Ва Украіне заблакуюць доступ да "Яндэкса", "Вконтакте" і "Аднакласнікаў"

Ва Украіне заблакуюць доступ да "Яндэкса", "Вконтакте" і "Аднакласнікаў"

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ пра новыя санкцыі супраць Расіі. Сярод іншага яны прадугледжваюць блакаванне доступу да сацсетак "Вконтакте" і "Аднакласнікі". 

Указ Парашэнкі набыў моц 15 траўня 2017 года. Паводле яго, пад санкцыі трапляюць 468 расійскіх і ўкраінскіх кампаній, а таксама 1228 фізічных асоб. У прыватнасці, у "чорны спіс" увайшлі такія інтэрнэт-кампаніі, як Mail.ru Group, ТАА "Вконтакте" і ТАА "Яндэкс".

На Mail.ru Group (і яе ўкраінскую "дачку" "Мейл.ру Україна") санкцыі ўводзяцца да 15 траўня 2020 года. На працягу гэтага часу актывы кампаніі ва Украіне будуць заблакаваныя, і самой ёй забаронена выводзіць капітал за межы краіны. Такія ж меры прымаюцца да сацсеткі "Вконтакте" і яе ўкраінскай даччынай кампаніі "ВКонтакті". 

Таксама на тры гады ўкраінскія інтэрнэт-правайдары абавязаныя зачыніць карыстальнікам доступ да сэрвісаў Mail.ru, а таксама сацыяльных сетак "Вконтакте" і "Аднакласнікі".

Ааналагічныя санкцыі ўведзеныя супраць "Яндэкса" (у тым ліку "Яндэкс. Україна"). Правайдэрам загадана закрыць доступ да ўсіх рэсурсаў "Яндэкса" — ад галоўнай старонкі пашуковіка і агрэгатара навін да сэрвісу перакладаў і "Яндекс. Таксі". 

А вось сэрвіс "Яндэкс. Надвор'е" застаўся амаль некрануты: пад забарону трапілі толькі адрасы, па якіх можна паглядзець надвор'е ў Маскве і Кіеве.

Як інфармуе сайт epravda.com.ua, “Укртэлекам” ужо пачаў блакаваць згаданыя расійскія рэсурсы. У ведамстве адзначаюць, што “працэс даволі складаны і вымагае пэўнага часу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі