Вашынгтон сочыць за тым, ці дазволяць улады святкаваць у Мінску Дзень Волі

Вашынгтон сочыць за тым, ці дазволяць улады святкаваць у Мінску Дзень Волі

Вашынгтон сочыць за тым, ці дазволяць улады святкаваць у Мінску Дзень Волі. Гэта вынікае з выказвання ў інтэрв'ю парталу TUT.by намесніка памочніка Дзяржсакратара ЗША Джорджа Кента, які прыехаў у нашу краіну з афіцыйным візітам. Ён нагадаў, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, цэняць яе ўнёсак у рэгіянальную бяспеку, разлічваюць на пашырэнне супрацоўніцтва ў тых галінах, дзе інтарэсы Вашынгтона і Мінска супадаюць.

"Мы часткова прыпынілі дзеянне санкцый пасля таго, як беларускія ўлады выпусцілі на свабоду шасцярых палітвязняў у жніўні 2015 года, — кажа прадстаўнік Дзярждэпа. — У кастрычніку мінулага года ЗША працягнулі рэжым часовага прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх кампаній не на шэсць месяцаў, як рабілася раней, а на дванаццаць". Пры гэтым улічваліся шматлікія фактары, у тым ліку і "пазітыўны падыход беларускіх уладаў да свабоды сходаў на працягу мінулага года". Джордж Кент згадаў пра святочныя мерапрыемствы на 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як вядома, летась мітынг і канцэрт прайшлі каля Опернага тэатру. Сёлета арганізатары хацелі іх правесці на стадыёне "Дынама". Аднак Аляксандр Лукашэнка, адказваючы падчас "Вялікай размовы" на пытанне Еўрарадыё, заявіў, што акцыю на "Дынама" не дазволяць. Праз некалькі дзён мінскім уладам падалі новую заяўку.

"Дазвол на правядзенне падобнага мерапрыемства... будзе расцэнены як чарговы крок наперад", — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпа ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі