"Узрушаны" — кіраўнік МЗС Літвы пра смерць Рамана Бандарэнкі

Людзі сабраліся на "Плошчы перамен" пасля з'яўлення інфармацыі пра смерць Рамана Бандарэнкі / Еврорадио
Людзі сабраліся на "Плошчы перамен" пасля з'яўлення інфармацыі пра смерць Рамана Бандарэнкі / Еврорадио

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус адрэагаваў на інфармацыю пра смерць Рамана Бандарэнкі. Ён напісаў на сваёй старонцы ў Twitter, што ўзрушаны і выказаў спачуванні сям'і і сябрам загінулага хлопца.

"Раману быў усяго 31 год. Дзіўны цынізм, жорсткасць рэжыму і грубае ігнараванне памкненняў людзей да пераменаў", — напісаў Лінкявічус.

Пра смерць Рамана Бандарэнкі стала вядома ўвечары 12 лістапада. 11 лістапада яго затрымалі ў двары на "Плошчы перамен". Ён выйшаў у двор разам з суседзямі, каб пагутарыць з невядомымі людзьмі, якія прыехалі зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі. Завязалася сварка, невядомы накінуўся на Бандарэнку. Мужчыну панеслі ў мікрааўтобус. Тым жа вечарам у несвядомым стане яго з РУУС даставілі ў Бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Бандарэнку зрабілі аперацыю, але выратаваць яго не ўдалося.

13 лістапада ў храмах Мінска пройдуць паніхіды па загінулым. А сябра прэзідыўма Каардынацыйнай рады Павел Латушка заклікаў зладзіць у Беларусі хвіліну маўчання ў памяць па Раману Бандарэнку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі