Вітаўт Мартыненка надрукуе лаянкі беларускіх рокераў
У сваёй новай кнізе музычны крытык сабраў сваркі з інтэрнэт-форумаў наконт беларускага рока і назваў імёны тых, "хто забівае беларускую песню".
Вядомы музычны крытык Вітаўт Мартыненка аддаў у друк сваю новую кнігу "Рок On-line". Як распавёў Еўрарадыё сам аўтар, на напісанне кнігі яго падштурхнула лаянка ў інтэрнэце.
Вітаўт Мартыненка: "На
сайце "Музычнай газеты" нехта стварыў такую тэму: "222 альбомы ці фак
ад Плясанава". То бок нехта на канцэрце ўбачыў нейкі фак і пра гэта ідзе
дыскусія: пра гурт "План", пра тое, што яны сабе дазваляюць, маўляў,
нават панкі такога не дазваляюць. Дарэчы, калі гэтую тэму зачынілі,
узнікла новая: "Плясанаў, Мартыненка, Мяльгуй - хворыя людзі".
Менавіта гэтая лаянка на форумах з каментарамі і цытатамі з літаратурных твораў і стала асновай кнігі Вітаўта.
Вітаўт Мартыненка: "Вось
тое, што я думаю пра гэта, а вось, што думае наша літаратура, бо гэта
публіцыстыка, якая разышлася пэўнымі накладамі, і даю цытату. Цытаты з
Васіля Якавенкі, Кастуся Акулы, Кастуся Травеня і там усё так да тэмы!"
Сам аўтар ахарактарызаваў сваю новую кнігу як музычна-публіцыстычны дэтэктыў.
Вітаўт Мартыненка: "У
чым дэтэктыў? Ёсць простае пытанне: чаму народ з вялікай гісторыяй у
цэнтры Еўропы сядзіць у лапцях і анучах і енчыць. Маўляў, мы ўбогія,
гэта ў нас не атрымаецца, мы малады народ, нам толькі 70 гадоў. І нас
скубуць акурат тым, што ў нас няма вялікай гісторыі. Дык вось на базе
маскультуры я паказваю, хто забівае беларускую песню ў Беларусі, хто
жадае зрабіць так, каб мова была непатрэбная. Дык вось кніга паказвае
хто".
Вітаўт распавёў, што ў інтэрнэт спрэчках удзельнічалі і
вядомыя прадстаўнікі шоў-бізу, але пакуль іх імёны называць адмовіўся.
Адзінае ён дадаў, што многія з іх лаяліся не пад сваімі імёнамі і гэта
таксама дадало кнізе элемент дэтэктыва, бо ў выніку аўтар выкрывае
сапраўдныя імёны ўсіх, хто ўдзельнічае ў лаянцы.
Варта
адзначыць, што афармленнем "Рока On-line" займалася дачка Вітаўта
Мартыненкі. Першапачатковы замоўлены наклад – 500 асобнікаў, якія можна
будзе набыць у Таварыстве беларускай мовы, на беларускіх канцэртах ды ў
самога аўтара.
Каштаваць адна кніга будзе прыкладна 15 тысяч.
Адзінае, што да гэтага часу невядома дакладнай даты, калі яе можна будзе
пачынаць шукаць.