Вы тут

Віктар Пракапеня: У турме немагчыма "насіць маску"

Віктар Пракапеня / probusiness.io

IT-бізнесмен Віктар Пракапеня выступіў на форуме High Tech Nation 2019, які праходзіў у Мінску 1-2 лістапада. Разважаючы пра тое, як важна ўмець мяняць свой пункт гледжання, ён нечакана згадаў турму.

Па словах Пракапені, людзі схільныя прымяраць на сябе розныя маскі і граць ролі. Гэта адбываецца само сабой: з партнёрамі, з падначаленымі, з сям'ёй і сябрамі мы паводзім сябе па-рознаму.

"Дык вось, трапляючы ў такія ўмовы, як, напрыклад, турма, "насіць маску" немагчыма. Калі 15 чалавек месяцамі разам жывуць у памяшканні 30 квадратных метраў, то пачынаюць бачыць адзін аднаго наскрозь. Такімі, якімі яны ёсць, — цытуе Пракапеню dev.by. — І людзі, якія праз усё гэта праходзяць, пачынаюць разумець нешта вельмі важнае не толькі адзін пра аднаго, але і пра сябе. Я кажу ў першую чаргу пра бізнес, які там апынаецца.

І самая бізнес-рэлевантныя рэч, якую яны пачынаюць разумець, гэта пра тое, што нам складана мяняць сваё меркаванне. Гэта такая асаблівасць характару беларускіх людзей бізнесу — нам здаецца, што, змяніўшы пункт гледжання, мы праяўляем слабасць".

Бізнесмен лічыць, што змена меркавання не нясе паразы — наадварот, гэта робіць чалавека мацнейшым. А адсутнасць гнуткасці прыводзіць да таго, што папярэднія перамогі пачынаюць замінаць прадпрымальніку атрымліваць наступныя.

У 2015 годзе Віктар Пракапеня больш за восем месяцаў правёў у СІЗА. За гэты час ён скінуў 20 кг і прачытаў каля 150 кніг.

Пра затрыманне бізнесмена стала вядома 3 красавіка 2015 года. Паводле інфармацыі Следчага камітэта, Пракапеня, "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы продажу IT-тэхналогій без адпаведнай дзяржаўнай рэгістрацыі як суб'екта гаспадарання". Незаконны даход, які атрымаў прадпрымальнік, следчыя ацанілі ў $650 тысяч. Аднак 22 снежня ён быў вызвалены з-пад варты. У лютым 2016 года яго пераслед быў спынены за адсутнасцю складу злачынства.

Пасля выхаду з СІЗА Віктар Пракапеня стаў адным з самых вядомых беларускіх IT-бізнесменаў і найбуйнейшым прыватным падаткаплацельшчыкам Беларусі. Яго кампанія VP Capital і Larnabel Ventures сям'і Гуцырыева інвестуюць у стартапы. Пасля прыняцця ў Беларусі дэкрэта №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі" Пракапеня і Гуцырыевы запусцілі ў Беларусі першую ў краінах СНД рэгуляваную крыптабіржу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.