Уся справа ў коўдры

Адзінства, якога дэмакраты Беларусі дасягнулі падчас мінулагодняй прэзідэнцкай кампаніі, не вытрывала выпрабавання часам. 14 лютага Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сіл, накіраваў дэмакратычнай грамадскасці Беларусі зварот, у якім канстатаваў адсутнасць кансалідацыі дэмсіл. Аляксандр Мілінкевіч:“Лідэры вялікіх партый сказалі, што на гэтым этапе лідэр агульнай кааліцыі не патрэбен; што кожная партыя будзе дбаць пра свайго лідэра і “раскручваць” яго, і развіваць свае структуры.

Яны маюць права на такую думку, але я лічу, што для беларускай бэмакратыі гэта шкодная пазіцыя абсалютна. Толькі адным кулаком можна выйграваць”.


Палітык адмовіўся ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сіл, які меўся адбыцца ў сакавіку, праз тое, што ён “прывядзе толькі да раз’яднання дэмакратычных сілаў”. Гэты ўчынак атрымаў супярэчлівыя ацэнкі: ад “памылковага” да “першага рашучага пасля выбараў”.


Аднак у адным з Мілінкевічам нельга не пагадзіцца: рух, створаны дэмакратамі перад выбарамі дзеля дасягнення канкрэтнай мэты, патрабуе структурнай канверсіі, якая дазволіла б яму працаваць у “мірны” час. Праўда, кожны хоча накіраваць дэмакратычную плынь у свой бок.


Палітык Аляксей Кароль выступае за дэцэнтралізацыю: коўдру перастаюць цягнуць, рэжуць на ласкуты і, за адсутнасцю агульнага агульнага лідэра, разбіраюць па сваіх норках.


Аляксей Кароль:“Выходзіць з афіцыйнай вертыкаллю сам-насам наўрад ці мэтазгодна: у прынцыпе, вертыкаль на вертыкаль не ёсць сродкам і матывацыяй для барацьбы.


Досвед паказвае, што мадэль, накіраваная на дэцэнтралізацыю, мадэль пад сцэнар дзеянняў, пад праграму нашмат больш эфектыўная і маральная”.


Кіраваць такім рухам дэмакраты планавалі па чарзе. Летні варыянт: пакуль нехта адзін накрываўся б коўдрай, астатнія мерзлі б. Працягвае Аляксей Кароль:


Аляксей Кароль: “Напачатку прапаноўваўся прынцып ратацыі старшыні? але, наколькі я ведаю, прапаноўвалася Мілінкевічу і іншая формула — сустаршынства, і за ім — функцыя міжнароднага прадстаўніцтва, своеасаблівага Хаўера Саланы беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Аднак і гэта ён не ўспрыняў”.


Такі варыянт развіцця падзей нагадваў бы прызначэнне Пятра Краўчанкі беларускім амбасадарам у Японіі ці Сяргея Лінга —– прадстаўніком Беларусі пры ААН. Безумоўна, “прыемная высылка” Аляксандра Мілінкевіча за кардон прывяла б да яго палітычнай смерці на Радзіме.


Таму не дзіўна, што ён не ўзяў гэтую “падачку”, упадабаўшы застацца лідэрам — тут і зараз, але — без уласнага палітычнага руху. Праўда, палітык упэўнены ў тым, што ў яго шмат аднадумцаў і ўсім ім знойдзецца месца пад коўдрай.


Аляксандр Мілінкевіч: “Абсалютная большасць людзей у рэгіёнах, незалежна ад партый, не падзяляюць думку сваіх лідэраў. Яны лічылі і лічаць, што працаваць трэба разам — толькі так мы прадстаўляем сабой сілу.


Мне камуністы казалі, казулінцы, агэпэшнікі, бэнээфаўцы — усе казалі: “Што вы там робіце, чаму вы развальваеце тое, чаго мы дасягнулі — аб’яднанне?”


Тут прынцыповы падыход: я лічу, што і штаб адзіны патрэбен, і лідэр, і праграма. Калі іншыя лідэры так не хочуць, я буду аб’ядноўваць тыя сілы, якія хочуць працаваць разам”.


Беспартыйны Аляксандр Мілінкевіч збіраецца весці партыйных актывістаў у адзін бок, а партыі — у іншы, кожная ў свой. Шкада бедных людзей: і так ім нялёгка, а тут яшчэ шызафрэнія на палітычнай глебе…


Праўда, падваенне палітычнай асобы пагражае не ўсім, хто пойдзе за Мілінкевічам: падтрымаць рашэнне палітыка вырашылі партыі Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Навасяда, а таксама актывісты “Маладога фронту”.


Чым скончыцца гэтае перацягванне коўдры — здаецца, самае масавае ў гісторыі беларускіх дэмакратычных сіл — гадаць бессэнсоўна.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі