Vinsent паабяцаў “Ні кроку назад”

На сваім сольным канцэрце, які адбыўся ў дзень Перамогі, рэпер Vinsent выглядаў пераможцам: музыка выйшаў на сцэну у паўваенным фрэнчы і ў будзёнаўцы з Пагоняй на кукардзе. Публіка не магла глядзець абыякава на свайго улюбёнца і падлівала алею ў агонь, завадзіўшы пераможнае “Жыве Беларусь!”. Сцягоў у зале не было — усё ж такі, Мінск – не Вільня, а “Рэпаблік” не “Лофтас”, — але бел-чырвона-белыя стужкі часам сустракаліся.

Канцэрт праходзіў у два аддзяленні. Разам з хітамі гучалі свежыя песні. Напрыканцы першай часткі разам з Вінсэнтам песню "Не пакіну" выканала Саша Захарык.

У перапынку паміж часткамі адбылася, магчыма, галоўная падзея вечара — прэзентацыя кліпа на песню “Ні кроку назад” з новага аднайменнага сінглу. У менш чым чатыры хвіліны кліпу умясціліся амаль усе асноўныя моманты з фільму “Вышэй за неба”, саўндтрэкам да якога з'яўляецца песня. Дарэчы, сцэнарыст праекту Андрэй Курэйчык, які асабіста прэзентаваў кліп, паабяцаў у хуткім часе пераадолець усе цяжкасці і паказаць сам фільм.

Пасля паказу кліпа Vinsent выканаў песню нажыва. Таксама ў другой частцы канцэрту прагучаў, стаўшы для многіх сюрпрызам, кавер на "Не быць скотам" Ляпісаў.

Такім чынам, галоўная надзея беларускага рэпу Vinsent даваў вялікі сольны канцэрт. Да галоўнай надзеі рэпа расійскага, Івана Аляксеева ака Нойз ЭмСі, на канцэртах якога Рэпаблік звычайна забіты пад завязку, Змітру Папко з сябрамі пакуль што далёка, але й паўпустым клуб нельга было назваць. Дарэчы, Vinsent і Noize MC маюць даволі шмат агульнага — абодва з сольных рэп-выканаўцаў перайшлі да фармату паўнавартасных рок-гуртоў, у абодвух асабістыя псеўданімы сталі назвамі такіх гуртоў, ды і ў тэматыцы песень ёсць нешта падобнае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі