Віцебскага апазіцыянера С.Каваленку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання

Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У Чыгуначным РАУС горада на актывіста склалі пратакол аб незаконным пікетаванні.

Дзяжурны суддзя суда Чыгуначнага раёна не стаў разглядаць яго справу, і затрыманага адправілі ў ІЧУ да панядзелка, 28 красавіка. Нагадаем, член КХП-БНФ Сяргей Каваленка выйшаў 26 красавіка на вуліцу Леніна пад бел-чырвона-белым сцягам. Паводле яго слоў, такім чынам ён хацеў прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем наступстваў чарнобыльскай катастрофы, актуальных для Беларусі.

Пад сцягам актывіст змог прайсці ўсяго пяць-шэсць хвілін. Яшчэ каля дзесяці хвілін ён прастаяў са сцягам у акружэнні супрацоўнікаў міліцыі.

Дастаўленага ў той жа Чыгуначны РАУС апазіцыянера Барыса Хамайду супрацоўнікі міліцыі адпусцілі праз тры гадзіны пасля затрымання. Актывіст апазіцыі паведаміў, што ў яго ўзялі пісьмовыя тлумачэнні наконт недзяржаўных газет "Народная воля" і "Курьер из Витебска", якія ён распаўсюджвае.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі