Вы тут

Відэаблогер-статысячнік MINSKI — пра NEXTA, сувязь з КДБ і самацэнзуру

Марат Мінскі / euroradio.fm

"Мяне ўсе называюць палітычным блогерам, але я сябе такім не лічу. Я заўсёды сябе пазіцыянаваў як інфармацыйна-забаўляльны блогер", — расказвае Еўрарадыё Марат Мінскі. Некалькі дзён таму колькасць падпісчыкаў на яго канале ў YouTube дасягнула 100 тысяч чалавек. MINSKI — самы папулярны блогер, які ў сваіх відэа абмяркоўвае навіны Беларусі і ў тым ліку крытыкуе ўладу. З адной агаворкай: самы папулярны з тых, хто жыве ў Беларусі.

Першы хайп, палітычныя амбіцыі і заробкі відэаблогера ў Беларусі — пра гэта і не толькі ў інтэрв'ю з Маратам.

  

Пра стварэнне канала

Усё пачалося з 2012 года. Я быў кіраўніком моладзевага грамадскага аб'яднання "Авангард". Канал першапачаткова ствараўся пад яго патрэбы: мы ладзілі забаўляльныя флэшмобы (мокрыя войны, танцавальныя флэшмобы), пілавалі відосікі і выкладвалі іх. Потым арганізацыя развалілася, канал закінуўся. Да яго я вярнуўся годзе ў 2016-м — дзесьці за паўгода да вулічных маршаў "недармаедаў". 

Пра першы хайп

Сам дэкрэт аб "дармаедстве" мяне не закранаў. Але тэма чапляла мае ўнутраныя пачуцці і выклікала адчуванне несправядлівасці. Мне падалося, што гэта досыць цікавая тэма, для шырокага кола. На тэме "дармаедства" мой канал і стрэліў. Я добра памятаю вечар, калі заліваў на Ютубчык першы відос пра "дармаедства". Перажываў, таму што было страшна. Ролік заліў толькі праз паўтара дня пасля таго, як зрабіў яго. Да апошняга думаў, публікаваць яго ці не. У выніку "трэба" перамагло.

 

Пра вучобу

Мяне двойчы адлічвалі з універсітэта. Я вучыўся ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва на палітолага-юрыста. Была такая сістэма, што перад пачаткам лекцыі нам выдавалі кампакт-дыскі з усімі матэрыяламі, але пры гэтым прымушалі хадзіць на лекцыі. Я зразумеў, што пачаў тупець. І пачаў хадзіць толькі на семінары і нейкія залікі. Першы раз мяне адлічылі, калі я, будучы студэнтам, балатаваўся ў мясцовы Савет дэпутатаў... Вядома, гэта ўсё было пад маркай пропускаў. Другі раз мяне таксама адлічылі за пропускі, але гэта ніяк не было звязана з грамадскай дзейнасцю.  

Пра армію

Я не служыў. Можа, гэта і няправільна, але я ганаруся тым, што адкасіў. Я лічу, што служба ў арміі — гэта бессэнсоўнае марнаванне часу. Паўтара года — гэта занадта шмат. Я б гатовы быў прайсці нейкую фізічную падрыхтоўку. Шэсць месяцаў, напрыклад. 

 

Пра NEXTA

Я не лічу Сцёпу канкурэнтам. Хоць бы таму, што гэта не бізнес, мы не зарабляем грошай. Мы, хутчэй, калегі, якія адзін аднаго дапаўняюць. Мы робім агульную справу, нягледзячы на тое, што нашы меркаванні могуць не супадаць. Я да Сцёпы добра стаўлюся, хоць асабіста і не знаёмы. Па ім відаць, што ён хлопец не дурны. Але прызнаюся, я не гляджу NEXTA на Youtube — проста таму, што мы падымаем адны тэмы і я і так ужо валодаю гэтай інфармацыяй. Але яго телеграм чытаю.

Пра хэйтараў і “куратара з КДБ”

Людзі маюць права на сваё меркаванне, і асабіста мне гэтая фішка [падазрэнне хэйтараў, што Марата курыруе КДБ. — Еўрарадыё] падабаецца. Вось калі прыедзе да мяне "сярэбраная кнопка", то ўжо ёсць планы абыграць гэта ўсё з пагонамі і гэтак далей.

Прамога кантакту са спецслужбамі і нейкімі дзяржорганамі ў мяне не было. Некалькі месяцаў таму патэлефанаваў незнаёмы нумар, голас па той бок трубкі прадставіўся "крымінальным вышукам" і назваў мяне па імені і па бацьку. Спыталі, калі я бачыў апошні раз "Васю Пупкіна"? А я не ведаю ніякага "Васі Пупкіна". Сказалі, што чалавек знік і апошні, каму ён тэлефанаваў, гэта я. Пачалі мяне па тэлефоне, так скажам, прасаваць. І пасля мне кажуць: "Трымаем вас на кантролі". Гэта ўсё.

     

Пра самацэнзуру 

А чаго ад мяне чакаюць? Каб я пераходзіў на асобы? Так, я магу абвінаваціць у чымсьці 10 канкрэтных чалавек, і заўтра са мной можа нешта здарыцца. Мая задача — гэта не кагосьці ў чымсьці выкрыць, а проста падняць пытанне, каб праясніць сітуацыю. Як ні круці, у любой сітуацыі ёсць два бакі. Вось, напрыклад, Еўрапейскія гульні, якія я захэйціў. А задумка ж цалкам прыкольная! Хто мог падумаць, што прыедзе так мала турыстаў? Так, гэта — бізнес-план, які праваліўся.       

 

Пра ўдзел у палітычным жыцці 

Палітычных амбіцый у мяне няма. Многія мне пішуць: "Давай-давай". Некаторыя нават спрабуюць набіцца на сустрэчу: маўляў, давай што-небудзь разам зробім, маўляў, я планую балатавацца — акажы падтрымку. Не буду гаварыць, хто гэты чалавек, але ён перыядычна з'яўляецца ў студыі Еўрарадыё.   

Пра манетызацыю

У мяне невялікі бізнес — відэапрадакшн. Адзін з нашых прадуктаў — відэаканалы "пад ключ". Я і мая каманда вядзём некаторыя каналы ў Беларусі і прасоўваем іх. Мой канал — гэта своеасаблівае партфоліа.

Расчарую многіх: сам Youtube-канал амаль нічога не прыносіць. За мільён праглядаў мне прыходзіць 180 долараў. Мільён праглядаў я ў лепшым выпадку набіраю за 8 ролікаў, а для мяне гэта паўтара-два месяцы працы. Мы вельмі доўгі час працавалі ў мінус, але цяпер пачалі патроху выпаўзаць у нуль.

   

Пра адказнасць перад падпісчыкамі 

Я не лічу сябе медыя. На самай справе з павелічэннем колькасці падпісчыкаў нічога не змянілася. Напэўна, гэта такі чалавечы фактар: хочацца ўсё больш і больш. Калі б у мяне быў мільён падпісчыкаў, вось тады была б якая-небудзь адказнасць.