"Урачы кажуць: як гэта ліквідатары так доўга жывуць — павінны ўжо памерці"

Анатоль Бялько з Чэрыкава — чалавек унікальны. За свае 75 год ён быў ў канцлагеры, потым на службе ў Сяміпалацінску выпрабоўваў атамную зброю, а пасля і ў Чарнобылі на ліквідацыі аварыі.
 
"Што гаварылі, то мы і рабілі. Мы пешкі былі. Сродкаў абароны ў нас не было. Звычайны процівагаз, камбінезон і будзь здаровы. Адпрацуеш — тады дэзактывацыя, абдзьмухвалі, не ведаю, ці мылі потым гэтую вопратку. А высокапастаўленыя людзі як касманаўты, хадзілі: колба, усё абароненае ў іх, можа нават і сувязь была".
 
Большасць напарнікаў Анатоля ўжо пайшлі з жыцця: бо, кажа, працаваць у процівагазе было цяжка, здымалі яго, форткі адчынялі ў машыне, самі сябе не бераглі.
 
Мала хто ведае, што спачатку ў рэактар запускалі машыны-робаты, але яны перасталі працаваць — і туды накіравалі людзей.
 
"Першы час, каб там не было людзей, там былі радыёкіраваны бульдозер і экскаватары, але чамусьці яны не пайшлі. Некалькі хвілін пакруціліся — і сталі".
 
 
У самім Чарнобылі не было людзей, вёскі апусцелі. Анатоль Бялько прыгадвае, што калі была паніка, усе беглі хто куды. Людзі нават пакідалі прывязаных сабак, якіх потым адвязвалі спецыяльныя групы.
 
Сам будынак, дзе адбыўся выбух, быў развалены, там прабіла дах і абрынула сцены. Усё прыбіралі ліквідатары. Яны ж здымалі грунт і капалі магільнік — яміну 54 метры глыбінёй. Працавалі 6 чалавек па 4 гадзіны. Пасля змены верталётам адвозілі пад Кіеў адпачываць.
 
"Там жа і дактары былі: ну, паслухаюць, туды-сюды. Давалі сто грам гарэлкі, з нейкімі лекамі, а мне яна не пайшла. А іншыя пілі і ўжо даўно Богу душу аддалі".
 
Шмат чаго рабілі салдаты, але на кваліфікаваныя працы адбіралі самых лепшых.
 
"Я трактар рамантаваў — бачу чатыры чыстыя боты. Прыйшлі, кажуць: краіна ў небяспецы, трэба дапамога. А якая дапамога — незразумела".
 
Бралі туды не ўсіх без разбору. Анатоль быў членам партыі, стажу машыніста-экскаватаршчыка меў 30 год. Уся аперацыя знаходзілася пад таямніцай доўгі час.
 
"Калі дадому ехалі, кэдэбісты патрабавалі падпіску аб невыдаванні таямніцы. А што ж я дома скажу, калі мяне спытаюць: дзе ж ты, бацька, столькі быў?. Ну, хочаш 10 год — атрымаеш 10 год".
 
Адслужыўшы ў марской авіяцыі, Анатоль лёгка мог на кожнай назе прысесці па 50 разоў. Пасля Чарнобыля 10 год праблем са здароўем не было, а потым пачаў "сыпацца". Косці ламае — спаць немагчыма. Анатоль паказаў свае швы — стала страшна: аперыравалі яго ўжо разоў 7. Тады абяцалі, што ўсе ліквідатары будуць пад наглядам, а цяпер, кажа Анатоль Бялько, чарнобыльцы нікому не патрэбныя.
 
"Колькі год ужо мінула. Адзін раз тэрапеўт прыязджаў, ціск памераў і выпісаў мне таблеткі, каб даўжэй спаў. Лекаў не было, совалі заменнікі, лячылі, пакуль гангрэну нажылі. Тры разы па кавалку рэзалі нагу. Урачы кажуць: як гэта так ліквідатары так доўга жывуць — павінны былі ўжо памерці. Зараз жа пазбавілі льгот, пенсія вялікая, але яна ідзе на нятанныя лекі”.
 
 
 
 
Фота Сямёна Панізоўцава і з інтэрнэту

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі