Улад Вялічка: У сітуацыі канфлікту варта вярнуцца да пытання адмены візаў

Нагадаем, што ўдзельнікі Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства" распаўсюдзілі спецыяльны зварот, у якім заклікалі ЕС і Беларусь устрымацца ад прынцыпу “вока за вока”. 

У ім гаворыцца, што, каб спыніць канфлікт, Беларусь павінна вызваліць палітычных вязняў і пачаць перамоўны працэс унутры краіны. Еўрасаюзу варта адмяніць консульскія зборы за візы для грамадзян Беларусі і трымацца паслядоўнай палітыкі, а не толькі рэагаваць на дзеянні беларускіх уладаў. Такія захады абодвух бакоў падпісанты звароту лічаць найбольш мэтазгоднымі ў сённяшніх умовах. Сярод тых, хто падпісаў зварот, — Уладзімір Мацкевіч, Сяргей Лісічонак, Уладзіслаў Вялічка, Алена Танкачова, Вольга Стужынская, Ірына Сухій.

120305 Vialichka s.mp3

Еўрарадыё: Ці сапраўды пасля звароту краіны ЕС могуць адмяніць платы за шэнгенскія візы?

Улад Вялічка: Вядома, што прапанова адмяніць платы за шэнгенскія візы — не першая. Яна робіцца ў межах пэўнай сітуацыі — сітуацыі дыпламатычнага канфлікту. Таму я думаю, што варта ізноў вярнуцца да гэтага пытання і прапанаваць Еўрасаюзу паглядзець на гэты крок праз прызму канфлікту, які так ці інакш звязвае Беларусь і Еўрапейскі саюз сёння. І думаю, калі б Еўрасаюз мог пайсці на тое, каб адмяніць ў аднабаковым парадку консульскія зборы, гэта было б моцным крокам у падтрымку звычайных беларускіх грамадзянаў. Гэта падкрэсліла б яшчэ раз, што ніякай варожасці да грамадзянаў Беларусі ў Еўрапейскага саюза няма. 

Еўрарадыё: Да каго непасрэдна скіраваны зварот устрымацца ад прынцыпу “вока за вока”?

Улад Вялічка: Да абодвух бакоў. Гэта не значыць, што ацэнка сітуацыі, ацэнка канфлікту падзяляе адказнасць напалову. Мы заўважаем, што перш за ўсё канфлікт ініцыяваны беларускім бокам, але зварот адрасаваны і беларускім уладам — рабіць канкрэтныя крокі, якія б маглі сведчыць пра гатоўнасць да размовы з Еўропай. На сённяшні момант такіх крокаў не зроблена, і гэты дыпламатычны скандал яшчэ больш аддаляе нас ад Еўропы. Таксама зварот адрасаваны і Еўрапейскаму саюзу, які павінен разумець сваю адказнасць у стасунках з беларускім урадам. 

Еўрарадыё: Складваецца ўражанне, што вы выступаеце супраць увядзення нейкіх санкцый… Што вы прапануеце рабіць Еўрапейскаму саюзу, калі палітычныя вязні не выпушчаныя на волю?

Улад Вялічка: Калі палітвязні не выпушчаныя на волю, то гэтае пытанне не здымаецца з парадку дня і застаецца адным з самых прынцыповых у беларуска-еўрапейскіх адносінах. Але мы павінны разумець, што адносіны Еўрасаюза з Беларуссю — гэта не толькі адносіны Еўрасаюза з беларускімі ўладамі. На нашае шчасце, Беларусь больш разнастайная. Таму Еўрасаюз павінен клапаціцца, якім чынам настроеныя звычайныя грамадзяне ў дачыненні да ЕС. Думаю, пра гэта — ідэя з адменай консульскіх збораў за візы. Гэта не здымае таго парадку дня, што існуе. Мы падкрэсліваем, што пытанне палітычных вязняў і іх вызваленне — гэта адно з найбольш прынцыповых пытанняў на шляху аднаўлення стасункаў.

Еўрарадыё: Якой рэакцыі вы чакаеце з боку Еўрасаюза і беларускіх уладаў?

Улад Вялічка: З боку еўрапейскіх краінаў мы чакаем разумення. Я думаю, што для Еўропы вельмі важнае атрыманне пэўнай зваротнай сувязі на тыя крокі, што робіць Еўрапейскі саюз. І менавіта гэта мае на мэце дадзеная заява. Мы хочам, каб Еўрапейскі саюз разумеў, як мы ацэньваем крокі, як мы ставімся да палітыкі, якую праводзіць Еўрасаюз і г. д. Што ж да беларускіх уладаў — цяжка сказаць нешта канкрэтнае, таму што дагэтуль яны выбіралі тактыку ігнаравання такога кшталту пазіцыяў. Але мы не думаем, што яны гэтага не чуюць. Для нас важна, каб не толькі беларускі ўрад, але і беларускае грамадства ведала, як арганізацыі грамадзянскай супольнасці ацэньваюць гэтую сітуацыю. 

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да таго, што саміт "Усходняга партнёрства" пройдзе без Беларусі?

Улад Вялічка: Вядома, што калі краіна з нейкіх прычынаў не ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах, то гэта дрэнна. Гэта выключае нас з еўрапейскай арбіты, гэта не дае нам дастатковага імпульсу для еўрапеізацыі. Гэта факт, але нам трэба разбірацца з прычынамі. Адказнасць за ўсе рашэнні такога кшталту знаходзіцца ў Беларусі. Усе праблемы з "Усходнім партнёрствам", якія ёсць сёння ў Беларусі, — гэта праблемы недальнабачнасці ў беларуска-еўрапейскіх стасунках з боку Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі