Украінцы затрымалі маёра расійскай арміі з грузавіком боепрыпасаў (відэа)

Украінскія памежнікі затрымалі маёра расійскай арміі з грузавіком боепрыпасаў. Здарэнне адбылося позна ўвечары 25 ліпеня на кантрольным пункце "Березове" ў Данецкай вобласці. У "КАМАЗе", запоўненым скрынямі з вялікай колькасцю патронаў розных калібраў, гранатамі Ф-1, ехалі два чалавекі ў вайсковай форме — згаданы расійскі афіцэр і баявік, які належыць да незаконных узброеных фармаванняў так званай "ДНР". Іх затрымалі, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

Грузавік прыехаў з тэрыторыі, якую кантралююць баевікі. Як можна меркаваць, маёр і прадстаўнік "ДНР" згубілі арыентацыю і памылкова заехалі на кантрольны пункт, які кантралююць украінскія сілавікі. У абодвух затрыманых пры сабе былі дакументы (гл. фота). На месца тэрмінова выехалі прадстаўнікі Службы бяспекі Украіны, Міністэрства ўнутраных спраў.

Нагадаем, Расія дагэтуль адмаўляе, што на Данбасе ваявалі і працягваюць знаходзіцца дзейныя расійскія вайскоўцы. Апошняе гучнае затрыманне расіян адбылося ў траўні 2015-га, калі ў адным з баёў украінцы ўзялі ў палон сяржанта Аляксандра Аляксандрава і афіцэра Яўгена Ерафеева. Расійскі бок заявіў, што гэтыя вайскоўцы раней звольніліся ў запас. Палонныя гэта адмаўляюць.

Фота: dpsu.gov.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі