Увесну 2018 года Расія можа паставіць памежныя пасты на мяжы з Беларуссю

Увесну 2018 года Расія можа паставіць памежныя пасты на мяжы з Беларуссю

У 2018 годзе на мяжы Расіі з Беларуссю могуць з'явіцца часовыя памежныя пасты. Пра гэта заявіў першы намеснік кіраўніка МУС Расіі Аляксандр Гаравы на пасяджэнні Савета Федэрацыі, перадае РБК. Ён паабяцаў "дастаткова жорстка працаваць" з траўня. 

Увядзенне памежных пастоў ён патлумачыў тым, што расійскія ўлады турбуюцца за адкрытую мяжу пры тым, што беларускія ўлады зрабілі бязвізавы ўезд для грамадзянаў 80 краін свету. Гаравы патлумачыў, што часовыя памежныя пасты з'явяцца ў сувязі з чэмпіянатам свету па футболе, які пройдзе ў Расіі ў чэрвені 2018 года, удакладняе "Коммерсант".

"Калі мы не ўніфікуем міграцыйнае заканадаўства і не пяройдзем на адзіную міграцыйную карту да сакавіка, урадам РФ папярэдне прапрацавана пытанне аб увядзенні часовых памежных пастоў як на аўтатрасе, так і на чыгунцы без прыпынку пасажырскіх цягнікоў", — патлумачыў Гаравы.

Таксама ён заявіў, што Беларусь як транзітную краіну выкарыстоўваюць людзі, якіх шукаюць расійскія праваахоўнікі ў сувязі з падазронымі паездкамі ў Сірыю. "Яны сёння вяртаюцца ў Кіеў, едуць па дарозе, дзе таксама мяжа адкрыта, затым па Смаленскай трасе да нас", — заявіў прадстаўнік МУС Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі