Вадзім Іосуб: Галоўнае – не друкаваць грошы на павышэнне заробкаў

120518 Iosub_site.mp3

Еўрарадыё: Мінстр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец у размове з Еўрарадыё параіў забывацца пра крызіс. З іншага боку, эксперты МВФ заявілі, што ў Беларусі магчымы другі віток крызісу. Каму верыць?

 

Вадзім Іосуб: Насамрэч, у такой сітуацыі верыць напэўна нельга нікому, а думаць сваёй галавой. Сапраўды, у нашай эканоміцы ёсць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, ў прыватнасці, ўмацоўваецца беларускі рубель, удалося стабілізаваць інфляцыю ў параўнанні з мінулым годам. Але не першы раз у нас узнікае сітуацыя, калі на фоне пэўных поспехаў у эканоміцы ў кіраўніцтва, у эканамічных уладаў пачынаецца галавакружэнне ад поспехаў. На жаль, з гэтым мы ўжо сутыкаліся. З іншага боку, наконт прагнозаў МВФ таксама не да канца зразумела, адкуль яны бяруць свае лічбы ў прагнозах развіцця нашай эканомікі. Калі іх прагноз пра тое, што наш ВУП ўзрасце на 3 адсоткі, цалкам адэкватны, то прагноз адносна інфляцыі – 38,4 адсоткі па выніках года – выклікае некаторыя пытанні, бо, калі адсочваць інфляцыю за мінулыя чатыры месяцы і зрабіць дапушчэнне, што працэсы будуць развівацца ў тым жа ключы, то цалкам можна меркаваць, што па выніках году ва ўрада і Нацбанка атрымаецца пакінуць інфляцыю ў тых памерах, як яны запланавалі, а менавіта 22 адсоткі. Але пры адной умове – калі не будзе дырэктыўнага росту заробкаў, і калі не будзе эмісіі, то бок друкавання грошай на фінансаванне дзяржпраграм.

 

Еўрарадыё: Спадар Харкавец адзначыў, што заробак у 500 долараў цалкам рэальны для Беларусі ў цяперашняй сітуацыі. Як вы можаце пракаментаваць гэтую заяву?

 

Вадзім Іосуб: Вялікая гэтая лічба ці маленькая, магчымая ці немагчымая – гэта эмацыйныя ацэнкі. Калі запланаваны падобны рост заробкаў, то трэба глядзець, з якіх крыніц гэты заробак будзе выплачвацца. Калі мы гаворым пра заробкі бюджэтнікаў, відавочна, што крыніцай з’яўляецца бюджэт, а дакладней – даходы бюджэту. Што адбывалася напрыканцы 2010 года? Рост заробкаў да 500 долараў не быў забяспечаны даходамі бюджэту. Для гэтых мэтаў проста надрукавалі грошай. Гэта прывяло да інфляцыі, гіпердэвальвацыі і г.д. То бок, калі сабраныя падаткі дазваляюць павялічыць заробак бюджэтнікам, можна яго павышаць хоць да 1000 долараў. Калі ж грошай нестае і давядзецца іх дадрукоўваць, то ўзнікнуць праблемы. Тое ж можна сказаць і пра заробкі ў небюджэтным сектары. Калі прадпрыемства працуе добра, атрымлівае прыбытак, то з гэтага прыбытку яно можа колькі заўгодна павышаць заробак працаўнікам. На пачатку 2011 года прадпрыемствы сутыкнуліся з тым, што грошай няма, прыбыткаў няма, а заробак дырэктыўна падвышаць трэба. Яны бралі крэдыты на выплату заробкаў. А грошы на гэтыя крэдыты таксама друкаваліся Нацбанкам.

 

Еўрарадыё: А ці ёсць цяпер грошы у прадпрыемстваў і ў дзяржавы, каб павышаць заробкі?

 

Вадзім Іосуб: Тут сітуацыя можа быць рознай. Напрыклад, адно прадпрыемства можа павысіць заробак, а другому – самы час яго паменшыць. З аднаго боку,хоць невялікімі тэмпамі, але ВУП расце – каля 3 адсоткаў. З іншага боку, многія прадпрыемствы працуюць на склад – у іх не атрымліваецца рэалізаваць сваю прадукцыю. З бюджэтам таксама не ўсё добра. Калі гаварыць пра кансалідаваны бюджэт – у студзені ён быў з прафіцытам, а ў наступныя месяцы мы маем невялікі дэфіцыт бюджэту, расходы перавышаюць даходы. На дадзены момант лішніх грошай у бюджэце на павышэнне заробкаў няма. Можна, у прынцыпе, пераразмеркаваць грошы – павышаць заробак за кошт таго, што зменшацца нейкія іншыя расходы. У гэтым выпадку можна павялічыць заробак без інфляцыйнай рызыкі. Галоўнае – каб не пачалі проста друкаваць грошы на гэтыя мэты.

Еўрарадыё: МВФ звяртае ўвагу на тое, што Беларусь у 2012-2014 гадах мае вярнуць пазыку фонду ў 3 мільярды 600 мільёнаў долараў, і цяпер шукае грошы на рэфінансаванне гэтай пазыкі. Як гэта адаб’ецца на стане нашай эканомікі?

 

Вадзім Іосуб: Насамрэч, гэтае станоўчае сальда гандлёвага баланса, якім ганарацца нашы ўлады, яно не ўлічвае выплату экспартнай пошліны на карысць Расіі. Калі гэтыя грошы ўлічыць, то сальда робіцца станоўчым зусім нязначна, каля нуля. Уласна кажучы, ні МВФ, ні фонд ЕўрАзЭС, ні нават беларускія ўлады мінулай восенню не хавалі факту, што для рэалізацыі выплат па запазычанасцях неабходная масавая прыватызацыя мінімум на два з паловай, а з улікам дадатковых інвестыцый – на тры з паловай мільярды долараў за год. Апошнім часам ідзе незразумелая рыторыка наконт гэтай прыватызацыі. Чарговы раз мы чуем што не будзе абвальнай прыватызацыі. А ўласна кажучы, продаж буйных кампаній – адзіная крыніца, на якую можа разлічваць краіна, каб сплачваць свае пазыкі. Так што, калі продажу буйных прадпрыемстваў не адбудзецца – то ўзнікаюць пытанні з крыніцамі грошай для выплаты пазык.

Еўрарадыё: Віцэпрэм’ер Беларусі Ўладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь павінна быць гатовая да падвышэння коштаў на газ, і цяперашнюю “газавую паўзу” павінна выкарыстоўваць для ўзняцця энергаэфектыўнасці эканомікі краіны. На вашу думку, калі гэтае падвышэнне можа адбыцца і якія наступствы будзе мець для нашай эканомікі?

 

Вадзім Іосуб: З Расіяй у нас дасягнутая дамоўленасць пра тое, што выраўноўваюцца кошты на газ для расійскіх і беларускіх спажыўцоў з улікам коштаў дастаўкі. А хутчэй за ўсё, можа весціся пра тое, што пры нязменных уваходных коштах на расійскі газ наш урад паспрабуе ўзняць кошты на ўнутраным рынку для ўнутраных спажыўцоў, проста для таго, каб павялічыць свае прыбыткі.

Еўрарадыё: Але тады павысяцца кошты беларускіх тавараў і знізіцца іх канкурэнтаздольнасць?

 

Вадзім Іосуб: Хутчэй за ўсё – так, наступствы будуць менавіта такія, асабліва з улікам таго, што большасць нашых прадпрыемстваў мае нізкую энергаэфектыўнасць. Складана ўзяць і проста з паветра зарабіць грошы. Урад падыходзіць да гэтага так: зараз мы павысім кошт для ўнутранага спажыўца, і ў бюджэце з’явяцца лішнія грошы. А за любыя грошы ў эканоміцы даводзіцца плаціць. У дадзеным выпадку давядзецца плаціць памяншэннем рэнтабельнасці прадпрыемстваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі