Вільня пачала святкаваць 700-гадовы юбілей. Першая згадка пра горад адносіцца да 25 студзеня 1323-га, калі пра яго было напісана ў лісце вялікага князя Гедыміна. Вільня была сталіцай Вялікага княства Літоўскага, яе гісторыя цесна звязана з Беларуссю.
Як піша Delfi, у сераду ў Вільні з нагоды юбілею прайшлі шматлікія мерапрыемствы: урачыстае ўзняцце сцяга на Ратушнай плошчы, набажэнствы, адкрыццё выставаў, святочны канцэрт. Цэнтрам святкавання ўвечары стала Кафедральная плошча, дзе наладзілі захапляльнае шоу. Святкаванне будзе працягвацца і ў наступныя дні.