Вадкасць, якой атруціліся пяць школьнікаў у санаторыі, прывёз адзін з іх

Вадкасць, якой атруціліся пяць школьнікаў у санаторыі, прывёз адзін з іх

Сталі вядомыя падрабязнасці атручвання пяці школьнікаў у санаторыі ў Светлагорскім раёне. Як паведамляе тэлеканал СТВ, падлеткі выпілі вадкасць, якую прывёз адзін з іх. 

Як распавядала Еўрарадыё, 14 верасня пяць падлеткаў 10-15 гадоў атрымалі моцнае атручэнне. Паводле папярэдніх звестак, хлопчыкі выпілі вадкасць ад вошаў. Двух з іх у цяжкім стане адправілі ў Гомель. Яшчэ трох спярша шпіталізавалі ў Светлагорскую лякарню, але потым таксама накіравалі ў абласны цэнтр. 

Як паведамляе СТВ, падлеткі сапраўды атруціліся чамярычнай вадой — ветэрынарным сродкам для барацьбы з вошамі. Гэта пацвердзіла бабуля аднаго з іх. Унук узяў у санаторый з бабулінай шафы бутэльку з гэтай вадкасцю, у якой 67% складае чысты этылавы спірт, а астатняе — смяротна небяспечныя алкалоіды. Па словах лекараў, чамярычная вада для чалавека з'яўляецца смяротнай атрутай. 

Дапамагло падлеткам тое, што педагогі зладзілі ім прамыванне страўнікаў яшчэ да прыезду лекараў. 

Дырэктарка Званецкай базавай школы, дзе вучацца хлопчыкі, Святлана Логвінава адзначае, што ўсе пацярпелыя — дзеці з добрых сем'яў, ніхто з іх на ўліку не знаходзіўся. 

Матывы ўчынку ды іншыя акалічнасці здарэння высвятляе міліцыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі