Венецыянаская Біенале па-беларуску (фотарэпартаж)

Беларусы ў 52 раз не паехалі ў Венецыю, затое, нарэшце, сабралі ўсіх сучасных мастакоў у адным павільёне. Экспазіцыю пад назвай "Беларускі павільён 53 Венецыянскай біенале" прадставілі мінскай публіцы з 3 па 6 чэрвеня ў выставачным цэнтры "Белэкспа".



Венецыянская біенале — гэта адзін з самых вядомых форумаў сучаснага мастацтва, праходзіць раз на два гады, зразумела, у Венецыі. Беларусь на гэтай Біенале выстаўлялася толькі аднойчы, і тое выпадкова — знайшоўся спонсар, які праплаціў дарагую выставачную арэнду павільёна.



У гэтым годзе біенале ў Венецыі адбываецца ў 53 раз, і ў 52 раз без Беларусі. Але нашы мастакі на чале з ідэямі арт-галерэі “Падземка” вырашылі зрабіць альтэрнатыву такому "пралёту" ў Венецыі і арганізавалі свой, “Беларускі павільён”, толькі ў Мінску, у межах спецыялізаванай выставы "Дызайн Фармат".



Раней "Дызайн Фармат" займаў усе два паверхі "Белэкспа", але сёлета арганізатары — Беларускі Саюз Дызайнераў — вырашылі паэксперыментаваць, і прапанавалі сучасным мастакам далучыцца да іх.



Ці не дыскрэдытаваў сябе беларускі дызайн такім чынам?
 
Еўрарадыё запытала Лізу Міхальчук, куратара “Беларускага павільёна 53 Венецыянскай біенале”:

“Гэта добрая апазіцыя. У тым плане, што на першым паверсе выставы можна пабачыць менавіта дызайнерскую экспазіцыю, функцыянальныя распрацоўкі, а наверсе — прагрэсіўную кухню, творчыя ідэі, ад якіх беларускі дызайн і мусіць адштурхоўвацца і расці, каб стаць круцейшым”.


 
Для сучасных беларускіх мастакоў другі паверх стаў “выхадам мастацтва ў народ”. Яны нават не саромеліся “адзначаць” гэтую справу ў выставачнай кавярні за пляшачкай-другой (усё культурна!).



Не саромеліся мастакі і адкрываць выставу. Арганізатары падумалі, што добра было б неяк абазначыць “пачатак” і “канец”. Спачатку думалі запрасіць тэатральныя калектывы, а пасля вырашылі абысціся ідэямі саміх мастакоў, тым больш, што сярод іх ёсць адчайныя перформеры.



Такім чынам “Дызайн-Фармат” і “Беларускі Павільён” адкрывалі мастак Канстанцін Мужаў са сваім напарнікам, якія голыя, вымазаныя толькі ў белую фарбу, квэцалі пэнзлямі па белых палотнах ля ўваходу ў “Белэкспа”, пасля іх завярнулі ў гэтыя палотны і вынеслі.
 
“Творца зыходзіць — след ад мастацтва застаецца” — патлумачыў сэнс перфомансу Канстанцін Мужаў.



10 хвілін шоку, і публіка магла спакойна заходзіць у выставачны цэнтр, дзівіцца на дызайн і ацэньваць беларускае сучаснае мастацтва.



І што за мастацтва?

Працы 28-мі беларускіх творцаў у самых розных стылях: выяўленчае мастацтва, скульптура, аўдыё-візуальнае мастацтва і г.д.





“Узровень мастакоў, якія прадстаўлены на “Павільёне”, не тое што дастаткова высокі! Гэтыя людзі вядомыя на еўрапейскім і сусветным узроўні”, — сказала пра ўдзельнікаў Аня Чыстасердава, арт-дырэктар галерэі “Падземка”.



А пра тое, чаму вядомыя мастакі не трапілі на рэальную Біенале, Аня сказала, што "праблема толькі ў тым, што адсутнічаюць інвестыцыі і пляцоўкі, дзякуючы якім мастакі могуць нармальна развівацца”.



Пры далейшым развіцці тэмы “сучаснае беларускае мастацтва” высветлілася, што ў Беларусі праблемы на ўсіх узроўнях — пачынаючы ад школы і завяршаючы Акадэміяй мастацтваў, дзе крок управа ці ўлева азначае “дрэнна”. А сучаснае мастацтва — гэта цалкам эксперыменты.




 
Але што маем, то маем, і гэта трэба ацаніць!
 
Усім наведвальнікам “Павільёну” выдалі палову “А4” — разрэзаныя нажніцамі вельмі важныя анкеткі з тэкстам:
 
“Паважаны глядач!
Прапануем прыняць удзел у публічным галасаванні, па выніках якога выявіцца адзін з прызёраў праекта. Другі будзе абраны прафесійным журы”.



І вось ён вынік: самым яскравым і падыходзячым да таго, каб рэпрэзентаваць Беларусь на рэальнай Венецыянскай Біеанале, па меркаванні як журы, так і гледачоў (супала!), стаў мастак пад апошнім нумарам “28” — Сяргей Шабохін. Апроч усяго — самы малады ўдзельнік “Павільёну”.



У якасці ўзнагароды… не, на Біенале Сяргей не паедзе, хай яшчэ падрасце і назбірае столькі грошай, а вось персанальную выставу галерэя “Падземка” яму паабяцала.
 
Выстава адбудзецца адразу, як толькі адноўленая галерэя рэінкарнуецца ў іншую, круцейшую і наземную (пра рэінкарнацыю галерэі чытайце ў хуткім часе на Еўрарадыё).


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі