Украінскі амбасадар: Мы не асцерагаемся Беларусі, хоць яна і саюзнік Расіі

“Глядзіш сюжэты з Украіны па расійскіх каналах —  за валер’янку хапаешся”, — скардзіцца падчас брыфінгу амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль. І менавіта жаданнем расказаць праўду тлумачыць сустрэчу з беларускімі журналістамі. Паводле яго слоў, новаабраная ўлада ў Кіеве цалкам легітымная і дыпламаты, якія прадстаўляюць Украіну за мяжой, яе падтрымліваюць. Чаго не скажаш пра новую ўладу ў Крыме. Яе дзеянні амбасадар называе антыдзяржаўнымі.


Міхаіл Ежэль: “Калі б кіраўнік якой-небудзь аўтаноміі Расійскай Федэрацыі раптам завіў пра тое, што ён падпарадкоўвае сабе Узброеныя сілы і ўсё іншыя сілавыя структуры, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі — я ўяўляю сабе рэакцыю Расійскай Федэрацыі. А яшчэ — калі б ён папрасіў дапамогі ў каго-небудзь”.


Што ж да Расіі, то яна, сцвярджае дыпламат, яшчэ з канца лютага пачала праводзіць “актыўныя дзеянні, накіраваныя на дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне” і адначасова — у Крамлі пачалі рыхтаваць ваенную інтэрвенцыю Крыма. Дзеянні расійскіх вайскоўцаў абураюць былога міністра абароны Украіны.


Міхаіл Ежэль: “Падраздзяленні Узброеных сіл Расіі ўзялі актыўны ўдзел у блакаванні і захопе дарог, аэрадромаў “Сімферопаль”, “Бельбек”, “Кіраўскае” і іншых стратэгічных аб’ектаў. Зрабілі перашкоды для тэлефоннай і радыёсувязі, блакуюць і спрабуюць захапіць вайсковыя часткі і гарадкі Узброеных і Ваенна-марскіх сіл Украіны, Памежнай службы”.


Дыпламат упэўнівае, што зараз украінскія дыпламаты робяць усё магчымае для таго, каб дамагчыся ад Расіі спынення правакацыйных дзеянняў у Крыме. Але Расія не толькі адмовілася ад прапанаваных Украінай двухбаковых кансультацый па вырашэнні “спрэчных пытанняў”, але і ўнесла ў Дзярждуму закон “Аб прыняцці ў Расійскую Федэрацыю і ўтварэнні ў яе складзе новага суб’екту РФ”.


Міхаіл Ежэль: “Па сутнасці, размова ідзе па падрыхтоўцы магчымай анексіі Расіяй часткі тэрыторыі Украіны.”


Цяпер Украіна спадзяецца на тое, што расійскія ўлады прыслухаюцца да міжнароднай супольнасці і адмовяцца ад сваіх планаў адносна Крыма.


Міхаіл Ежэль упэўнівае, што насуперак інфармацыі расійскіх СМІ ніякіх “бандэраўскіх” правакацый ў Крыме і ўсходніх абласцях Украіны не было і не планавалася.


Міхаіл Ежэль: “Увогуле, цікавая рэч атрымліваецца: калі чалавек любіць сваю радзіму ў Расіі, то ён патрыёт, а калі ва Украіне — "бандэравец". Шчыра кажучы, ім там трэба было б вывучыць, хто такі Бандэра і за што ён ваяваў”.


Што тычыцца Беларусі, то ўкраінскі дыпламат выказвае ўпэўненасць: з нашага боку “падлянкі” Кіеў не чакае.


Міхаіл Ежэль: “Нам не трэба асцерагацца Беларусі, нягледзячы на тое, што Беларусь і Расія — Саюзная дзяржава. Я не ўяўляю, каб Беларусь выставіла тэрытарыяльныя прэтэнзіі Украіне ці якія іншыя. А розныя там “малочныя” войны — гэта жыццё”.


Адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра ўзровень дыпламатычных і палітычных кантактаў новага кіраўніцтва Украіны з афіцыйным Мінскам, украінскі дыпламат заўважае: яны працуюць толькі тыдзень, і да наладжвання кантактаў з Мінскам рукі не дайшлі. Але яшчэ ў гэтым месяцы адбудзецца сустрэча ўкраінска-беларускай міжурадавай камісіі. Кантакты пачнуць аднаўляцца і ўсталёўвацца.


Асобна Міхаіл Ежэль адзначае, што на мяжы з Расіяй і Беларуссю не стаяць тысячы ўкраінскіх уцекачоў, якія шукаюць паратунку ў суседніх краінах, як сцвярджаюць расійскія СМІ. Паводле дыпламата, за апошні час ніводны ўкраінец не звярнуўся ў амбасаду па дапамогу ў атрыманні прытулку ці працы ў Беларусі.

Фота і відэа Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі