У Віцебску асудзілі банду гвалтаўнікоў і забойцаў

У Віцебску асудзілі банду гвалтаўнікоў і забойцаў

7 лютага Віцебскі абласны суд абвясціў прысуд бандзе гвалтаўнікоў, якая дзейнічала ў Полацку і Наваполацку з 1999 года, піша tut.by

Чацвёра мужчын апойвалі жанчын алкаголем з дадаткам псіхатропаў, а потым гвалтавалі. Закрытыя слуханні справы ішлі больш за паўгода — з траўня 2018-га. Агулам у справе фігуруе 46 эпізодаў: згвалтаванні, забойства, разбой, выкраданне чалавека, хуліганства. У верасні 2012 года памерла адна з ахвяраў гвалтаўнікоў — непаўналетняя дзяўчына. Яе цела закапалі ў пясчаным кар'еры ў Полацкім раёне.

Спярша праваахоўнікі затрымалі 52-гадовага Аляксандра Апеньку, якога лічаць верхаводам банды, — гэта адбылося напрыканцы 2016 года. Потым былі выяўленыя яшчэ тры ўдзельнікі групоўкі.

Апеньку і 35-гадовага Івана Серпуця абвінавацілі ў забойстве, учыненым групай асоб, звязаным з згвалтаваннем. У выкраданні чалавека, якое прывяло да смерці чалавека, абвінавацілі Апеньку і 37-гадовага Дзмітрыя Дзермянжы. Чацвёртага ўдзельніка, 52-гадовага Анатоля Панфілава, абвінавацілі ў сексуальным гвалце, разбоі ды хуліганстве.

Суд прысудзіў усім розныя тэрміны пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму: Апеньку — 22 гады, Дзермянжы — 12 гадоў, Серпуцю — 15 гадоў, Панфілаву — 3,5 года. Таксама яны павінныя кампенсаваць пацярпелым маральную шкоду на агульную суму каля 100 тысяч рублёў. З іх 30 тысяч рублёў павінная атрымаць маці памерлай дзяўчыны.

Адвакаты заявілі аб празмерна жорсткім прысудзе, абвінавачанне — аб празмерна мяккім. Абодва бакі плануюць абскарджваць прысуд. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі