Уладзімір Кулікоў: На працягу месяца лабараторыю бацькі правяраў АБЭЗ

У сталічнай міліцыі пакуль не паведамляюць прычыны затрымання ў панядзелак былога патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Івана Кулікова. Нагадаем, Іван Кулікоў балатаваўся на пасаду прэзідэнта, але на этапе збору подпісаў зняў сваю кандыдатуру. Ён працуе ў інстытуце "Сосны" кіраўніком лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак.


Сын Івана Кулікова Уладзімір, які знаходзіцца ў Беларусі, пракаментаваў Еўрарадыё сітуацыю і выказаў свае меркаванні, што ж было прычынай затрымання бацькі.


Еўрарадыё: Распавядзіце, як вы даведаліся пра тое, што адбываецца ў Мінску? Якія былі абставіны затрымання вашага бацькі?


Уладзімір Кулікоў: Патэлефанаваў дадому даведацца пра здароўе бацькі, які жыве з маім малодшым братам і сястрой. Слухаўку ўзяла мая сястра, і яна паведаміла, што ля дзвярэй знаходзяцца людзі з ордэрам на вобыск і яна вымушаная ім адчыніць. А за некалькі хвілінаў да гэтага ёй тэлефанаваў тата з інфармацыяй пра тое, што яго затрымалі і ён знаходзіцца ў УУС Заводскага раёна Мінска ў следчага. Пасля гэтага ён слухаўку паклаў: я так разумею, далей ён размаўляў са следчым.


Еўрарадыё: Скажыце, у які час гэта ўсё адбылося?


Уладзімір Кулікоў: Гэта было пры канцы працоўнага дня, я так разумею, што яго затрымалі на працоўным месцы, даўшы магчымасць зрабіць адно тэлефанаванне.


Еўрарадыё: Атрымліваецца, што паралельна было яго затрыманне і вобыск?


Уладзімір Кулікоў: Я думаю, што прыкладна так. Гэтыя дзве падзеі былі вельмі блізкія адна да адной.


Еўрарадыё: Як вы мяркуеце, з чым гэта звязана? Ці ёсць сувязь затрымання з удзелам вашага бацькі ў прэзідэнцкай кампаніі?

Уладзімір Кулікоў: Натуральна, у большасці кандыдатаў у прэзідэнты, якія збіралі подпісы, не было ілюзій наконт таго, хто пераможа. У большасці людзей, як і ў майго бацькі, гэта быў своеасаблівы пратэст супраць існуючай улады.


Мой бацька — чалавек навукі. Досыць буйны навуковец. Яго імя ведаюць у шмат якіх краінах. Ён рэгулярна наведваў ЗША, Карэю, Японію, дзе чытаў лекцыі па праблемах ядзернай энергетыкі. Ён таксама браў удзел у розных канферэнцыях. Чалавек займаўся навукай. Ён — доктар, прафесар. І выбаршчык бачыць, што ў спісах ёсць людзі — не толькі прадстаўнікі палітычных партый, якія прадстаўляюць пэўную частку электарата, але ёсць людзі навукі. У людзей ствараецца меркаванне, што людзі, якія выступаюць супраць дзейснага прэзідэнта, гэта не толькі пэўная жменька апазіцыянераў, як кажуць дзяржаўныя СМІ, а гэта шырокія слаі насельніцтва.


Складаецца меркаванне, што колькасць людзей, якія выступаюць супраць прэзідэнта, гэта не толькі апазіцыянеры, але і навукоўцы. Мой бацька выступаў ад імя людзей навукі, якія жывуць на параўнальна невялікі заробак, чые правы  парушаюцца. Шмат чаго ён мог распавесці, але, на жаль, не змог сабраць неабходнай колькасці подпісаў. Гэта было аб'ектыўна, у яго не было вялікай каманды.


Бацька выступаў за вяртанне да старой Канстытуцыі, за супрацоўніцтва з Захадам і Расіяй, ён шмат казаў пра праблемы атамнай энергетыкі. Гэтая праблема, на жаль, актуальная для нашай краіны, і ён у гэтым разбіраецца.


Еўрарадыё: Наколькі, на вашую думку, ягонае затрыманне звязанае з выбарамі?

Уладзімір Кулікоў: Я не сумняваўся, што нейкія наступствы будуць. Рэч у тым, што чалавек, які працуе ў дзяржаўнай установе і ідзе супраць волі свайго кіраўніцтва, у гэтым выпадку — супраць кіраўніцтва інстытута, ён вельмі моцна рызыкуе. Я не кажу, што прэзідэнт краіны асабіста даў загад наконт затрымання майго таты. Я думаю, што сітуацыя была досыць простая. Далі каманду з нейкага боку пра тое, каб правесці масавую праверку таго, чым ён займаўся, а ён узначальваў лабараторыю.
На працягу месяца іх правяраў АБЭЗ. Досыць шмат было людзей, якія прыходзілі, цікавіліся ў іншых супрацоўнікаў, як працуе лабараторыя. У рэшце рэшт, я так разумею, штосьці "накапалі", і на гэтай падставе чалавека арыштавалі.


Я думаю, што следства зараз разбіраецца. у чым менавіта ён вінаваты. Абвінавачванне пакуль не выставілі. Мы чакаем. Уся нашая сям'я вельмі засмучаная. Мы заўсёды ўспрымалі нашага тату як аднаго з самых сумленных і прыстойных людзей. Мы людзі небагатыя. Калі яго абвінавацяць у нейкіх эканамічных злачынствах, гэта будзе абсурдна.


Ён пэўны час працаваў у Камітэце дзяржаўнага кантролю. Фактычна ён працаваў на вялікай дзяржаўнай пасадзе. Ён намагаўся ўлезці "не ў свае справы". Яму патлумачылі, што лепей сысці, і ён быў вымушаны звольніцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі