было ў нас ніколі!

Еўрарадыё: Хто яны, цяперашнія госці апартаментаў?

Вольга Станеўская: Нашы госці — сем'і. Бо тыя, хто выпраўляецца ў бізнес-трыпы — гэта кліенты гатэляў. Я хачу падкрэсліць, і гэта важна, што мы ні ў якім разе не з'яўляемся канкурэнтамі гатэляў. Нашы госці — гэта сем'і з дзецьмі, якім абавязкова патрэбная кухня, якія гатуюць, вараць дзецям кашу, якім патрэбная пральная машына і больш месца, чым гатэльны нумар. Гэта першае. Другое — гэта кошт пражывання, бо калі прыязджаюць тата, мама, дзіця і бабуля, у гатэлі размясціцца ім будзе дорага. Натуральна, кошты ў гатэлях цяпер знізіліся: аднамесны нумар у 12 квадратных метраў можа быць вельмі танным — трыццаць долараў. Але калі гэта чатыры чалавекі, атрымліваецца дорага.

Еўрарадыё: Гатэлі знізілі кошты, каб прыцягнуць турыстаў?

Вольга Станеўская: Існуе канкурэнцыя паміж гатэлямі. Цяпер ўсе спрабуюць прадавацца цывілізаванымі спосабамі, усе ёсць на booking.com, працуюць адукаваныя мэнэджары, якія адсочваюць кошты, і могуць іх змяняць.

Еўрарадыё: Пры гэтым запаўняльнасць гатэляў нізкая...

Вольга Станеўская: Тут пытанне не ў кошце. Проста гатэляў шмат, а турыстаў мала. Аб'ектаў размяшчэння ў Мінску ў паўтары разы больш, чым у Вільні, дзе на мінулых выхадных ўвогуле не было вольных аб’ектаў размяшчэння.

Еўрарадыё: Турысты не едуць, бо іх пужаюць складаныя працэдуры, звязаныя з прыбываннем у Беларусі? Маю на ўвазе рэгістрацыю, міграцыйныя карты і іншае.

Вольга Станеўская: Не. Яны проста не ведаюць пра такую краіну як Беларусь. Проста не ведаюць. Я, напрыклад, была ў некаторых краінах, дзе не тое, што людзі не ведаюць, што такое Беларусь (мы да гэтага прызвычаіліся), нават мытня ў аэрапорце Куала Лумпура не ведае, што такое Беларусь. Да таго ж, меркаванне пра Беларусь, як пра закрытую і небяспечную краіну, таксама існуе. Да нас прыязджалі людзі з Польшчы, якія казалі, што ў іх ніхто не ведае пра Беларусь. Я не разумею, як гэта — мы ж пра Польшчу ўсё ведаем, а яны пра нас не.

Еўрарадыё: То бок, іміджавыя ролікі да патэнцыйных турыстаў не даходзяць? Як тады іх прыцягнуць?

Вольга Станеўская: Я чалавек сучасны, і лічу, што гэтыя ролікі з караваямі не маюць нейкага значэння. Бо ёсць дзясяткі папулярных трэвэл-блогераў з тысячамі падпісчыкаў. І калі прыедзе адзін такі блогер і напіша пост, людзі сюды паедуць. Турызм і вандроўкі працуюць вось так.

Вольга Станеўская: Калі б была міністрам турызму, паставіла б лаўкі на праспекце

Еўрарадыё: Ці змянілася мэта, з якой замежнікі едуць у Беларусь?

Вольга Станеўская: Ёсць катэгорыя еўрапейцаў, якія часта прыязджаюць у краіну, бо зразумелі, што тут спакойна. Многія сапраўды прыязджаюць сюды адпачыць. Яны разумеюць, што могуць зняць апартаменты, узяць кнігу, закрыцца, спакойна хадзіць у кавярню. У Еўропе шмат мігрантаў, шумна, а тут ціха, мала людзей на вуліцах. Іншыя маюць цікавасць да краіны і цяпер, калі стала магчыма, едуць даведацца, што гэта такое.

Еўрарадыё: У сваім посце у Фэйсбуку вы ўзгадалі шэраг перашкод, з якімі сутыкаюцца турысты ў Беларусі…

Вольга Станеўская: Я б магла пісаць гэты пост яшчэ восем гадзін. Любы замежнік сутыкаецца з тым, з чым сутыкаемся мы. Гэта бюракратыя, якой прасякнутая ўся наша краіна. Натуральна, што цяпер мы назіраем лібералізацыю ў дачыненні да турыстаў і ў стаўленні да нас, прадпрымальнікаў. Але “ зарубаць” могуць на месцах. Як сябе адчувае замежнік, калі прыязджае ў Мінск? Так, калі б вы прыехалі ў краіну, у якой усё напісана іерогліфамі. Цалкам. Я не была ў Японіі. Але я баюся туды ехаць. Так і з замежнікамі, якія прыязджаюць да нас. Зарэгістравацца ў АВІРЫ адзін замежнік не можа. Гэта тэхнічна немагчыма. Прынцып рэгістрацыі першапачткова запланаваны як заяўны. Замежнік можа сам прыйсці і зарэгістравацца. Але ён гэтага не зробіць. Бо мусіць заплаціць пошліну ў дзве базавыя велічыні ў Беларусбанку (чаму няма тэрміналаў, якія былі выдадзеныя перад чэмпіянатам свету, куды зніклі?), запоўніць анкету на рускай мове, перакласці страхоўку на рускую мову, і яму там ніхто не патлумачыць нічога па-англійску.

Еўрарадыё: Як лабіруюцца змены ў турыстычнай галіне? Хто драйвер гэтых зменаў?

Вольга Станеўская: Мы ніяк не ўплываем на ўладу, а толькі назіраем за зменамі, якія адбываюцца — яны нас не расстройваюць. І я думаю, што гэтыя пяць бязвізавых дзён — пачатак, будзе тэрмін павялічаны. Натуральна, цяпер трэба адкрываць дарогі, каб людзі маглі ехаць на машыне, а не толькі ляцець.

Еўрарадыё: Ці развіты ў Беларусі ўнутраны турызм?

Вольга Станеўская: Раней гэта было вельмі распаўсюджана. Людзі з іншых гарадоў прыязджалі ці на нейкі канцэрт, ці проста правесці час у Мінску. Цяпер мала вандруюць у межах сваёй краіны.

Еўрарадыё: Ці змянілася запаўняльнасць арэндных кватэр пасля таго, як стала можна прыехаць у Беларусь без візы?

Вольга Станеўская: Я б не сказала. Не можа быць такога, што ў гатэлях усё кепска, а мы проста шыкуем. Мы выжываем гэтак жа, як і яны. І калі казаць пра тыя грошы, якія мы зараблялі раней, гэта вялікая розніца. У нас падымаюцца падаткі, нам цяпер пералічваюць усе камунальныя плацяжы, як для камерцыйных структур, за мінулы год.

Еўрарадыё: Калі б вы сталі міністрам турызму, што б змянілі?

Вольга Станеўская: У мяне столькі ідэй, мяне б было не спыніць! Але я магу іх генераваць толькі тэарэтычна, бо практычна, як Велер, буду кідацца кубкамі. Першае, што б я зрабіла, паставіла б у горадзе лаўкі! Вось чаму мне цікава гуляць у Еўропе, а па праспекце Незалежнасці гуляць нецікава? Нам не хапае лавачак! Няма дзе прысесці, толькі на прыпынках! Паглядзіце, гэтыя няшчасныя падлеткі сядзяць у новых гандлёвых цэнтрах на падушках, бо няма магчымасці ў горадзе пасядзець! На траве нельга, лавак нідзе няма! Трэба прыцягнуць гарадскіх урбаністаў, людзей з густам, і ўстанавіць лаўкі, каб ажывіць атмасферу. Нам патрэбная дзяржаўная ідэалогія наконт стаўлення да турызму, павінны быць перадачы па тэлевізары, дзе беларусам мусяць тлумачыць, што турыст, які прыязджае з чамаданам, не павінен вас раздражняць, вы не мусіце рабіць агрэсіўны твар і не пускаць яго ў пад'езд. Гэта чалавек, які прывёз вашы грошы. Калі вы пенсіянер, то ён прывёз вашу пенсію. Гэта трэба тлумачыць, яны гэтага не разумецюць. Да таго ж нацыянальнай ідэяй трэба рабіць добразычлівасць нашай краіны. Беларусы ― добрыя людзі, але крыху не хапае выхавання. Людзі не вандруюць і не разумеюць, як да турыстаў ставяцца ў іншых краінах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі