Вы тут

Ва Узбекістане арыштавалі Гульнару Карымаву — дачку былога прэзідэнта краіны

Фота: fakty.ictv.ua

Пракуратура Узбекістана паведаміла пра затрыманне Гульнары Карымавай. Па версіі следства, у 2001-2013 гадах дачка былога прэзідэнта краіны Іслама Карымава кантралявала арганізаваную злачынную групоўку, якая займалася эканамічнымі злачынствамі.

У 2015 годзе Карымава ўжо была асуджаная на пяць гадоў абмежавання волі. Яе прызналі вінаватай у вымагальніцтве, крадзяжы, "адмыванні" грошай. Расследаванне па іншых эпізодах крымінальнай справы было вылучанае ў асобную вытворчасць і працягвалася ўвесь гэты час. 

У 2016 годзе, пасля смерці Іслама Карымава, Гульнара быццам бы знікла. Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што яна знаходзіцца пад хатнім арыштам. Зараз мера ўтрымання змененая на ўтрыманне пад вартай.

Затрыманай прад'яўлена абвінавачванне па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх завалоданне чужой маёмасцю, утойванне замежнай валюты, парушэнне мытнага заканадаўства, парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг, падробка дакументаў, легалізацыя даходаў, атрыманых ад злачыннай дзейнасці.

Легалізаваныя актывы арганізаванай злачыннай групоўкі знойдзеныя ў 12 краінах свету, у тым ліку ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Францыі, Іспаніі, Расіі.

Страты, якія Гульнара Карымава нанесла дзяржаве, ацэньваюцца ў 3,7 трлн узбекскіх сумаў. Па сённяшнім курсе гэта крыху менш за $1 млрд.

Гульнара Карымава нарадзілася 8 ліпеня 1972 года. Пакуль яе бацька знаходзіўся пры ўладзе, яна займала ва Узбекістане шэраг кіруючых пасадаў. Гульнара займаецца мадэльным бізнесам (брэнд Guli), піша вершы і музыку (псеўданім Googoosha).