"Усё працуе ў штатным рэжыме!": рэакцыя кіраўніцтва заводаў, якія (не) бастуюць

"Беларуськалій" / архіўнае фота Еўрарадыё
"Беларуськалій" / архіўнае фота Еўрарадыё

Раніца 26 кастрычніка пачалася з забастовак на прадпрыемствах. З розных куткоў Беларусі сталі прыходзіць паведамленні пра рабочых, якія падтрымалі Нацыянальную забастоўку, абвешчаную Святланай Ціханоўскай. На фота і відэа можна ўбачыць забастоўшчыкаў на МАЗе, МТЗ, МЗКЦ, "Атланце", "Гродна Азоце" і іншых прадпрыемствах.

Аднак кіраўніцтва прадпрыемстваў адчайна спрабуе не заўважаць забастоўкі.

Гродна Азот: "Тэхпрацэсы ідуць у штатным рэжыме"

У канцэрне "Белнафтахім" заявілі, што на "Гродна Азоце" няма забастоўкі.

"Завод працуе, тэхпрацэсы [ідуць] у штатным рэжыме",заявіў БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка. Паводле яго інфармацыі, раніцай група са 100 чалавек спрабавала заблакаваць уваход рабочых на змену, але большасць з іх да прадпрыемства не мае дачынення.

МТЗ: "Ёсць рабочыя з рознымі пунктамі гледжання, гэта нармальна"

На МТЗ кажуць, што завод працуе ў штатным рэжыме.

"Ранішняя змена пачалася, як звычайна, а сёмай, людзі прыйшлі на рабочыя месцы, прадпрыемства працуе, ні адзін цэх не закрыты",паведамілі "Спутнику" ў адміністрацыі прадпрыемства.

Кіраўніцтва ў курсе таго, што на заводзе "ёсць рабочыя з рознымі пунктамі гледжання, гэта нармальна".

"Пакуль гаварыць пра тое, што здарылася нейкая нестандартная сітуацыя на прадпрыемстве, няма ніякіх падстаў. Прынамсі, ніводнага чалавека на вуліцы, каля прахадной няма", — каментуюць сітуацыю на МТЗ.

МАЗ: "Усе працуюць"

"Галоўная прахадная МАЗа: і тут нікога — усе працуюць!" — паведамляе ў сваім ТГ-канале АНТ. У якасці доказу — кадры, зробленыя каля прахадной звонку завода.

Між тым прыкладна аб 11:00 з адваротнага боку прахадной, дзе, па запэўненнях дзяржаўных журналістаў, "нікога", паміж рабочымі-забастоўшчыкамі і намеснікам генеральнага дырэктара Сяргеем Еўтухоўскім адбыўся такі дыялог:

— Я за грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. І з аднаго боку, і з другога. Я за Беларусь, — кажа Еўтухоўскі.

— Дык мы за каго? — абураюцца забастоўшчыкі.

— А я не ведаю.

— А я за праўду. Я за сумленнае, законнае, таму падтрымлівайце нас, калі ласка. І дзе нашы патрабаванні, якія мы выставілі? [гаворка ідзе пра патрабаванні, якія рабочыя МАЗа выстаўлялі ў жніўні. — Еўрарадыё]

— Каму вы выставілі? Вашы патрабаванні былі перададзеныя па прызначэнні.

— І дзе адказ?

— Вам жа адказ далі ў сродках масавай інфармацыі.

— ...як забівалі, так і забіваюць.

 

МЗКЦ: цішыня і спакой

АНТ таксама падзялілася відэа з пустой прахадной каля завода МЗКЦ: "Цішыня і спакой. Завод працуе ў штатным рэжыме".​

БелАЗ: усе рабочыя на месцах

"На нашым прадпрыемстве ўсё ў працоўным рэжыме. Усе знаходзяцца на сваіх рабочых месцах, ніякіх нюансаў па гэтым пытанні няма", заявілі РІА Новости ў прэс-службе БелАЗ.

Магілёў жыве звычайным жыццём. Як і калектыў "Магілёўдрэва"

“Всё работает в штатном режиме!”: реакция руководства (не)бастующих заводов
Работніца "Магілёўдрэва", якая жыве звычайным жыццём / БЕЛТА

"Магілёў жыве звычайным жыццём, гараджане з раніцы на рабочых месцах і робяць сваю справу, у тым ліку калектыў ААТ "Магілёўдрэў", рапартуе ў "Тэлеграме" БЕЛТА.

Па словах старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрыя Мудрагелава, людзі разумеюць, што сваю працу трэба выконваць:

"На прыкладзе краін, у якіх уводзілі каранцін, мы бачым, што людзі хочуць працаваць, а вымушаныя спыненні вытворчасцяў прыводзяць да фінансавых страт як для прадпрыемстваў, так і для сем'яў работнікаў. І нашы людзі гэта разумеюць".

Прэс-служба ўрада: "Усе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме"

Усе прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі Беларусі працуюць у штатным рэжыме. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада:

"Па стане на 10:00 26 кастрычніка ўсе прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі рэспублікі працуюць у штатным рэжыме. Вытворчасці не спыненыя, як гэта падаюць асобныя тэлеграм-каналы".

Як прэс-служба ўрада паспела за раніцу аб'ездзіць усе прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі, загадка.

Крыху пазней АНТ у сваім канале вырашыла не перанапружвацца з фота і відэа пустых прахадных і проста апублікавала спіс прадпрыемстваў, якія нібыта працягваюць працаваць:

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі